Выбрать главу

1821 - верасень, падаўленне сялянскага мяцежу ў мястэчку Мальча Пружанскага павета. На загад намесніка ў Польшчы, брата цара, Канстанціна Паўлавіча 7 чалавек сасланыя на катаргу, астатнія пакараны бізунамі.

1823 - указам расейскага цара забаронена жыхарам Беларусі адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя ўніверсітэты.

1823 - разгром царскай адміністрацыяй у Вільні студэнцкага Таварыства філаматаў. Было арыштавана і дапытана 135 чалавек. Сярод найбольш вядомых - Адам Міцкевіч, Томаш Зан, Ян Чачот, Восіп Кавалеўскі, Ігнат Дамейка.

1825 - спроба Літоўскага піянернага батальёна, які кватэраваў на Гарадзеншчыне, узняць узброенае паўстанне.

1827 - рэпрэсіі супраць Таварыства ваенных сяброў, якое было створана ў Літоўскім асобным корпусе на Беласточчыне (актыўныя сябры Таварыства сасланыя на катаргу з далейшым пасяленнем у Сібіры).

1828 - верасень, удзел беларускіх салдат у аблозе і ўзяцці расейскімі войскамі крэпасці Варны.

1828 - удзел беларускіх салдат ва ўзяцці расейскімі войскамі крэпасцей Анапы і Поці пад час пакарэння Расеяй Каўказа.

1830 - зруйнаванне па рашэнню расейскага імператара Мікалая I гістарычнага цэнтра Берасця на выспах, дзе Мухавец ўпадае ў Буг, перанос горада за 3 вярсты на ўсход, пабудова на месцы старажытнага Берасцейскага дзядзінца крэпасці для расейскага гарнізона. У ваенных мэтах паслужыла толькі ў 1941 годзе.

1831 - сакавік, пачатак шляхецкага паўстання ў Беларусі і Летуве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 года. У Беларусь для задушэння паўстання было сцягнута 125 тысяч расейскага войска. Аддзелы паўстанцаў па ўсіх паветах мелі ў шыхтах 10 тысяч шабель. Маламаштабныя баявыя дзеянні адбываліся ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губернях.

1831 - 31 сакавіка, паражэнне карнага корпуса ў бітве з польскімі паўстанцамі каля вёскі Вялікія Дубы. Здача ў палон палякам Літоўскага пяхотнага палка. У баі загінулі 1500 карнікаў.

1831 - красавік, пачатак дзейнасці на Гарадзеншчыне трох паўстанцкіх атрадаў агульнай колькасцю 1000 чалавек.

1831 - красавік, перамога расейскіх палкоў над ашмянскім паўстанцкім атрадам, які налічваў 2500 чалавек.

1831 - красавік, бой паміж паўстанцамі і царскімі карнікамі каля мястэчка Глыбокае.

1831 - 14 траўня, бой гарадзенскіх паўстанцаў з казацкімі сотнямі і ўланамі каля вёскі Ялаўка.

1831 - 23 траўня, бой атрада Д.Хлапкоўскага з расейскім атрадам генерала Ліндэна каля вёскі Гайнаўка. У палон патрапілі 400 расейскіх салдатаў.

1831 - 29 траўня, бой паўстанцкага корпуса генерала Гелгуда з расейскім корпусам генерала Сакена паблізу Друскенікаў. Перамогу ўзялі паўстанцы.

1831 - 19 чэрвеня, бой злучаных паўстанцкіх атрадаў з расейскімі карнымі войскамі на Панарскіх вышынях каля Вільні. Паражэнне паўстанцкіх аддзелаў.

1831 - 23 ліпеня, удзел у бітве з паўстанцамі каля Раціёнежа Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка (яго шэраговы склад набіраўся з беларусаў). Некалькі атакаў гусараў на паўстанцкія шыхты прынеслі перамогу лейб-гвардзейцам.

1831 - 24 ліпеня, адыход аддзелаў наваградскіх і слонімскіх паўстанцаў на чале з Юзэфам Кашыцам у Польшчу. У сваіх паветах аддзелы мелі баявыя сутычкі з расейскімі войскамі каля вёсак Радзюкі, Каменны Брод, Гарадзішча, Кошалева, здзейснілі напады на Дзятлава і Беліцу, у Наваградку вызвалілі з астрогу арыштаваных паўстанцаў.

1831 - 19 кастрычніка, пазбаўленне ўказам Мікалая I шляхецкіх правоў і перавод у аднадворцы (падатнае саслоўе) каля 10 тысяч шляхецкіх сем'яў (ваколічнай шляхты) у Беларусі ў пакаранне за антырасейскія настроі і падтрымку паўстання. Гвалтоўнае перасяленне часткі іх у Херсонскую і Таўрычаскую губерні, на Паўночны Каўказ.

1832 - за ўдзел студэнтаў у паўстанні ўказам імператара Мікалая I зачынены Віленскі ўніверсітэт (не дзейнічаў па 1919 год).

1832 - у мэтах русіфікацыі Беларусі зачыненыя 202 каталіцкіх і вуніяцкіх касцёла і манастыры (з 322, што тут існавалі). Бальшыня з іх перароблена пад праваслаўныя цэрквы, астатнія ці бязлітасна разбураны, ці аддадзены пад казармы. Прыкладам, у Воршы пераасвячоны ў праваслаўны храм старажытны Траецкі касцёл і кляштар трынітарыяў, а будынак езуіцкага касцёла зруйнаваны, кляштар, які быў пры касцёле, прыстасавалі пад турму для крымінальнікаў.

1832 - канфіскацыя расейскімі ўладамі маёмасці Сапегаў у Беларусі, у першую чаргу ружанска-дзярэчынскіх збораў каштоўнасцяў. Мастацкія зборы з Дзярэчынскага палаца перавезлі ў Беласток, у палац Браніцкіх, прызначаны пад царскую рэзідэнцыю. Праз 4 гады адсюль каштоўнасці вывезлі ў Пецярбург і Царскае Сяло, а паркавую скульптуру - у пецярбургскі Летні сад.