Крушо сьцебануў мулаў бізуном і паехаў далей. Ён зірнуў на гадзіньнік. Ён ужо спазьніўся на паўгадзіны, і сэржант, напэўна, злуе. Крушо пусьціў мулаў рысяком. Чым больш А-Чо дамагаўся, тым больш сярдзітым рабіўся Крушо. Ён ведаў цяпер, што з ім сядзіць ня той чалавек, і гэта яго турбавала. Ня ён памыліўся, — што яму за бяда? Ён робіць тое, што загадалі. Навошта ён будзе ўводзіць у злосьць сэржанта? Ён гатоў хоць дванаццаць невінаватых кітайцаў прывесьці на кару…
Што было рабіць А-Чо? Ён замоўк пасьля таго, як жандар стукнуў яго па галаве ручкай бізуна і крыкнуў: «зачыні ляпу!»
Ехалі моўчкі. А-Чо думаў аб дзіўных учынках белых чарцей. Ніяк не зразумееш іх. Тое, што выраблялі яны над ім, было гэтак-жа незразумелым, як і ўсе іх учынкі. Спачатку яны прызналі вінаватымі пяць бязьвінных чалавек, потым яны парашылі адцяць галаву таму чалавеку, якому нават самі, нічога ня ведаючы, прысудзілі толькі дваццаць гадоў турмы. Тут ужо нічога ня зробіш. Трэба сядзець і чакаць, што зробяць з ім гэтыя ўладары жыцьця. На хвіліну ахапіў яго жах, халодным потам аблілося цела. Але ён перамог сябе. Ён стараўся ня думаць аб тым, што яго чакае, і хацеў успомніць для сьмеласьці радкі з «Ін-Чы-Уэн» (шлях сапраўднага супакою). Але замест гэтага, як звычайна, выплылі мары пра сад супакою, адпачынку і развагі. Ён турбаваўся, а потым моцна задумаўся і сядзеў у сваім садзе, слухаючы ціхі звон званочкаў на дрэвах. І—о, шчасьце! — седзячы ў гэтым садзе, ён успомніў і прагаварыў сабе пацяшальныя радкі з «Шляху сапраўднага супакою».
Гэтак добра было ўвесь час, пакуль яны ня ўбачылі Ацімаоно і пакуль мулы не пад ехалі да эшафоту, дзе стаяў злосны ад нецярплівасьці сэржант. А-Чо борзда ўзьвялі па драбінках на эшафот. Ён убачыў унізе ўсіх кулі з плянтацыі. Шэмер парашыў, што гэты выпадак мусіць добра напалохаць кулі і адбіць у іх усялякую ахвоту да падобных учынкаў, і таму загадаў усім сабрацца на месца пакараньня. Толькі А-Чо паказаўся на эшафоце, як у грамадзе пачуўся гоман. Кітайцы ўбачылі памылку, але гаварылі толькі між сабою. Гэтыя незразумелыя для іх белыя чэрці, мабыць, перадумалі. Замест аднаго невінаватага яны пакараюць другога такога-ж. А-Чоў або А-Чо — ці ня ўсёроўна? Яны ніколі не маглі зразумець гэтых белых сабак, гэтак-жа, як белыя сабакі нс разумелі іх. Адсякуць галаву, але-ж яны праз два гады вызваляцца ад нявольніцкай работы і вернуцца ў Кітай.
Шэмер сам зрабіў гільётыну. Ён быў майстрам на ўсе рукі, і хоць ніколі ня бачыў гільётыны, але даведаўся аб усім ад францускіх чыноўнікаў. Шэмер параіў начальству наладзіць пакараньне ў Ацімаоно замест Палеіці. Шэмер даводзіў, што лепш караць там, дзе чалавек правініўся: гэта зробіць добры ўплыў на пяцьсот кітайцаў плянтацыі. Шэмер з ахвотаю ўзяўся сам правесьці пакараньне, і таму спрабаваў на эшафоце падрыхтаваныя прылады. Пад гільётынай ляжала калодка з бананавага дрэва таўшчынёю з чалавечую шьпо. А-Чо, поўны жудаснага страху, пазіраў на гільётыну, нібы зачараваны зьмяёю. Немец павярнуў руку і падняў лязо да верху козлаў. Потым ён тузануў за тоўстую вяроўку, і лязо бліснула, упала і начыстую расьсекла бананавы ствол.
— Ну, як — бярэ? — запытаўся сэржант, узлазячы на эшафот.
— Вельмі добра! — з радасьцю адказаў Шэмер. — Зараз я вам пакажу.
Ён зноў падняў нож, тузануў за вяроўку, і лязо з гулам апусьцілася на мяккае дрэва. Але на гэты раз, аднак лязо расьсекла ня ўсё дрэва.
Сэржант нахмурыўся.
— Ня выйдзе, — сказаў ён.
Шэмер выцер пот з ілба.
— Трэба цяжару больш, — сказаў ён.
Падышоўшы да краю памосту, ён загадаў кавалю, каб тон даў яму кавалак жалеза вагою на дзесяць кілёграм. Пакуль ён прыладжваў гэты кавалак да шырокага канца ляза, А-Чо зірнуў на сэржанта і парашыў скарыстаць выпадак.
— Шаноўны судзьдзя сказаў, што галаву адцяць трэба А-Чоў…—пачаў ён.
Сэржант нецярпліва кіўнуў. Ён думаў пра далёкую дарогу ў гэты вечар на другі бок выспы і аб прыгожанькан мулатцы Бэрце, дачцы Лаф’ера, гандляра пэрламі, якая чакала яго там.
— Ды вось, я не А-Чоў, я А-Чо. Шаноўны начальнік турмы памыліўся. А-Чоў—высокі, а я, паглядзеце, зусім малога росту.
Сэржант борзда зірнуў на кітайца і ўбачыў памылку.
— Шэмер! — крыкнуў ён начальніцкім тонам. — Хадзеце сюды.
Немец замармытаў нешта, але не адарваўся ад работы, пакуль не прывязаў жалеза.
— Гатоў ваш кітаяшка? — запытаўся ён.
— Зірнеце на яго, — адказаў сэржант — ці той гэта кітаец? Шэмер зьдзівіўся. Ён злосна вылаяўся, з жалем зірнуў на эшафот, які збудаваў уласнымі рукамі і работу якога яму хацелася ўбачыць як мага барджэй.