Выбрать главу

Праходзячы каля Жэневай хаты, Аляксей Дарафей бачыў, як у двары ў пяску зноў калупаюцца дзяўчынкі, і дзівіўся з такой хуткай, відавочнай змены пакаленняў, з такой простай цыклічнасці жыцця. Калі-небудзь яго акліквала Анька:

— Дзядзька Аляксей!

Ён падыходзіў, абапіраўся на нізкае шула плота. Балбатлівая Анька расказвала, што яе бацька Жэня захварэў у турме і памёр там, маці Тацяна даўно на пенсіі, няньчыць унучак; ногі ў яе моцна пухнуць, таму ў вёсцы не з’яўляецца ніколі.

Слухаючы яе, гледзячы на яе, такую вялікую, Дарафею прыгадваліся Жэневы словы: «Можа, для цябе мае гадуюцца», і думаў, што Жэня недалёкі быў ад ісціны.

І ў ім пачынала варушыцца нейкая крыўда, нават прыкрасць. Чаму яно ўсё так?.. Чаго Жэня не бярогся? Яму трэба былі тыя вагоны, каб потым расплаціцца жыццём за скрынку памідораў! А мог бы жыць, гадаваць дачок, радавацца ўнучкам, працаваць разам з ім, Дарафеем… Пасля Жэні ў яго так і не з’явілася блізкага сябра.

— А я цябе вось таку-у-сенькую, — паказваў Дарафей рукою, — без трусоў памятаю.

— Не кажыце, мне сорамна!

І яшчэ дзялілася навінамі гаманкая, добрая Анька, расказвала, што «цётка Света» даўно выйшла замуж за чэха і жыве ў Празе, «цётка Аксана» таксама замужам у Мінску; не прыязджаюць, бо такія часы, што кожны жыве сваім жыццём…

Дарафей слухаў мілую шчабятуху, ківаў, перапытваў, і яшчэ больш здзіўляўся. Усе персанажы з яго далёкага юнацтва ўяўляліся яму цяпер такімі нерэальнымі! Нават самыя імёны: Тацяна, Аксана, і Света, ды і Жэня — гучалі для яго як глухое, з іншага свету, рэха.

IX.

І вось праз 15 гадоў, у маі месяцы, у цэнтры Мінска на Круглай плошчы лёс вяртаў яго ў мінулае. Даваў яшчэ адзін шанец сказаць недасказанае, а можа, і зрабіць недаробленае…

— Колькі ж гэта мы не бачыліся! — паўтарала радасная, узбуджаная Ксю.

— Роўна пятнаццаць гадоў.

— І ты так лёгка, адразу пазнаў мяне?

— Ты не змянілася, ніколькі.

— Ага, не змянілася!.. Трыццаць два гады, двое дзяцей. Вось калі мне стукнула трыццаць — гэта быў шок! А потым перастала глядзецца ў люстэрка, мінімум касметыкі… І памагло! Калі не камплексуеш, арганізм сам сябе пачынае рэгуляваць.

Яе вочы вішнёвага колеру вільготна блішчэлі. Дарафей бачыў, што яна непрыхавана, шчыра рада, і гэта пакрысе пачало перадавацца яму.

— Тое, што я цябе пазнаў, нічога дзіўнага — ты зусім не змянілася. А вось як ты мяне?

— Я б цябе пазнала нават з барадой да пояса. Нават калі б мы сустрэліся ў іншым жыцці і ты быў бы ў іншым абліччы. Ты мне так часта сніўся! — і ў сне, з гадамі, сталеў разам са мною. Акурат такім ты мне і бачыўся ў апошніх снах.

— А ты мне снілася заўсёды аднаго ўзросту, шаснаццаць з хвосцікам.

— Калі мне было шаснаццаць, а табе дваццаць, вось дзе была касмічная розніца! А цяпер, калі мне 32, а табе 35 — гэта нішто. Аднагодкі.

Яна азірнулася.

— Давай куды-небудзь зойдзем? Хочаш у «Бярозку»? Кавы пап’ем…

У «Бярозцы» ў фае яны адбіліся ў вялікім люстры, і Дарафею нечакана спадабаўся яго двайнік: у чорных джынсах, белай майцы, загарэлы, дужы, наліты мужчынскімі здаровымі вясковымі сокамі, выглядаў ён малайцавата. Побач Ксю моцна трымала яго за руку, нібы баючыся, што ён уцячэ.

— Я так і ведала, што мы калі-небудзь сустрэнемся. Гэтага не магло не адбыцца, бо мне вельмі хацелася, а калі моцна хочаш — абавязкова спраўдзіцца.

Столік, попелка, пах кавы — і недарэчная музыка, веснавой сонечнай раніцай, калі побач — парк, рака, птушкі… Ксю закурыла.

— Ну, расказвай. Хто ты, дзе ты, кім ты?

— Усё там жа, — неахвотна адказаў ён. — У вёсцы жыву, на станцыі працую.

— Не можа быць! Праўда?!

Ён пасміхнуўся.

— Няма нічога больш пастаяннага за часовае.

Ён пачаў расказваць, што працуе брыгадзірам, прывязаны да хворай маці.

— Дык ты… у вёсцы, — не слухала яна. — У той самай — нашай, далёкай… Як мне сніцца ўсё гэта, як не хапае!..

— Нічога ўжо не засталося ад нашай вёскі, — сказаў ён. — Зарасло, і бэз ніхто не ломіць — акурат як у вас у Мінску.

— Усё роўна хочацца туды, да бяспамяцтва.

— Дык прыедзь. Гэта ж не цяжка. Ці занятая вельмі? Спраў многа?