Выбрать главу

— Слухайце, — сказаў ён, нарэшце, — мы ня можам адкладваць. Ужо тры гадзіны не працуюць гэтыя пяцьсот кітайцаў. Не магу-ж я адарваць іх з работы зноў, толькі праз тое, каб пакараць каго трэба. Давайце скончым на гэтым. Гэта-ж усёроўна кітаяшка.

Сэржант успомніў вячэрнюю дарогу, дачку гандляра пэрламі і затурбаваўся.

— Вінаватым будзе Крушо, калі аб гэтым даведаюцца, — даводзіў немец. — Але наўрад ці даведаюцца. А-Чоў ня скажа пра сябе.

— Абвінавацяць скарэй за ўсё ня Крушо, — сказаў сэржант. — Напэўна, памыліўся наглядчык турмы.

— Ну, дык давайце канчаць. Нам што — мы тут ні прычым. Хто адрозьніць аднаго кітаяшку ад другога? Мы скажам, што дасканала выканалі загад і ўсё. Апрача таго, я не магу адрываць гэтых кулі ад работы ў другі раз.

Яны гутарылі па-француску, але А-Чо, хоць і не разумеў ні слова, ведаў, што яны вырашаюць пытаньне пра яго жыцьцё. Ён ведаў што ўсё залежыць ад сэржанта, і таму ня спускаў вачэй з яго губ.

— Добра, — заявіў сэржант. — Канчай. Няма што доўга валэндацца з кітаяшкам.

— Я паспрабую яшчэ раз, каб лепш вышла. — І Шэмер падсунуў бананавы ствол пад нож, які ен зноў узьняў да верху козлаў.

А-Чо паспрабаваў прыпомніць што-небудзь з «Шляху сапраўднага супакою». Успомніў: «Жывеце ў згодзе», але гэта не падыходзіла. Яму ня прьддзецца жыць, ен зараз памрэ. «Даруйце крыўду». Так, але-ж тут ня было крыўды, якую трэба дараваць. Шэмер і іншыя рабілі ўсё гэта бяз крыўды. Для іх гэта звычайная работа, якую яны рабілі так-жа проста, як карчавалі джунглі, капалі канавы, саджалі расьліны.

Шэмер тузануў вяроўку, і А-Чо забыўся пра «Шлях сапраўднага супакою». Нож апусьціўся з глухім гулам і адсек кавалак дрэва.

— Вельмі добра! — крыкнуў сэржант, закурыўшы папяросу. — Вельмі добра!

Шэмер засьвяціўся радасьцю ад хвальбы.

— Ну, хадзі сюды, А-Чоў,—сказаў ён на таіцянскай мове.

— Але-ж я не А-Чоў…—пачаў А-Чо.

— Маўчаць! — быў адказ. — Калі ты яшчэ раз разявіш рот, я размалачу табе галаву.

Нагляднік пагразіў яму кулаком, і А-Чо замоўк. Якая карысьць спрачацца? Гэтыя чужаземныя чэрці пастаянна робяць па-свойму. Ён даў прывязаць сябе да дошкі, гэткай-жа невялічкай, як яго цела. Шэмер моцна зашмаргнуў петлі, так моцна, што яны ўрэзаліся ў цела А-Чо. Але ён ня скардзіўся. Пакутваць прыдзецца ня доўга. Дошка захісталася, нахілілася. І А-Чо заплюшчыў вочы. У гэты час перад ім у апошні раз вьшлыў сад супакою і развагі. Яму здалося, што ён сядзіць у гэтым садзе. Вее крыху вільготны ветрык, а на дрэвах ціха звоняць званочкі. Радасна шчабечуць птушкі, праз высокую сьцяну далятаюць глухія песьні і гукі з вёскі.

Тут А-Чо пачуў, што дошка спынілася, і зразумеў, што ён ляжыць дагары.

Ён расплюшчыў вочы. Проста над сабою ён убачыў нож, які блішчэў на сонцы. Ён убачыў таксама прывязаны кавалак жалеза і заўважыў, што адзін вузел саскочыў. Потым пачуў каманду сэржанта. А-Чо борзьдзенька заплюшчыў вочы. Ён не хацеў бачыць, як спусьціцца нож. Але ён адчуў гэта, адчуў на адзін вялікі, лятучы міг. І ў гэты міг ён успомніў Крушо і тое, што той казаў. Але Крушо памыліўся. Нож не казлытаў. Толькі гэта зразумеў А-Чо, перш чым перастаў думаць.