1799 - верасень, разгром французскім маршалам Массенам каля Цюрыха корпуса Рымскага-Корсакава, у якім былі беларускія рэкруты.
1800 - 14 чэрвеня, ўдзел беларусаў-легіянераў Дамброўскага ў складзе напалеонаўскага войска ў бітве пры Марэнга (Італія) з аўстрыйскімі войскамі.
1800 - верасень, гвалтам адняты ў каталікоў і перададзены праваслаўнай царкве касцёл Панны Марыі ў Пінску.
1802 - прымусовая экспедыцыя легіянераў Дамброўскага на востраў Сан-Дамінга (Гаіці) для змагання з неграмі-паўстанцам, якіх ачольваў Тусен-Луверцюр. Легіёны былі названы 113 і 114 французскімі паўбрыгадамі. Замест барацьбы за незалежнасць на радзіме легіянеры апынуліся ў ролі душыцеляў паўстання за вольнасць. У ваенных дзеяннях супраць неграў з 6 тысяч легіянераў засталося ў жывых 500 чалавек.
1804 - старажытны Гарадзенскі касцёл Прачыстай Маці Боскай (вядомы як фара Вітаўта) гвалтам адняты ў каталікоў і пераасвячоны ў праваслаўны храм.
1804 - удзел беларускіх салдат у вайне Расеі з Іранам (вайна цягнулася па 1813 год). Пачатак выкарыстання рэкрутаў з Беларусі ў серыі імперскіх войнаў Расеі.
1805 - 2 снежня, няўдалая бітва расейскай і аўстрыйскай армій на чале з М.Кутузавым з французскімі войскамі на чале з Напалеонам пад Аўстэрліцам. (так званая «Бітва трох імператараў», бо прысутнічалі імператар Расеі, імператар Францыі, імператар Святой Рымскай імперыі Франц ІІ).
1805 - удзел рэкрутаваных беларусаў у складзе расейскай арміі ў далучэнні да Расеі Бакінскага ханства.
1807 - пачатак будаўніцтва Бабруйскай крэпасці на месцы старажытнага Бабруйскага замка ў сутоку рэк Бярэзіна і Бабруйка. Гістарычная забудова была знішчаная, часткова перабудаваная. Так, мураваны езуіцкі кляштар ператварыўся ў арсенал. Ваеннаму прызначэнню першыя бастыёны крэпасці паслужылі ў 1812 годзе. Пасля - абарончага значэння не мела. У 1941 -1944 гадах тут быў створаны лагер смерці для чырвонаармейцаў.
1807 - 27 студзеня, ўдзел беларускіх салдат у бітве з французскімі войскамі пад Прэйсіш-Эйлаў.
1807 - удзел беларускіх салдат у бітве пад Фрыдландам расейска-аўстрыйскай арміі з французскім войскам (страты з расейскага боку 25 тысяч).
1808 - удзел беларускіх салдат у вайне Расеі з Швецыяй. Далучэнне Фінляндыі да Расеі ў 1809 годзе.
1810 - удзел рэкрутаваных беларусаў ва ўзяцці расейскімі войскамі абхазскага горада і крэпасці Сухумі пад час пакарэння Расеяй Каўказа.
1812 - 24 чэрвеня, нашэсце 600-тысячнай напалеонаўскай Вялікай Арміі на Расейскую імперыю. Галоўны тэатр ваенных дзеянняў прыпаў на Беларусь. На гэты час у расейскай арміі неслі службу каля 200.000 рэкрутаў з Беларусі. Большая частка іх была ў дывізіях арміяў Барклая-дэ-Толі і Баграціёна, якія супрацьстаялі французам.
1812 - 13-4 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат, што служылі ў 3, 11 і 23 расейскіх дывізіях, у знішчальных баях з французамі каля вёскі Астроўня пад Віцебскам (страты расейскага боку 4 тысячы забітымі).
1812 - 11 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат 12 і 26 дывізій корпуса Раеўскага ў бітве з французамі пад Салтанаўкай, Дашкоўкай і Навасёлкамі на Магілеўшчыне (французы страцілі 3,5 тысячы, корпус Раеўскага 2,5 тысячы садат).
1812 - 12-13 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат у складзе ўланскай дывізіі Ражнецкага (польскі корпус конніцы Напалеона) ў бітве з казакамі генерала Платава каля Міра.
1812 - 15 ліпеня, удзел беларускіх салдат у бітве з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі пад Кобрынам.
1812 - 30 ліпеня - 1 жніўня, пераможная бітва з французамі каля вёсак Клясціцы і Якубава на Полаччыне. З абодвух бакоў супрацьстаялі 60 тысяч салдат. Асабліва вызначыліся ў бітве гусары Гарадзенскага палка (у складзе расейскай арміі). Страты французаў 10 тысяч забітымі і параненымі, болей за 3 тысячы патрапілі ў палон.
1812 - 31 ліпеня, удзел беларускіх салдат у бітве з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі каля вёскак Гарадзечна і Паддубна на Пружаншчыне.
1812 - 6 жніўня, загад Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага з дазволу Напалеона на стварэнне ўласнага войска. Пачалі стварацца 4 ўланскія палкі, татарскі эскадрон, гвардзейскі лёгкаконны полк, 3 егерскія батальёны, конна-егерскі полк Ігната Манюшкі, уланскія палкі Людвіга Паца і Дамініка Радзівіла, конна-артылерыйская рота Рыгора Тызенгаўза ды іншыя.
1812 - 17 жніўня, удзел беларускіх рэкрутаў з Меншчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны ў бітве з французамі пад Смаленскам (страты французаў 20 тысяч забітых і параненых).