1936 - 27 студзеня, на судовым працэсе ў Горадні Сяргей Прытыцкі застрэліў правакатара. Быў цяжка паранены паліцыяй, арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю, якое замянілі пажыццёвым зняволеннем. Вызвалены з турмы ў 1939 годзе. З 1968 года Старшыня Вярхоўнага Савета БССР.
1936 - неафіцыйны ўдзел беларусаў-вайскоўцаў у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі на баку рэспубліканцаў (вайна цягнулася да 1939 г.).
1936 - травень, варварскае зруйнаванне ў Менску на плошчы Свабоды помніка архітэктуры 17 ст. былой вуніяцкай царквы Святога Духа (у царскі час забраная і пераробленая пад праваслаўны храм). На атрыманай пляцоўцы на загад уладаў усталявалі звярынец, пасля вайны, па 1985 год, тут трымалі піўную.
1936 - 10 чэрвеня, варварскае знішчэнне на загад савецкіх уладаў Рагвалодава (Барысаўскага) каменю з дапамогай дынаміту. Чым ён зашкодзіў бальшавікам на 10-тысячны год свайго існавання, ніхто не ведае.
1936 - 15 лістапада, арышт органамі НКУС Зміцера Жылуновіча, (пісьменніцкі псеўданім Цішка Гартны), першага кіраўніка савецкага ўрада Беларусі ў 1919 годзе. Пасля катаванняў у менскай турме змешчаны ў Магілеўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе быў жорстка забіты 11 красавіка 1937 года.
1936 - снежань, польскія ўлады, здзейсняючы паланізацыю беларусаў, забаранілі дзейнасць у Заходняй Беларусі Таварыства беларускай школы.
1937 - сакавік, наркомам унутраных справаў у Беларусь Масква прызначыла Бермана. За год ягонага камісарства ў БССР было знішчана болей за 100 тысяч чалавек, ўведзены ў практыку масавыя забойствы і захаванні. У лютым 1939 года, калі Сталін пазбаўляўся ад найбольш крывавых выканаўцаў тэрора (каманда карнікаў саюзнага наркома Яжова), Берман быў расстраляны.
1937 - сакавік, прыбыццё генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў Гішпанію, у штаб Франко, у якасці «назіральніка», на справе - як кіроўца дыверсійнага аддзела. Прабыў у Гішпаніі да вясны 1939 года. Ягоным праціўнікам па дыверсіях на баку рэспубліканцаў быў Кірыла Арлоўскі, у будучыні - вядомы старшыня калгаса «Рассвет» на Магілеўшчыне.
1937 - 6 траўня, арышт органамі НКУС выдатнага грамадскага дзеяча, заснавальніка Таварыства беларускай школы, старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, перакладчыка на беларускую мову «Іліады» і «Пана Тадэвуша» Браніслава Тарашкевіча. Расстраляны ў лістападзе ў Курапатах.
1937 - 16 чэрвеня, пазбягаючы арышту і катаванняў, скончыў жыццё самагубствам Аляксандар Чарвякоў, старшыня ЦВК БССР, адзін са стваральнікаў савецкай беларускай дзяржавы.
1937 - 21 чэрвеня, М.Галадзед, старшыня СНК БССР, раней арыштаваны ў Маскве і прывезены ў Менск, па афіцыйнай версіі скончыў жыццё самагубствам, кінуўшыся з акна кабінета следчага ў будынку НКУС. Па перакананні даследчыкаў - выкінуты праз вакно камандай следчых.
1937 - 2 жніўня, пачатак масавага арышту і вынішчэння так званых «польскіх шпіёнаў» - грамадзянаў польскай нацыянальнасці. За год было арыштавана 15.740 чалавек, з іх расстралялі 14.034.
1937 - жнівень, масавыя арышты кіруючых работнікаў і творчай інтэлегенцыі ў БССР (купна рэпрэсавана 2.570 чалавек, сярод іх 40 наркомаў і іхных намеснікаў, 25 акадэмікаў, 16 членаў ЦВК і СНК, 54 літаратара).
1937 - 29-31 кастрычніка, масавыя расстрэлы органамі НКУС беларускай інтэлігенцыі ва ўрочышчы Курапаты.
1937 - 1 лістапада, расстрэл у Курапатах 11 біскупаў, святароў, дыяканаў Беларускай Аўтакефальнай царквы. Каля 200 святароў сасланыя ў сталінскія канцлагеры, дзе бальшыня загінула.
1938 - 10 лютага, расстрэл у Менску 46 сялян-латышоў з вёскі Гайсма Быхаўскага раёна па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Латвіі. Усяго па гэтым абвінавачванні было арыштавана 1459 латышоў - грамадзянаў Беларусі.
1938 - паноўная замена гістарычнай назвы сталіцы Беларусі Менск на спаланізаваную і прынятую ў расейскім ужытку форму - Мінск. Усе спробы вяртання гістарычнай назвы гораду па сённяшні дзень сустракаюць люты супраціў прыхільнікаў русіфікацыі Беларусі.
1938 - забарона царкоўнай службы ў менскіх цэрквах Марыі Магдалены і Аляксандра Неўскага, што былі на Старажоўскіх і Ваенных могілках. Святары гэтых цэркваў былі арыштаваны і расстраляныя ў Курапатах.
1938 - 7 сакавіка, пастановай ЦК ВКП(б) рэарганізаваныя ў звычайныя вайсковыя падраздзяленні Беларускіх стралковых дывізіяў, якія фармаваліся на нацыянальна-тэрытарыяльнай аснове з 1923 года.
1938 - 10 красавіка, растрэл карнікамі НКУС усіх мужчынаў ва ўзросце ад 17 да 70 гадоў (разам 90 чалавек) у беларускай каталіцкай вёсцы Беласток, якая была закладзена беларускімі малазямельнымі перасяленцамі ў Томскую губерню Сібіры.