1930 - чэрвень, арышт святара Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Цімкавічы Копыльскага раёна іерэя Пятра Груздзінскага, былога дэпутата Дзяржаўнай Думы ад сялянаў. Расстраляны напрыканцы года. Адначасна з ім расстраляны святар Свята-Траецкай царквы вёскі Целядавічы таго ж раёна Валерыян Навіцкі.
1930 - 18 ліпеня, арышт пісьменніка, акадэміка, неадменнага сакратара Акадэміі Навук Беларусі, былога прэм'ера БНР Вацлава Ластоўскага па абвінавачанню ў кіраўніцтве неіснуючй (створанай НКУС) «нацдэмаўскай», антысавецкай арганізацыяй «Саюз вызвалення Беларусі». Расстраляны ў 1938 годзе ў Саратаве.
1930 - 19 ліпеня, арышты па справакаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» 108 чалавек буйнейшай беларускай інтэлегенцыі, у тым ліку акадэмікаў Язэпа Лёсіка і Сцяпана Некрашэвіча, прафессара Аркадзя Смоліча.
1930 - 13 верасня, кінуты ў турму вядомы гісторык акадэмік АН Беларусі Ў.Пічэта. 6 снежня пазбаўлены звання акадэміка.
1930 - 20 лістапада, замах на самагубства пасля выкліка на допыт народнага паэта Янкі Купалы, якога органы ДПУ планавалі абвінаваціць у кіраўніцтве неіснуючай антысавецкай арганізацыяй «Саюз вызвалення Беларусі».
1931 - у Менску ўладамі арганізаваны збор подпісаў за закрыццё касцёла св. Алены і Сымона (Чырвонага касцёла).
1931 - 4 лютага, скончыў жыццё стрэлам у скронь прэзідэнт АН БССР, дырэктар інстытута гісторыі Ўсевалад Ігнатоўскі, абвінавачаны ў прыналежнасці да «СВБ», зняты з пасадаў і выключаны з партыі, г. зн. падрыхтаваны да арышту і зняволення.
1932 - 22 лютага, у Гайнаўцы (Заходняя Беларусь) адбыўся «Марш галодных», які правялі болей за 1000 рабочых. Паліцыя прымяніла зброю, 1 чалавек забіты, 8 параненыя. У пратэстах прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек з Гайнаўкі, Белавежы, Чэрлядзі.
1932 - 15 сакавіка, наданне на загад бальшавіцкай улады старажытнаму Койданаву імя першага начальніка ЧК, аўтара стварэння канцлагераў і заложніцтва Ф.Дзяржынскага. У Беларусі не засталося горада без вуліцы, названай прозвішчам галоўнага душыцеля «ворагаў рэвалюцыі».
1932 - 20 сакавіка, Асташынскае сялянскае паўстанне на Наваградчыне супраць эканамічнага і нацыянальнага ўціску з боку польскай дзяржавы. Жорстка задушанае польскімі ўладамі. 7 чалавек павешаны ў Наваградку, 49 асуджаны.
1932 - вясна, голад на поўдні Беларусі ў Ельскім, Нараўлянскім, Гомельскім раёнах у сувязі з адняццем сельгаспрадукцыі. Вясной таго года не мелі збожжа 12 раёнаў Беларусі. Смерць ад голаду прынялі, па афіцыйных звестках, 140 чалавек, на справе - болей за 3 тысячы. У Гомельскім раёне кожны другі з 93 калгасаў не меў прадуктаў харчавання.
1932 - 15 кастрычніка, пачатак 4-месячнай забастоўкі 7.000 лесарубаў і сялян-возчыкаў, што працавалі ў Белавежскай пушчы (Заходняя Беларусь). Было арыштавана польскімі ўладамі болей за 100 чалавек. Адзін закатаваны на шыбеніцы ў паліцэскім пастарунку.
1933 - 3 траўня, галодны бунт насельніцтва ў Барысаве. Удзельнічала болей за 2 тысячы чалавек. Уначы прыбылы атрад менскіх энкэвэдыстаў арыштаваў 1400 чалавек. Праз два дні выяздная сесія Рэўтрыбунала БССР саслала 1200 барысаўцаў на зняволенне ў канцлагерах на тэрмін 8-10 гадоў. 200 чалавек былі асуджаныя да расстрэлу. Іх расстралялі на ўскрайку Барысава, на так званых Чычагаўскіх батарэях.
1933 - жнівень, русіфікацыйная рэформа правапісу беларускай мовы ў БССР, скіраваная на зліццё з расейскай мовай. Акт моўнага генацыду супраць народа Беларусі і беларускай культуры.
1933 - 3 жніўня, Кобрынскае ўзброенае сялянскае паўстанне супраць польскага эканамічнага і нацыянальнага ўціску. Задушана паліцыяй і войскамі. 30 актыўных удзельнікаў прыгавораны да турэмнага зняволення.
1933 - жнівень, арышт і расстрэл карнікамі НКУС БССР святара з вёскі Крываносы Старадарожскага раёна Івана Вячоркі і святара з вескі Таль Любанскага раёна Сяргея Радакоўскага.
1933 - верасень, савецкая ўлада абменьвае Францішка Аляхновіча (адбываў пакаранне ў Салаўках) на палітвязня Браніслава Тарашкевіча (расстраляны карнікамі НКУС ў 1937).
1933 - масавая высылка карнымі органамі НКУС заможных беларускіх сялянаў у Сібір (за тры гады выслалі болей за 35 тысяч сем'яў).
1934 - 17 чэрвеня, прыняў беларускіх вязняў створаны польскімі ўладамі канцэнтрацыйны лагер у Бярозе Картузскай.
1934 - сталінскімі судамі засуджана болей за 10 тысяч беларускіх сялянаў за крадзяж з голаду калгаснай уласнасці (на падставе Пастановы СНК СССР аб ахове сацыялістычнай маёмасці, так званага «закона пяці каласкоў»).