Выбрать главу

1772 - на захопленых Расеяй па Першым падзеле землях Беларусі скасаваныя Віцебскае, Інфлянцкае, Мсціслаўскае і Полацкае ваяводствы. Ператвораны ў Магілеўскую і Пскоўскую губерні.

1773 - скасаванне булай папы рымкага Клімента XIV ордэна езуітаў. У ВКЛ маёмасць ордэна па прапанове канцлера І.Храптовіча перададзена Адукацыйнай камісіі. На землях, што захапіла Расея па Першым падзеле, ордэн рашэннем імператрыцы Кацярыны захаваны.

1773 - наваградскі дэпутат Тадэвуш Рэйтан заклікаў сойм у Варшаве не прызнаваць Першы падзел краіны, здзейснены драпежнымі суседзямі. Падкупленая магнатэрыя не ўхваліла супраціўлення захопнікам. Узрушаны здрадай і бедствамі забранага краю Рэйтан неўзабаве ў сваём маёнтку Грушаўка пад Ляхавічамі скончыў жыццё, пусціўшы сабе кулю ў скронь.

1775 - утварэнне ў расейскім войску Беларускага палка, камплектаванага з беларусаў забранай Расеяй тэрыторыі.

1776 - пазбаўленне на загад расейскай імператрыцы магдэбургскага права (самакіравання) гарадоў і мястэчак на далучанай да Расеі беларускай тэрыторыі.

1776 - 18 кастрычніка, капітан Тадэвуш Касцюшка пачынае службу ў амерыканскай рэспубліканскай арміі. Удзельнічаў у абароне ад ангельцаў Філадэльфіі, у пераможнай бітве каля Саратогі, праектаваў і будаваў самую моцную крэпасць тагачаснай Амерыкі - Вест-Пойнт на Гудзоне (тут Касцюшку пастаўлены помнік), у арміі генерала Грына забяспечваў сапёрныя работы пад час 1500-кіламетровага рэйду па поўдні. Скончыў вайну ўдзелам у апошняй яе бітве за Чарльстон. 13 кастрычніка 1783 года Кангрэс надаў Касцюшку чын брыгаднага генерала.

1778 - на захопленых Расеяй землях Магілеўшчыны Кацярына II падаравала свайму адстаўному фаварыту С.Зорычу мястэчка Шклоў з наваколлямі і прыгоннымі сялянамі для эксплуатацыі.

1780 - жнівень, паноўныя захопы расейскімі войскамі старавераў на Гомельшчыне. Усіх выводзілі ў Забайкалье на Нерчынскія ды Калывана-Васкрасенскія заводы.

1788 - 18 снежня, удзел беларускіх салдат, узятых у расейскае войска, у штурме і ўзяцці турэцкай крэпасці Ачакаў.

1789 - ліпень, удзел Беларускага егерскага корпуса (3.000 чалавек) ў аблозе Бендэраў (корпус камплектаваўся рэкрутамі з новадалучаных да Расеі Полацкай і Магілеўскай губерняў).

1789 - 22 верасня, удзел беларускіх салдат у пераможнай бітве злучанага расейска-аўстрыйскага войска з туркамі пад Факшанамі каля Рымнікаў.

1790 - 23 снежня, удзел беларускіх салдат (Беларускі егерскі корпус, Полацкі полк) ва ўзяцці штурмам турэцкай крэпасці Ізмаіл (пры штурме загінула 2 тысячы і было паранена 9 тысяч салдат; туркі страцілі 26 тысяч забітымі).

1791 - 3 траўня, прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якая мусіла вывесці дзяржаву з палітычнай занядбаласці і залежнасці ад суседзяў. Менавіта гэта выклікала новую агрэсію Расеі.

1792 - стварэнне Таргавіцкай канфедэрацыі магнатаў і шляхты, арыентаванай на падпарадкаванне Расеі. Імператрыца Кацярына II прыслала на дапамогу здраднікам дзве расейскія арміі, якія сілай прывялі таргавічанаў да ўлады.

1792 - расейскія войскі занялі Бабруйск, Нясвіж, Наваградак, Слонім, Браслаў, Ушачы, Горадню.

1792 - 19 траўня, бітва беларускіх харугваў з расейскімі захопнікамі каля Міра.

1792 - ліпень, бітвы шляхецкіх харугваў з расейцамі пад Зэльвай, Мсцібавым, Берасцем.

1793 - 17 чэрвеня - 23 лістапада, апошні сойм Рэчы Паспалітай. Адбываўся ў Гарадзенскім каралеўскім замку. Каб дабіцца згоды на Падзел, расейскія грэнадзёрскія часткі і артылерыя атачылі замак, дэпутатаў з яго не выпускалі. Ніхто з дэпутатаў не сказаў умовам падзелу «Так». Тады маршалак сойма Бялінскі патлумачыў маўчанне як знак згоды. Неўзабаве за «нямым» паседжаннем пачаўся чарговы падзел Рэчы Паспалітай.

1793 - студзень, Другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расейскай імперыі далучаныя цэнтральныя паветы Беларусі. Пашырэнне рэкруцкай павіннасці на гэтыя землі.

1793 - для гістарычных заняткаў расейскай імператрыцы Кацярыны II з беларускіх манастырскіх і царкоўных бібліятэк забіраюць летапісы. Разам з імі высланы рукапісныя кронікі Стрыйкоўскага, Бельскага, Кромэра, Нарушэвіча.

1794 - 24 сакавіка, пачатак антырасейскага вызваленчага паўстання ў Польшчы на чале з генералам Тадэвушам Касцюшкам.

1794 - 22 красавіка, пачатак вызваленчага паўстання ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яго ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Артылерыйскае бамбаванне вуліц Вільні расейскай батарэяй.