Выбрать главу

— Ну, хваліся! Чым скончылася?

— Нічым… Пасядзелі, пагаварылі…

— Усё зразумела з табою. Пашкадаваў п… — сам п… стаў, — махнуўшы рукой, рэзюмаваў Жэня.

Між тым часу да першага экзамена амаль не засталося. Кніжак, розных абітурыенцкіх дапаможнікаў Аляксей яшчэ ў пачатку лета поўна набраў у гарадской бібліятэцы; яны ляжалі на тумбачцы сімпатычным стосам, ён любаваўся імі, ды так ні разу не разгарнуў. Уся надзея была на армейскую характарыстыку. У войску казалі, што з добрай характарыстыкай прымаюць амаль без экзаменаў. Восьмага жніўня ён апрануў касцюм, павязаў гальштук, начысціў чаравікі і паехаў у Мінск — паступаць на «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», разлічваючы, што прабудзе ў сталіцы дзён дзесяць мінімум, па два дні на кожны іспыт: супрамат, фізіка, замежная мова, сачыненне. А прыехаў дамоў… праз дзень, безнадзейна праваліўшы першы ж экзамен. Ён углядаўся ў білет, а бачыў шпалы, рэйкі, расу, круглую траву «перакаці-поле»… Белыя трусікі на загарэлых ножках… Словам, лезла ў галаву абы-што. Нічога людскага з такой здачы не магло атрымацца.

Ён вяртаўся дамоў з пачуццём сораму і з адчуваннем, што не апраўдаў нейкіх надзей, якія на яго кімсьці ўскладаліся, не выканаў якогась важнага, даручанага яму задання, і вось вяртаецца — прыніжаны і з пустымі рукамі. Як яго сустрэнуць? Што скажуць? Што яму адказваць?

Аднак дарэмныя былі яго перажыванні. Нічога не змяніліся, у брыгадзе ніхто не ўспрыняў яго правал як няўдачу. Німб «вялікай будучыні» не пабляк над яго галавою.

— На другі год паступіш, — упэўнена заявіў Жэня. — Тваё ад цябе не ўцячэ!

Маці дык увогуле не хавала радасці. Ёй добра было з сынам — такая дапамога, праца блізка, грошы неблагія. Аляксей супакоіўся, і зноў жыццё пайшло, як і раней, пакацілася па сваіх знаёмых роўных рэйках. Восенню, у канцы верасня, Жэня паведаміў яму, што Ксю паступіла, ды не абы-куды — у БДУ:

— Пашкадавалі яе, — чамусьці вінавата дадаў Жэня, нібы апраўдваючы Аляксея і асуджаючы спрытную пляменніцу. — Узялі як сірату, з чарнобыльскай зоны…

Вось гэтая навіна па-сапраўднаму ўкалола самалюбства. Цяпер Аляксею было з чым параўноўваць уласную няўдачу — з чужой удачай. Да таго ж ён не сумняваўся, што «сіроцтва» і «зона» тут справа дзясятая, а проста Ксю, як разумная дзяўчынка, у адрозненне ад яго аказалася лепш падрыхтаванай.

З Ксю была ў іх яшчэ адна сустрэча — апошняя. З нізкага неба на скапаныя грады, на пусты, непрыветны, без дзяцей і курэй двор імжэў дождж, і стаяў у паветры, як туман. Ксю сказала, апусціўшы вочы:

— Прабач, калі можаш: і за той вечар. І…

Яна запнулася, але ён зразумеў — «і за паступленне».

— Ты толькі не губляйся, добра? — горача сказала яна. — Пішы! Я цябе буду чакаць у Мінску. Ты абавязкова паступіш, мы будзем разам!

VIII.

Да канца восені ад Ксю прыйшлі два лісты.

Аляксей разрываў канверт з нецярплівым хваляваннем, спадзеючыся ўбачыць пісьмо з размытымі ад слёз радкамі, у якіх настальгічна, з сумам раскаяння ўспаміналася б іхняе лета, была б розная лірыка… Словам, чакаў таго, што ў яго самога было на душы і ў памяці. А ўбачыў — вясёлы, шпаркі почырк, узнёсла-радаснае паведамленне, як ёй добра ў Мінску, як яна ажыла там, колькі ў яе новых сяброў… Яна і яму, Аляксею, ад усяе душы раіць любым чынам імкнуцца ў Мінск, бо «толькі тут сапраўднае жыццё!..»

У другім лісце Ксю прасіла дапамогі. Ім далі заданне (яна паступіла на псіхалогію) зрабіць апытанку-тэст, і вось яна просіць Аляксея адказаць:

а) ці задаволены Вы сваім жыццём;

б) якія колеры выклікаюць у Вас трывогу, якія — супакой;

в) ці была ў Вас у дзяцінстве якаясь псіхалагічная траўма;

г) …

Расчараваны, пакрыўджаны, ён не адказаў. Ды і пра што было пісаць? Чым маглі яе зацікавіць іхнія лакальныя, мясцовага маштабу навіны? Тое, што ён перавёўся з сезонных рабочых у пастаянныя? Ці што яе дзядзьку — Жэню Бракарэнку, разам з брыгадзірам Рэвутам застукалі-такі на крадзяжы, і ў вёску прыехаў міліцэйскі «ўазік», забіраць яго. Перад тым, як сесці ў машыну, Жэня тужлівым паглядам аббег двор, агарод, дарогу, лес за ёю, падняў вочы ў неба — нібы развітваючыся назаўсёды.

«За бацькаў х… — ды век гаруй», — прамовіў ён і палез у машыну. Тацяна галасіла па ім, як па нябожчыку. Анька і Валька не адставалі, трымаючыся з двух бакоў за яе спадніцу.

Рэвут атрымаў два гады, Жэня — тры. Жонка Рэвута, кіргізка, неўзабаве з’ехала ў Кіргізію. Дзед нядоўга радаваўся знікненню ворага, сам захварэў, не мог больш працаваць — нават змазваць мазутам рэйкі ў яго ўжо не стала сілы. Шура таксама звольнілася і, нібыта, зноў пайшла ў буфетчыцы на любімы металургічны. Брыгаду, як вайсковую адзінку пасля баявых стратаў, давялося тэрмінова дафармоўваць новымі людзьмі з горада.