— Ды не сказаць… Усё ў мяне о’кей. Муж, дзеткі… Большай дзесяць, меншай пяць. Працую псіхолагам. І выкладаю псіхалогію.
— «Лексус», — не без з’едлівасці заўважыў ён.
— І «Лексус».
— Муж таксама псіхолаг?
— Амаль што, — усміхнулася яна. — А колькі тваім дзецям?
— Я не жанаты… У сэнсе, халасты… Адзін… кажу ж.
На яе твары адначасова з’явіліся недавер, здзіўленне і радасць.
— Ты жартуеш? Ніколі не паверу! Такі мужчына…
Яна задумалася, потым, апусціўшы вочы, ціха спытала:
— Гэта… з-за мяне?
— Ну што ты! Так склалася, так стала пытанне: жонка ці маці. Ды нідзе і не бываю, дзе мог бы пазнаёміцца з жанчынаю, а калі б і бываў, і пазнаёміўся — хто цяпер захоча жыць у глухой вёсцы, з хворым чалавекам?
— А чаму ты мне не пісаў, не адказваў на лісты, не шукаў мяне? — паўшчувала яна мяккім, як колер вачэй, голасам.
— Навінаў не было.
— Хіба ж мне навіны трэба? Мне ты трэба быў. Я шукала цябе па розных сацыяльных сетках… Ці ты не займаешся гэтым?
— Чаму — у мяне ўсё ёсць. Тэлевізар з «талеркаю», кампутар, усе навароты… Машына, дарэчы, — пахваліўся ён. — Не «Лексус», канечне, але таксама іншамарка. Маці ў паліклініку звазіць, па прадукты ў горад з’ездзіць…
Ён загаварыў пра адлегласці, якія цяпер не маюць вялікага значэння, пра сацыяльны статус, узрост і месца пражывання — як ўсё гэта знівеліравана, наколькі ўраўнялася.
— Так што неабавязкова дзікуны жывуць у вёсцы, — сказаў ён. — Зазіраю я і ў кампутар, і ў сацсеткі, але не люблю. Агрэсіі многа. Лепш ужо старая добрая кніга, якую ведаеш на памяць…
— Колькі ў цябе часу? — перабіла яна.
— Гадзіны дзве, можа, больш.
— Слухай, тут тлумна, музыка. Хадзем да мяне? Я цябе запрашаю ў госці. Гэта зусім блізка. Кавы пап’ем…
Тыя ж вочы, тыя ж словы, сказаныя адным і тым жа голасам, на міг перанеслі яго на пятнаццаць гадоў назад, у тое самае лета.
— Ксю… Даўно хацеў у цябе спытаць. Запрашэнне «на каву» — я тады быў упэўнены, што яно толькі адно азначае.
— Яно толькі адно і азначала. Малая была, дурная. Рыхтавалася, хацела, каб лепш, прыгажэй, рамантычна… Набівала сабе цану, вылучыцца хоць нечым хацела… А як перажывала потым!
Яна зноў пацягнулася да пачка з цыгарэтамі, але не закурыла.
— Дык паедзем? Дома нікога няма. Пустая кватэра.
— А дзеці?
— Большая ў школе, меншая ў садзе.
— А праца?
— Я пазваню ім зараз.
— А муж?
— Ты што, зноў баішся? Шукаеш прычыны не ехаць? Дзе тут муж? Пакажы мне яго. Людзі існуюць, пакуль яны ў полі нашага зроку. А знік з вачэй — значыць, няма яго ў прыродзе. Ну, а калі з’явіцца — з балкона будзеш скакаць. Жартую, на працы муж. Да таго ж у нас першы паверх.
X.
У салоне «Лексуса» стаяла ватная цішыня. А ў яго «Кіа» хоць зачыняй вакно, хоць адчыняй — аднолькава, кожны гук звонку чуваць. Не больш як праз тры хвіліны машына ўкацілася ў зялёны дворык. Многа дрэў, клумбы, кветкі. Вялікая дзіцячая пляцоўка. Трохпавярховы цагляны дом, падобны на катэдж. Каля пад’езда бабуля адной рукой калыхала каляску, другой прыціскала да вуха тэлефон, і чамусьці па-беларуску, манатонна, як аўтаадказчык, паўтарала: «…Паехаў у вёску — прабіў галаву, паехаў у вёску — прабіў галаву, паехаў у вёску — прабіў галаву…» У калясцы сядзеў і хітра пазіраў на Дарафея, відаць, сам герой паездкі ў вёску — малы з забінтаванай галавою, абмазаны зялёнкаю.
— Бесталковы, — сказала Ксю, адчыняючы дзверы. — Не разумею, як гэта паехаць у вёску і прабіць галаву?
У калідорчыку адразу кінуліся ў вочы чужыя мужчынскія туфлі пад вешаком, а побач — дзіцячыя сандалікі. У ванным пакоі на шнуры, на нікеляванай трубе сохлі шкарпэтачкі, калготкі, трусікі, маечкі — усё яркіх дзявочых колераў, у кветкі, мячыкі, слонікі; і зноў — пад люстрам на палічцы ў празрыстым пластыкавым футарале — дарослы, непрыемны, чужы тут станок для галення.
— У вас адны дзеўкі нараджаюцца, — сказаў Дарафей, выходзячы на кухню з ручніком, выціраючы рукі.
— Добра — вайны не будзе…
Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай…
— І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.
— Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца… А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, — апраўдваючыся, патлумачыла яна. — Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?
— Гэта мой самы светлы ўспамін.
— І мой…
Так яны ільсцілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе — хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці? — ён шчыра зайзросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.