1941 - 22 чэрвеня - 16 ліпеня, абарона Берасцейскай крэпасці.
1941 - 27-29 чэрвеня, у Віцебску ў падвалах будынка НКУС (дом губернатара) знішчаны каля 2.000 палітвязняў. Былі тайна закапаныя энкэвэдыстамі ў сутарэннях былой Успенскай царквы, разбуранай на загад партыйнага кіраўніцтва ў 1937 годзе.
1941 - чэрвень, першыя карныя аперацыі нямецкіх акупантаў ў раёне Белавежскай пушчы. Спалена 34 вёскі.
1941 - 1 ліпеня, стварэнне гітлераўскімі захопнікамі лагера смерці ў Драздах для палонных байцоў і афіцэраў Чырвонай Арміі. Толькі за першыя два месяцы функцыянавання тут былі знішчаныя больш за 10 тысяч чырвонаармейцаў.
1941 - 1 ліпеня, фармаванне народнага апалчэння для абароны Магілева (стала пад ружжо 12 тысяч магілеўцаў).
1941 - 1 ліпеня, адступаючы з мястэчка Будслаў часткі Чырвонай Арміі хацелі ўзарваць старажытны Будслаўскі касцёл. Але вернікі атачылі яго жывой сцяной і вырашылі загінуць разам са святыняй. Іхняя мужнасць ўратавала касцёл і цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.
1941 - ліпень, утварэнне на Піншчыне першага партызанскага атрада пад началам В.Каржа.
1941 - 4-11 ліпеня, абарона ад немцаў войскамі і гарадскім апалчэннем Віцебска.
1941 - 6 ліпеня, расстрэл вязняў Бярэзвіцкай турмы НКУС ахоўнікамі перад надыходам немцаў (большую частку вязняў складалі сяляне, асуджаныя за дробны крадзеж у калгасе).
1941 - ліпень-жнівень, мабілізацыя ў Беларусі ў Чырвоную Армію болей за 500 тысяч мужчын з неакупаваных немцамі раёнаў.
1941 - 3-26 ліпеня, абарона войскамі і народным апалчэннем Магілева. Вынішчальная бітва на Буйніцкім полі.
1941 - ліпень, знікненне са сховішча магілеўскага банка нацыянальнай рэліквіі Беларусі - крыжа Ефрасінні Полацкай (быў змешчаны ў сховішча, каб вернікі не маглі на яго маліцца).
1941 - 19 ліпеня - 31 жніўня, карная аперацыя нямецкіх акупантаў «Прыпяцкія балоты» супраць партызан і мірнага насельніцтва Берасцейскай, Пінскай і Палескай абласцей. Масавае вынішчэнне людзей (забілі каля 14 тысяч чалавек), спаленне мноства беларускіх вёсак разам з людзьмі.
1941 - 12-19 жніўня, абарона ад нямецкіх войскаў Гомеля.
1941 - жнівень, пачатак у Беларусі шырокай партызанскай вайны з гітлераўскімі захопнікамі (агульны асабісты склад атрадаў савецкіх партызан - 374 тысячы, 70 тысяч падпольшчыкаў).
1941 - верасень, адміністрацыйнае расчляненне Беларусі як дзяржаўнай адзінкі нямецкімі захопнікамі. Паўднёва-заходнія раёны Берасцейскай вобласці і Беластоцкая вобласць з гарадамі Горадня і Ваўкавыск былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі. Паўднёвыя раёны Берасцейскай, Пінскай, Палескай, Гомельскай абласцей - да рэйхскамісарыята «Украіна». У склад генеральнай акругі («Генеральбецырк Беларутэнія») ўвайшлі Баранавіцкая, Вілейская, часткова Менская, асобныя раёны Пінскай, Берасцейскай, Палескай абласцей. Гэтая «Беларутэнія» складала трэцюю частку ад тэрыторыі даваеннай БССР, і каланізацыйны план «Ост» ніякай нацыянальнай будучыні для яе не прадугледжваў.
1941 - восень, утварэнне нямецкімі акупантамі гета для габрэяў у Менску, Берасці, Горадні, Віцебску, Бабруйску, Ваўкавыску, Барысаве, Гомелі ды іншых гарадах. Усіх разам болей за 100 гета.
1941 - 26 кастрычніка, публічнае пакаранне гітлераўскімі катамі на шыбеніцы 12 менскіх падпольшчыкаў.
1941 - 22 кастрычніка, утварэнне на акупаванай тэрыторыі з дазволу нямецкіх уладаў Беларускай народнай самапомачы.
1941 - з верасня 1941 па красавік 1942, удзел беларускіх салдатаў у бітве пад Масквой.
1941 - восень, стварэнне акупантамі лагера смерці Трасцянец пад Менскам. Тутбыло знішчана болей за 200 тысяч чалавек. Трэці па колькасці знішчаных людзей лагер пасля Асвенціма і Майданека. Усяго ў Беларусі дзейнічалі 260 лагераў смерці.
1941 - 9 лістапада, расстрэл нямецкімі жандарамі ў лесе каля Барысава ксяндза Генрыка Глябовіча за пастырскую дзейнасць у вёсках Хатаевічы, Корань, Аколава. Прылічаны каталіцкай царквой да пакутнікаў.
1941 - 19 снежня, смерць у баі з немцамі ўраджэнца Бешанкоўшчыны, камандзіра кавалерыйскага корпуса Льва Даватара.
1941 - снежань, напрыканцы года ў паліцэйскіх атрадах у Беларусі налічвалася 16 тысяч чалавек. Удзельнічалі ў рэпрэсіях, вынішчэнні габрэяў і цыганоў, сутычках з савецкімі партызанамі. Праз год асабісты склад паліцыі налічваў 28 тысяч.