1989 - 13 жніўня, з Воўчынскага касцёла ў Польшчу вывезены рэшткі труны, у якой быў захаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аднак старанныя археалагічныя вышукі не выявілі астанкаў караля. Дзе перахавалі яго, ратуючы ад магчымых здзекаў у часе павальнага руйнавання капліцаў і касцёлаў у пасляваенныя гады, застаецца таямніцай.
1989 - штодзень каля касцёла св. Сымона і Алены побач з Домам урада ў Менску, пераробленым пад Дом кіно, менскія вернікі-каталікі разам з ксяндзом-пробашчам Уладзіславам Завальнюком моляцца, просячы ў Бога дапамогі вярнуць ім святыню.
1990 - люты, 100-тысячны мітынг менскіх дэмакратаў супроць пагрозы габрэйскіх пагромаў напярэдадні выбарчай кампаніі.
1990 - 21 лістапада, менскі касцёл св. Сымона і Алены нарэшце вернуты каталікам. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў урачыстую імшу пасля 46 гадоў выкарыстання ўладамі касцёла як свецкага будынка. Пачатак рэстаўрацыі касцёла сіламі парафіянаў.
1991 - красавік, масавая дэманстрацыя менскіх рабочых супроць інфляцыі і малых заробкаў. Марш 40 тысячаў рабочых («марш касак») па пр. Скарыны да Дому ўрада, дзе адбыўся мітынг пратэсту. Першая праява арганізаванай сілы рабочых пасля 20-х гадоў. Патрабавалі адстаўкі саюзнага і рэспубліканскага ўрадаў. Забастовачны рух распаўсюдзіўся на ўсе буйныя гарады. У Воршы забастоўшчыкі заблакавалі чыгуначны рух. Блакаду ўдалося зняць 24 красавіка з удзелам міліцэйскіх аддзелаў.
1991 - 19 жніўня, утварэнне дэмакратычна арыентаванымі афіцэрамі ў сувязі з мяцежом гэкачэпістаў Беларускага Згуртавання вайскоўцаў. Яго ўзначаліў падпалкоўнік Мікола Станкевіч. Назаўтра праз дэмакратычны друк і па радыё ён зачытаў Зварот БЗВ да салдат і афіцэраў не выконваць загады мяцежнікаў і іхных хаўруснікаў у Беларусі. З цягам часу ўзнікла моладзевае крыло БЗВ - «Чорныя драбы», якія ахоўвалі мітынгі і шэсці ад нападу правакатараў. Існаванне БЗВ перашкодзіла савецкаму афіцэрскаму путчу.
1991 - 17 лістапада, кананізацыя святога Рафала - Юзафа Каліноўскага, бліжэйшага памочніка К.Каліноўскага ў часе паўстання 1863-1864 гадоў. Пасля адбыцця катаргі і ссылкі Юзаф Каліноўскі эміграваў, уступіў у ордэн кармелітаў і стаў вядомым рэлігійным дзеячам.
1992 - 8 верасня, у сувязі з прошукамі прасавецкага і прарасейскага афіцэрства супроць прысягі на вернасць Беларусі ў Менску на плошчы Незалежнасці на свята Багародзіцы БЗВ арганізавала прынясенне прысягі беларусамі-вайскоўцамі запаса і мноствам дзеючых афіцэраў на вернасць Бацькаўшчыне, аб чым яны подпісаліся ў прысяжных лістах.
1994 - красавік, закрыццё ўладамі ўплывовай і папулярнай нацыянальнай праграмы радыё «Беларуская маладзёжная» напярэдадні маючых быць прэзідэнцкіх выбараў.
1995 - 12 красавіка, парушэнне дэпутацкай недатыкальнасці 50 дэпутаў ад апазіцыі ў Авальнай зале Вярхоўнага Савета. Былі збітыя спецаддзелам у масках на загад выканаўчай улады.
1995 - 18 верасня, на загад вышэйшай улады самалёт-знішчальнік беларускіх ВПС збіў паветраны шар, які пралятаў над Беларуссю па ўзгаднёным маршруце міжнароднага мірнага мерапрыемства. Экіпаж шара - 2 чалавекі - загінуў пры падзенні. Адным з падарожнікаў быў амерыканскі ўдзельнік вайны з Германіяй.
1995 - 19 жніўня, забастоўка работнікаў менскага метрапалітэна супраць парушэнняў кіраўніцтвам працоўнага заканадаўства, памяншэння і затрымкі заробкаў. Улада жорстка расправілася з рабочымі. 68 чалавек былі звольненыя і на працягу гадоў не маглі ўладкавацца на працу. На цягніках метро яны былі замененыя запрошанымі з Масквы штрэйбрэхерамі і малавопытнымі машыністамі з беларускай чугункі.
1996 - 24 сакавіка, масавыя акцыі святкавання ўгодкаў БНР. У Менску ў шэсьці ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Супраць удзельнікаў свята быў кінуты спецназ, было арыштавана болей за 30 чалавек. На пр. Скарыны міліцыя, амап, спецназ ўчынілі пабоішча, збівалі жанчын, білі людзей дубінкамі па галаве, без суда трымалі людзей у зняволенні.
1996 - 2 красавіка, масавыя акцыі пратэсту супроць падпісання Лукашэнкам дамовы з Масквой пра ўтварэнне так званай «Супольнасці Расеі і Беларусі». У шэсьці пратэсту ўдзельнічалі 30 тысяч чалавек.
1996 - 5 красавіка, арышт органамі КДБ паэта Славаміра Адамовіча за апублікаваны ў газеце «Выбар» верш «Убей президента», які ўлада прачытала як заклік да тэракту. Правёў у вязніцы КДБ 9 месяцаў, трымаў сухую галадоўку.