1384 - напады палкоў князя Вітаўта на Віленшчыну і Гарадзеншчыну. Асада крыжакамі Лідскага і Ашмянскага замкаў.
Часы пасля Крэўскай вуніі
1385 - 15 жніўня, у Крэўскім замку адбылася цырымонія заключэння дынастычнай вуніі Вялікага Княства з Польскім каралеўствам. Князь Ягайла, атрымоўваючы польскую карону і каралеву Ядвігу, аддаваў Вялікае Княства Польшчы на жорсткіх умовах поўнай страты дзяржаўнасці ВКЛ. Гэта адразу забяспечыла яму польскія посілкі ў вайне з Вітаўтам. Вітаўт мусіў паверыць абяцанкам Ягайлы стаць яго намеснікам у ВКЛ і пайсці на замірэнне. Таму з боку Ягайлы вунія засведчана яго родным братам князем Сямёнам-Лунгвенам Мсціслаўскім і варожым да яго князем Вітаўтам. Неўзабаве Вітаўт аднавіў ваенныя дзеянні. Па сутнасці, з дня Крэўскай вуніі пачынаецца заняпад дзяржаўнай моцы ВКЛ. Дзяржаўная здрада Ягайлы (аддаў дзяржаву ў пасаг) заклала падмурак гістарычнай драмы, не разыгранай да канца па сёння.
1386 - хрышчэнне Літвы і Чорнай Русі (Гарадзеншчына), якія трымаліся язычніцтва, ў каталіцтва. Пачатак супрацьстаяння дзвюх хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі.
1386 - выступленне полацкага князя Андрэя супраць свайго малодшага брата, польскага караля Ягайлы, і Крэўскай вуніі.
1386 - абарона палачанамі горада ад палкоў князя Івана-Скіргайлы, роднага брата Ягайлы.
1386 - бітва войска Вялікага Княства са смалянамі на рацэ Віхры.
1388 - пачатак 4-гадовай барацьбы князя Вітаўта супраць Крэўскай вуніі і за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.
1389 - асада Мсціслаўя смаленскім войскам князя Святаслава.
1390 - паход польскага войска на чале з каралём Ягайлам на Гарадзенскае княства (вернае Вітаўту). 50-дзённая аблога палякамі Гарадзенскага замка.
1390 - аблога Віленскіх замкаў крыжакамі і палкамі князя Вітаўта. Разбурэнне Ніжняга замка і горада Вільні. Пры аблозе быў забіты малодшы брат Ягайлы князь Васіль-Казімір Віганд. Яму адсеклі галаву і насілі на дзідзе перад сценамі замкаў, запужваючы абаронцаў.
1391 - паход палкоў князя Вітаўта разам з крыжацкімі посілкамі на Вільню. Спаленне Крывога горада пры аблозе.
1391 - захоп войскамі князя Вітаўта з дапамогай крыжацкіх аддзелаў Гарадзенскага замка.
1391 - асада Наваградка войскам вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Валенрода.
1392 - разбурэнне князем Вітаўтам крыжацкага замка Рытэрсвердэр (каля Коўна) напярэдадні вяртання ў Вільню і каранацыі.
1392 - захоп крыжацкімі аддзеламі горада Суража.
1392 - 5 жніўня, заключэнне ў Востраве каля Ліды Востраўскага пагаднення паміж польскім каралём Ягайлам і князем Вітаўтам, якое паклала канец шматгадовай міжусобіцы і ўмацавала незалежнасць ВКЛ.
1392 - задушэнне вялікім князем Вітаўтам мяцежу князя Свідрыгайлы, малодшага брата Ягайлы, у Віцебску.
1393 - захоп і спаленне крыжакамі Гарадзенскага замка.
1393 - захоп крыжакамі з дапамогай палкоў, верных князю Вітаўту, Ліды і Лідскага замка.
1394 - безпаспяховая аблога Наваградка крыжацкім войскам вялікага магістра ордэна Конрада фон Юнінгена.
1394 - паход палкоў князя Свідрыгайлы разам з крыжакамі на Віцебск. Спаленне прадмесцяў горада. Узяць віцебскі замак крыжакі і прыхільнікі Свідрыгайла не здолелі.
1396 - паўторны захоп князем Свідрыгайлам Віцебска і адваёва горада палкамі вялікага князя Вітаўта.
1397 - паход войска Вялікага Княства на чале з князем Вітаўтам на крымскіх татараў.
1397 - аблога Воршы смаленскім войскам князя Святаслава.
1398 - дазвол князя Вітаўта татарам, што адыйшлі ад Арды, на сталае пасяленне на землях ВКЛ (Іўе, Слонім, Трокі, Менск) з абавязкам нясення вайсковай службы.
1399 - 12 жніўня, бітва войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам (сумесна с польскімі, крыжацкімі посілкамі) з ардынскімі татарамі хана Эдыгея на рацэ Ворскле (Украіна). Самая няўдалая для Вялікага Княства бітва сярэднявечча. У сечы палегла дзве траціны войска Вялікага Княства, загінулі 60 беларускіх, летувіскіх, украінскіх князёў, сярод іх героі Кулікоўскай бітвы - Андрэй Полацкі, Дзмітрый Бранскі, Дзмітрый Баброк Валынскі. Параза ўзмацніла залежнасць ВКЛ ад Польшчы.
1401 - спроба смаленскіх князёў адыйсці ад Вялікага Княства Літоўскага. Аблога Смаленска войскамі князя Вітаўта.