Выбрать главу

1998 - 2 верасня, арыштаваны міліцыяй старшыня Віцебскай Рады БНФ Уладзімір Плешчанка ў сувязі са знікненнем вулічнага бюста душыцеля паўстання 1794 года ў Беларусі А.Суворава. Бюст быў пастаўлены пры жыцці Сталіна. Праз дзень прапажу знайшлі, але Плешчанку пратрымалі за кратамі каля года.

1998 - 7 снежня, у Менску адбыліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі мітынга, прысвечанага 50-ым угодкам прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Заяўляльнікі акцыі старшыня Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі і намеснік старшыні БНФ «Адраджэнне» Юры Хадыка атрымалі па 10 сутак пазбаўлення волі.

1999 - 5 лютага, у цэнтры Менска, бліз плошчы Перамогі, баявікі фашыстоўскай арганізацыі «Русское национальное единство» збілі актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». Ніводзін з фашыстаў не быў пакараны. Міліцыя не прыняла захадаў дзеля іх разгону і затрымання вінаватых.

1999 - 27 лютага, антыфашысцкія мітынг і шэсце ў Менску пад дэвізам «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў сувязі з падтрымкай уладамі дзейнасці ў Беларусі фашыстоўскіх груповак РНЕ («Русское национальное единство»). Заяўляльнікі мітынга і шэсця былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

1999 - 30 сакавіка, арышт кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Міхаіла Чыгіра на выбарах, абвешчаных Вярхоўным Саветам у сувязі з заканчэннем 5-гадовага тэрміну прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Пракуратура дала санкцыю на ўтрыманне М.Чыгіра пад вартай, каб сарваць выбарчы працэс.

1999 - 5 красавіка, у Магілеве таямніча забіты Славамір Амбружэвіч - сябра БСДП «Народная грамада», назіральнік на выбарах. Цела знойдзена ў будаўнічым кар'еры на ўскрайку горада. Міліцыя адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу.

1999 - 6 красавіка, заўчасная смерць пры загадкавых абставінах намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання, старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэта Генадзя Карпенкі.На думку незалежных даследнікаў Карпенка стаў ахвярай замаху на жыццё, замакуфляванага пад раптоўную смерць.

1999 - 8 траўня, бясследнае знікненне экс-міністра ўнутраных справаў РБ, дзеяча апазіцыі Юрыя Захаранкі пасля заявы пра намер стварыць апазіцыйны «Беларускі саюз афіцэраў».

1999 - 24 траўня, у рэчышчы выкаранення беларускай мовы і гвалтоўнай русіфікацыі праз установы выхавання дзяцей у Гомельскім дзіцячым садку № 99 Францішка Яўсеенку, якога бацькі выхоўвалі ў беларускай мове, «педагогі» прызналі непаўнавартасным і прызначылі ў групу псіхічна недаразвітых дзяцей. Шчырая праява расізму.

1999 - 30 траўня, трагічная смерць 53 дзяўчат і юнакоў у падземным пераходзе станцыі «Няміга» менскага метро.

1999 - 3 ліпеня, глумленне 130 «байцоў» ваенна-патрыятычнага расейскага атрада «Беркут» над жыхарамі вёскі Мікалаеўка Светлагорскага раёна пад час 55-й гадавіны вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў. (Імітацыя захопу вёскі карнікамі СС, дзе ролю эсэсаўцаў выконвалі «беркутаўцы».)

1999 - 21 ліпеня, масавыя дзеянні апазіцыі з нагоды заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі, супраць узурпацыі ім улады. Перфоманс мастака Алеся Пушкіна перад рэзідэнцыяй Лукашэнкі. Масавыя затрыманні ўвечары ўдзельнікаў святочных гулянняў.

1999 - 16 верасня, увечары па дарозе дамоў бясследна зніклі віцэ-спікер адзінага легітымнага органа ўлады - Вярхоўнага Савета 13-га склікання, дзеяч апазіцыі Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

1999 - 24 верасня, закрылася газета «Навіны» пасля суда па сыску сакратара Савета бяспекі В.Шэймана.

1999 - 17 кастрычніка, у Менску на «Марш свабоды» сабраліся каля 20 тысяч чалавек. Пры руху па вул. Першамайскай шлях калоне перакрылі амапаўцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў. Агрэсіўнасць амапаўцаў вымусіла людзей да самаабароны. У сутычцы пацярпела больш за 50 міліцыянераў, арыштаваныя былі 100 удзельнікаў «Маршу». Асуджана 65 чалавек.

1999 - 3 снежня, жорстка збіты «людзьмі ў цывільным» тэлерыжысёр Леанід Міндлін, які зняў фільм пра лукашэнкаўскую дыктатуру ў Беларусі.

1999 - 19 снежня, у Віцебску група «людзей у цывільным» люта збіла Барыса Хамайду - галоўнага рэдактара незалежнай газеты «Выбар», лаўрэата прэміі Алеся Адамовіча.

XXI стагоддзе

2000 - 6 студзеня, канчатковае знішчэнне помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Малога Гасцінага двара на пл. Свабоды ў Менску. Вызваленае месца аддалі пад аўтастаянку.