1944 - 27 ліпеня, вызваленне ад нямецкай акупацыі Беластоцкай вобласці БССР.
1944 - 28 ліпеня, немцы пры адступленні ўзарвалі Дабравешчанскі сабор у Супраслі - славуты помнік беларускага дойлідства.
1944 - 31 ліпеня, пачатак аперацыі НКУС Беларусі па ачыстцы заходніх раёнаў ад узброенага падполля. За год арыштавана і затрымана болей за 97 тысяч чалавек. Забіта пры супраціўленні болей за 3.200 чалавек.
1944 - жнівень, арышт органамі НКУС у Вільні Адама Станкевіча, вядомага рэлігійнага і палітычнага дзеяча Беларусі, навукоўца, публіцыста, дырэктара Беларускага цэнтра ў Летуве. У 1945 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення, вывезены ў «Азёрлаг», дзе таго ж года ўвосень, па афіцыйных звестках, памёр. Станкевіч - адзін з першых святароў, якіх арыштоўвалі на вызваленых землях і наогул пасля вайны. З 1944 па 1956 гады ў савецкіх канцлагерах адбывалі зняволенне болей за 700 каталіцкіх святароў.
1944 - жнівень, пачатак партызанкі беларускага і польскага падполля ў Заходняй Беларусі супраць савецкага ладу. Працягвалася па 1953 год. На Гарадзеншчыне «зялёныя» забілі 744 чалавека.
1944 - верасень, удзел беларусаў у бітве з немцамі пад Аргаймам у Галандыі ў складзе 1-й парашутнай брыгады 1-й паветрана-дэсантнай арміі саюзнікаў.
1944 - 20 верасня, страта Беларуссю Беластоцкай вобласці, бо сталінскі ўрад заключыў пагадненне з Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення пра маючую быць перадачу Беласточчыны Польшчы і абмен насельніцтвам на перададзеных землях. З Беласточчыны выселяліся беларусы, з Беларусі туды ехалі беларускія палякі. За наступныя гады ў савецкую Беларусь выехалі з Беласточчыны 36 тысяч чалавек.
1944 - верасень, арышт органамі НКУС архімандрыта Серафіма ў Жыровіцкім манастыры. Прыняў пакутніцкую смерць у турме.
1944 - снежань, у Пружанах органамі НКУС арыштаваны ксёндз Казімір Сьвёнтак. Асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі «за антысавецкую дзейнасць». Адбыў поўны тэрмін пакарання. 30 кастрычніка 1994 года пасвячоны папам рымскім Янам Паўлам II у кардыналы.
1945 - 25 студзеня, утварэнне ў Германіі 1-й беларускай грэнадзёрскай брыгады «Беларусь» з уцекачоў Беларускай Краёвай Абароны і вайсковапалонных беларусаў. Удзел дывізіі ў баях на Заходням фронце супроць ангельцаў і амерыканцаў.
1945 - люты, утварэнне на Берасцейшчыне падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі «Чорны кот». Узначальваў яе маёр БКА Міхась Вітушка. Арганізацыя вяла антысавецкую партызанку да 1950 года ў раёнах Заходняй Беларусі. Праз яе чальцоў забітыя болей за 700 партыйных і савецкіх работнікаў сельсаветнага і раённага ўзроўню, членаў іхных сем'яў, міліцыянераў, энкэвэдыстаў і вайскоўцаў.
1945 - 30 красавіка, дывізія СС «Беларусь» па ўзгадненні з амерыканскім камандаваннем прабіла нямецкія заслоны і здалася ў палон амерыканцам (была інтэрнавана).
1945 - красавік - 8 траўня, Берлінская аперацыя Чырвонай Арміі. Удзел беларусаў ва ўзяцці рэйхстагу. За гады вайны страты беларускага насельніцтва (ў межах 1941 года) склалі каля 4 мільёнаў чалавек.
1945 - 9 жніўня - 2 верасня, удзел беларускіх салдат у Маньчжурскай і Курыльскай аперацыях пад час вайны з Японіяй.
1945 - дамова сталінскага ўрада з польскім часовым урадам аб перадачы беларускай тэрыторыі палякам і змене дзяржаўнай мяжы. Было перададзена Польскай рэспубліцы 17 раёнаў Беластоцкай вобласці і 3 раёны Берасцейскай вобласці. Беларусь - адзіная краіна сярод пераможцаў у вайне, якая страціла значную частку сваёй гістарычнай тэрыторыі.
1945 - перасяленне рэштак насельніцтва знішчаных гітлераўцамі вёсак Віцебшчыны і Полаччыны ў Ленінград.
1945 - закрыццё савецкімі ўладамі ў Вільні Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея, заснаванага Іванам Луцкевічам. Большая частка назапашаных багаццяў была перададзена гісторыка-этнаграфічнавму музею Летувы і бібліятэцы АН Летувы, невялічкая частка патрапіла ў цэнтральныя музеі Беларусі.
1946 - смерць ў сібірскім лагеры Антона Луцкевіча, грамадскага дзеяча, былога Старшыні Рады народных міністраў БНР, дырэктара Беларускага музея ў Вільні. Быў рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі 30 верасня 1939 года.
1946 - закрыццё на загад сталінскіх уладаў касцёлаў у Радашковічах, Старым Мядзелі, у Стоўбцах, у Міры, Ашмянах, Відзах.
1947 - люты, арышты органамі НКУС навучэнцаў Глыбоцкага і Пастаўскага педагагічных вучылішчаў - членаў падпольнай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў». 43 юнакі і дзяўчыны прысуджаны да пазбаўлення волі на тэрміны ад 5 да 25 гадоў.