1942 - акупантамі ўтвораны дзіцячы лагер смерці ў вёсцы Скарбаўка Пухавіцкага раёна. Дзяцей выкарыстоўвалі ў якасьці донараў для параненых немцаў. Загінула 1500 дзяцей. У падобным лагеры смерці, утвораным у Парычах, было закатавана 1700 дзяцей-донараў.
1942 - 2 сакавіка, масавае забойства фашысцкімі карнікамі вязняў менскага гета (Яма). Тут было знішчана 100.000 чалавек.
1942 - 4 сакавіка, расстрэл карнікамі ў лесе Барок каля Бярэзвіча ксяндзоў парафіі Іказнь Уладзіслава Мацковяка, Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртка і дваццаці парафіянаў.
1942 - 7 сакавіка, партызаны выканалі ў Менску смяротны прысуд кіраўніку Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі Фабіяну Акінчыцу.
1942 - 7 траўня, пакаранне акупантамі на шыбеніцы на плошчах і ў Цэнтральным скверы Менска 28 кіраўнікоў менскага падполля, 250 падпольшчыкаў былі расстраляныя.
1942 - другая палова года, шырокае ўтварэнне ў заходнебеларускіх раёнах батальёнаў Арміі Краёвай. Існавалі Наваградская, Палеская, Валынская і Віленская акругі. На Наваградчыне мелі ў складзе 8 тысяч партызанаў, 15 тысяч у канспірацыі, з іх болей за палову былі беларусы. З 1 студзеня 1943 года па ліпень 1944 правялі 102 баі з немцамі і паліцэйскімі аддзеламі, 83 баі з атрадамі савецкіх партызанаў.
1942 - 28 чэрвеня, драматычная смерць Янкі Купалы пры загадкавых абставінах у маскоўскім гатэлі «Масква» напярэдадні свайго 60-гадовага юбілею. На думку шэрагу даследчыкаў Купала стаў ахвярай забойства, арганізаванага НКВД. Юбілей паэта збіраліся святкаваць і ў акупаваным Менску. Каб савецкі ўрад не віншаваў народнага паэта Беларусі паралельна з калабарацыйнымі менскімі ўладамі, маскоўскі НКВД палічыў за лепшае вырашыць справу кардынальна. Тым больш, што «савецкасць» Купалы была пад падазрэннем.
1942 - 17 ліпеня, пачатак Сталінградскай бітвы. Удзел беларускіх салдат ва ўсіх баях за горад, якія цягнуліся па 2 лютага 1943.
1942 - 31 ліпеня, расстрэл нямецкімі карнікамі каля Наваградка 60 мірных жыхароў і двух каталіцкіх святароў - Міхала Далецкага і Юзэфа Кучынскага.
1942 - жнівень, фармаванне ў СССР 75-тысячнага корпуса генерала Ўладзіслава Андэрса з ваеннапалонных палякаў і беларусаў з Заходняй Беларусі. Палову Пятай Крэсавай дывізіі пяхоты корпуса складалі беларусы. А ўсяго ў складзе корпуса трэцяя частка былі беларускія салдаты. Накіравана была гэтая Армія ў Ірак, Іран, Палесціну на дапамогу ангельцам. Потым змагалася з немцамі ў Эўропе. Расфармаваная ў 1947 годзе.
1942 - карныя аперацыі нямецкіх акупантаў у Беларусі: «Хрушч», «Балотная ліхаманка», «Трохкутнік», «Нюрнберг» ды іншыя.
1942 - верасень, вынішчэнне нямецкімі карнікамі вёскі Вяда Івацэвіцкага раёна. Усе 87 двароў спалены, 217 жыхароў забіты. Пасля вайны вёска не адрадзілася.
1942 - лістапад, карная аперацыя акупантаў у Віцебскай вобласці пад кодавай назвай «Клетка для малпаў». У ходзе акцыі вынішчэння насельніцтва часткі нямецкай 12-й танкавай дывізіі зруйнавалі гусеніцамі 50 вёсак Гарадоцкага раёна.
1942 - 19 снежня, расстрэл гестапаўцамі ў Слоніме каталіцкіх манахіняў Багумілы Найшэўскай, Марты Валоўскай і ксяндза Адама Старка.
1942 - 24 снежня, арыштаваны і закатаваны фашыстамі ў менскай турме каталіцкі і грамадскі дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
1942 - закрыццё немцамі Альбертынскага грэка-каталіцкага кляштара. Экзарх грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі Антон Неманцэвіч закатаваны немцамі ў турме.
1943 - студзень, вынішчэнне карнікамі вёскі Літавец Дзяржынскага раёна. Усе 42 двары спаленыя, 196 жыхароў забітыя. Пасля вайны вёска не адрадзілася.
1943 - 15 лютага, подзвіг 70-гадовых братоў Цубаў з вёскі Навіны на Случчыне. Міхаіл Цуба адмовіўся весці немцаў да лагера партызанаў і быў расстраляны. Іван Цуба завёў карнікаў у балоты. Яго забілі, але і бальшыня карнікаў засталася ў дрыгве.
1943 - 20 лютага, спаленне карнікамі жыўцом 30 жыхароў вёскі Росіца Браслаўскага раёна. Ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшкевіч не пакінулі вернікаў і прынялі разам са сваімі парафіянамі пакутніцкую смерць.
1943 - 22 сакавіка, знішчэнне разам з 142 жыхарамі вёскі Хатынь. Усяго за гады вайны было спалена 9.200 беларускіх вёсак. У тым ліку разам з жыхарамі карнікі спалілі 628 вёсак.
1943 - 19 чэрвеня, расстрэл нямецкімі карнікамі ў вёсцы Баравікоўшчына ксяндзоў з касцёла ў Першаях Караля Стэнпня і Ахіла Пухалы. Мелі магчымасць ўцячы, але не пакінулі вернікаў сваёй парафіі, якіх вялі на расстрэл. Гэтая ахвяра ксяндзоў выратавала жыцці астатнім, якіх замест расстрэла забралі на працу ў Германію. Абодва ксяндзы прылічаныя да ліку каталіцкіх святых у Беларусі.