1947 - кастрычнік, арышты органамі НКУС у Менску, Маладэчанскай і Пінскай абласцях чальцоў моладзевай падпольнай суполкі «Свабодная Беларусь».
1948 - рэпрэсіі савецкіх карных органаў супраць паслякастрычніцкай беларускай эмірацыі ў Чэхаславакіі. Гвалтоўная дэпартацыя эмігрантаў у СССР і пакаранне зняволеннем у канцлагерах.
1948 - 12 жніўня, савецкімі карнымі органамі ў Чэхаславакіі арыштаваныя выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш і яе муж Янка Геніюш. З канца 1948 года былі ў турме ў Менску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў ачольнік беларускага НКУС Цанава. Ад яе дамагаліся здачы архіваў БНР. Асуджаная да 25 гадоў зняволення. Часткова рэабілітаваная ў 1956 годзе.
1949 - люты, у рэчышчы кампаніі «барацьбы з космапалітызмам» ЦК КПБ зачыніў Дзяржаўны габрэйскі тэатр БССР.
1949 - паноўныя арышты савецкім НКУС беларускіх літаратараў. За гады рэпрэсіяў было зняволена 238 пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Выйшлі са сталінскіх канцлагераў жывымі толькі 20 чалавек. Загінула за дротам беларускай творчай інтэлегенцыі ў 7 разоў болей, чым за 4 гады вайны на франтах і ў партызанах (30 пісьменнікаў і паэтаў).
1950 - красавік, арышт органамі НКУС настаяцеля царквы ў вёсцы Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёна Мацвея Грыцука за трыманне ў хаце рэлігійнай літаратуры. Памёр пасля допытаў.
1950 - 22 чэрвеня, у Маладэчне адбыўся суд над чальцамі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага антысталінскага падполля. Бальшыня атрымала тэрмін зняволення ў 25 гадоў, невінаватыя - па 10 гадоў за «недоносительство». Кіраўнік групоўкі, 22-гадовы Расціслаў Лапіцкі, быў асуджаны да расстрэлу.
1950 - урад БССР перадаў з фондаў Дзяржаўнай карціннай галерэі ўраду Польскай Народнай Рэспублікі найкаштоўную калекцыю з 87 фамільных партрэтаў Радзівілаў, якія раней знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Акт недасведчанасці і глупства.
1951 - лета, пачатак масавай высылкі сем'яў так званых «кулакоў» і пратэстантаў з Заходняй Беларусі. Да сакавіка 1952 г. ў сібірскія вобласці было гвалтам выслана 2.100 сем'яў.
1952 - 18 красавіка, за адну ноч на ўсход СССР вывезлі з Заходняй Беларусі 1683 сям'і, абвінавачаных у «варожай дзейнасці супраць калгасаў».
1955 - варварскі зруйнаваны старажытны рэлігійны асяродак - касцёл Панны Марыі былога калегіюма ў Пінску.
1955 - за пасляваеннае дзесяцігоддзе з Беларусі выселена і вывезена ў Сібір, Казахстан, на Поўнач каля 1 мільёна чалавек («кулаччо», «нацыяналісты», «бандпамагатыя»).
1956 - удзел беларускіх салдат у складзе Савецкай Арміі ў задушэнні вугорскай рэвалюцыі.
1956 - маштабная кампанія ўрада СССР па выманьванні беларускай моладзі для засваення цалінных зямель і пабольшання славянскага складу насельніцтва Казахстана.
1957 - 16 лютага, арышт у Горадні органамі КДБ Браніслава Ржэўскага, літаратуразнаўцы, выкладчыка Гарадзенскага педінстытута. Праз месяц асуджаны Гарадзенскім судом да 7 гадоў пазбаўлення волі «за клевету на советский общественный строй и национальную полититку КПСС». Вызвалены ў 1961 годзе, да скону быў пад пільным даглядам КДБ.
1957 - люты, ЦК КПБ і Савет міністраў БССР прынялі пастанову «Аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», згодна з якой ў мэтах поўнай русіфікацыі беларуская мова ў Беларусі стала прадметам неабавязковага вывучэння ў школе. Неўзабаве пачалося масавае закрыццё беларускіх школ, змяншэнне накладаў беларускай кнігі, выцясненне беларускай мовы з ужытку («працэс стварэння новай чалавечай агульнасці - расейскамоўнага савецкага народа»).
1958 - са сталінскага канцлагера пасля 13 гадоў зняволення выпушчаны паэт Сяргей Новік-Пяюн - чалавек надта драматычнага лёсу. У 1926 годзе польскія ўлады выслалі яго за стварэнне беларускага хору і тэатру ў роднай вёсцы на Нясвіжчыне ўглыб Польшчы. У 1939 годзе польскія жандары кінулі паэта ў Баранавіцкую турму. У часе вайны Новік-Пяюн дапамагаў партызанам, у 1943 годзе яго арыштавала нямецкае СД і кінула ў лагер смерці ў Калдычаве. 4 ліпеня Новіка-Пяюна разам з 600 іншымі вязнямі павялі на расстрэл. Яго паранілі, і ён выратаваўся, выдаючы сябе за мярцвяка. А праз чатыры месяца ўжо савецкі НКУС беспадстаўна асудзіў Новіка-Пяюна да 10 гадоў зняволення. Гэта ён - аўтар знакамітай песні «Зорачкі».
1960 - паезуіцкі фарны касцёл у Горадні застаўся без святара. На працягу наступных 28 гадоў штонядзелі вернікі праводзілі тут набажэнствы без святара і не адступілі вд веры. (Гэтак жа маліліся самі, не маючы святара, і ў Дзятлаўскім касцёле ды іншых.) У 1988 годзе ксяндзом-пробашчам гарадзенскага фарнага касцёла стаў Тадэвуш Кандрусевіч. А 15 снежня 1990 года Папа Ян Павел II надаў касцёлу тытул Малое базылікі.