Джэк Лондан
Памылка
А-Чо не разумеў францускай мовы. Памяшканьне суда было перапоўнена народам. Чыноўнікі адзін за адным бесьперапынку і хутка гаварылі. Змораны А-Чо слухаў нехаця, няўважліва. Аб чым яны балбаталі? Страх якія дурныя гэтыя французы! Яны шукаюць таго, хто забіў Чанг-Га і ня могуць знансьці. Усе пяцьсот кулі[1] з плянтацыі ведалі, што забіў А-Сан, але яго да гэтага часу яшчэ не арыштавалі. Праўда, кітайцы ўмовіліся не выдаваць адзін аднаго на судзе, але ўсё-ж французы лёгка маглі здагадацца, што забіў А-Сан. Яны зусім дурныя гэтыя французы!
А-Чо не баяўся. Ён не памагаў забіваць. Праўда, ён быў там, і калі Шэмер, прыганяты з плянтацый, ускочыў у барак, ён застаў яго на месцы разам з чатырма ці пяцьма іншымі кітайцамі. Але што з таго? Чанг-Га меў дзьве кінжальныя раны. Кожнаму ясна, што пяць ці шэсьць чалавек не маглі ўкалоць толькі два разы. Калі-б нават кожны чалавек укалоў па разу, дык і то гэта маглі зрабіць толькі двое.
Так разважаў А-Чо. Ён разам са сваімі таварышамі хлусіў, блытаўся, калі апавядаў суду пра здарэньне. Яны, як і Шэмер, пачулі шум і прыбеглі. Яны прыбеглі туды раней за Шэмера — вось і ўсё. Праўда, Шэмер сказаў судзьдзям, што ён, перш чым увайсьці, пяць хвілін прастаяў на дварэ і ўжо потым, калі добра разабраўся, ускочыў у памяшканьне. І, галоўнае, што ўсе пяцёра арыштаваных былі ўжо ў бараку, і яны не маглі толькі што папасьці сюды, бо ён стаяў каля адзінага на ўвесь барак уваходу. Але што з гэтага? А-Чо і яго таварышы ў сваіх апошніх словах давялі, што Шэмер памыліўся. Нарэшце іх усё-ж выпусьцяць. Яны верылі ў гэта: ня могуць-жа адцяць галовы пяці чалавекам за дзьве кінжальныя раны? Апрача таго, ніхто з чужаземных чарцей ня бачыў забойства. Але якія гэтыя французы дурні! А-Чо добра ведаў, што ў Кітаі суд загадаў-бы ўчыніць допыт над усімі і так дабіўся-б праўды. Вельмі лёгка выведаць праўду пад прымусам. А гэтыя французы ня ўмелі як сьлед прымусіць, — вось якія яны дурні. Таму вось яны і не даведаюцца ніколі, хто забіў Чан-Га.
Але А-Чо разумеў ня ўсё. Ангельская кампанія многа патраціла грошай, калі прывезла на выспы Таіці пяцьсот кулі. Пайнікі патрабавалі прыбыткаў, а кампанія ня выплаціла пакуль што нічога. І таму кампанія зусім не хацела таго, каб яе рабочыя сварыліся і забівалі адзін аднаго. Апрача таго, тут былі і французы, якія з ахвотаю старалісявыпрабаваць на «кітаянках» усе тонкасьці францускіх законаў. Урэшце, для чаго-ж тады здалася Новая Каледонія як не для таго, каб высылаць туды людзей на пакуту за тое, што яны выявілі людзкую слабасьць — зрабілі які-небудзь учынак?
А-Чо ня ведаў усяго гэтага. Ён сядзеў у залі суда і чакаў, калі зьбітыя з толку судзьдзі выпусьцяць яго з таварышамі назад на плянтацыю, каб адрабіць свой час згодна контракту. Прысуд будзе скора. Справа канчалася. Ён гэта бачыў. Сьведак больш не выклікалі, чыноўнікі балбатаць перасталі. Францускія чэрці таксама змарыліся і, як відаць, таксама чакалі прысуду. І А-Чо, чакаючы, успомніў, як ён падпісаў контракт і паплыў на Таіцы. У яго прыморскай вёсцы жылося вельмі цяжка. І калі ён прадаў сябе на пяць гадоў для гэтай работы ў Паўднёвым моры за пяцьдзесят мэксыканскіх цэнтраў на дзень, дык ён адчуў сябе шчасьлівым. У яго вёсцы людзі працавалі год за дзесяць мэксыканскіх даляраў. Былі жанчыны, якія цэлы год плялі сеткі за пяць даляраў, а дзяўчаткі-наймічкі мелі за год службы ня больш чатырох даляраў. А ён будзе атрымліваць па пяцьдзесят цэнтаў на дзень; за адзін, адзін толькі дзень ён заробіць гэтулькі грошай. Праз пяць гадоў ён вернецца дахаты, — так напісана ў контракце, — і тады яму ня прыдзецца больш працаваць. Ён будзе багатым на ўсё жыцьцё. У яго будзе свая хата, жонка, дзеці, якія вырастуць і будуць паважаць яго. Так, а за хатаю ён разьвядзе невялікі садзік, — там ён будзе адпачываць і думаць аб чым-небудзь, — дзіўны, ціхі сад: залатыя рыбкі плёхаюцца ў маленькай сажалцы, званочкі зьвіняць на дрэвах ад подыху ветрыку, а кругом высокая сьцяна абараняе яго ціхі спакой і разважаньні.
І вось ён адбыў ужо тры гады з пяці. Ён ужо багаты чалавек (як для свае вёскі), ён хавае заробленыя грошы. I толькі два гады яму засталося працаваць на плянтацыі ў Таіці, а тады яго чакае лепшая будучыня, калі можна будзе спакойна жыць і разважаць. А цяпер яму прыходзіцца траціць грошы з прычыны гэтага няшчаснага выпадку і толькі таму, што пры ім забілі Чанг-Га. Тры тыдні ён прасядзеў у турме, і кожны дзень траціў па пяцьдзесят цэнтаў. Але цяпер суд скончыўся, і ён вернецца на работу.
А-Чо было дваццаць два гады. Ён быў вясёлым, добрымі спакойным кітайцам, часта ахвотна ўсьміхаўся. Цела ў яго было тонкае і гібкае, як наогул у жыхароў Азіі, а твар поўны і круглы, як месяц, і сьвяціўся пакорлівасьцю і ласкавай прыветнасьцю, што ня лёгка сустрэць сярод яго таварышоў. Такім-жа добрым быў А-Чо і па натуры. Ён нікога не чапаў, ні з кім не сварыўся. Гульнямі ня цікавіўся. Таму па натуры ён быў спакойным і далікатным. Ён весяліўся ад простай радасьці. Цішыня і спакой сьвежага, вільготнага вечара пасьля гарачага працоўнага дня прыносілі яму бязьмежную радасьць. Ён гэтым быў задаволены. Ён цэлымі гадзінамі глядзеў на якую-небудзь краску і марыў пра таемнасьць і загадкі жыцьця. Белая чапля на пясчаным беразе, плёскат рыбы, ружовы вячэрні захад, — усё гэта захапляла яго; ён зусім забываўся ў такія часы пра цяжкі мінулы дзень і балючы бізун Шэмера.