Выбрать главу

Лявон патлумачыў Настачцы, што адбываецца ў краіне:

-- Апазыцыя падзялiлася на два лагеры. Лiдэры грамадскага руху "Дураадвод за Народ" закінулі лiдэрам партыі Аб’яднанай Мудрасьці (АМ) ў віну, што яны ўсе тайныя агенты i стаўленiкi краiны Вялiкай Мудрасьці. Дураадводаўцы прынцыповым праграмным патрабаваннем зрабiлi тэставаньне на дурамеры ўсiх кандыдатаў у Прэзыдэнты i ў дэпутаты.

Лiдэры партыі Аб’яднанай Мудрасьці прынцыповым праграмным палажэньнем прынялі два тэзiсы:

1. Усе лiдэры антыдурацкай партыi ёсць генii.

2. Кожны чалавек, якiм бы дурнем цi вар'ятам нi быў, мае права на роўных удзельнiчаць у канкурэнтнай барацьбе на рынку эканамiчным i палiтычным.

Лявон прывёз Настачку на плошчу Чаканьня Рэвалюцыі Андрэя Клімава. Там дзе стаяў прэзыдэнцкі палац, месьціўся адкрыты басейн, абкладзены мармурам і абсаджаны ў перыметры дрэвамі. Над ім дугамі перакрыжоўваліся масты-ходнікі, якія пачыналіся з кутоў басейна. Пасярэдзіне басейна, выступаючы з паверхні вады, стаяла мармуровая зямная куля. З яе тырчэў мармуровы стод -- копія Шклоўскага ідала. З дзіркі ў яго галаве высока біў струмень вады, які затым парасонам накрываў ходнікі над стодам. Па перыметру басейна стаялі мятровыя каменныя фаласы крыху нахіленыя да сярэдзіны і таксама струменілі ў вадзяны ідалаў парасон.

-- Гэта новы беларус пабудаваў, каб выйграць парламенцкія выбары. Моладзь адразу палюбіла гэтае месца, і назвала яго Боскім. Чаму - так ніхто і не ведае. Але ўжо ёсьць прыкмета – тут нікому нічога не абяцаць, а калі і даваць слова, то толькі жартуючы, і дадаваць: «Ты ж мне тут не вер». І лічыцца, што калі дзяўчына і хлопец пройдуць разам пад вадзяным парасонам без слоў і візгату, тады іхняе каханьне будзе моцным і дзеці добра народзяцца.

Было горача, і маладыя плавалі ў басейне. Зухі скакалі з ходнікаў, ластаўкамі пралятаючы праз фаласавы струмяні і, даючы нырца пад кулю. Яна унутры была пустой і хлопцы хаваліся ў кулю, палохаючы дзяўчат сваім знікненьнем. А некаторыя маладыя, занырнуўшы ў Кулю разам, цалаваліся там і кахаліся.

-- Мы сюды яшчэ вернемся. – сказаў Лявон. – А зараз пойдзем на сьвята сьмеху.

-- Так.

СЬВЯТА СЬМЕХУ

Покуль яны ішлі на першае беларускае сьвята сьмеху Лявон расказваў:

-- Пасля перамогі над Ідалавай дыктатурай апазыцыя прыняла рашэньне паставіць шклоўскага стода як статую сьмеху -- першую за ўсё iснаваньне Беларусi. Яе паставілі насупраць цэнтральнага ўвахода ў Беларускі дзяржаўны ўніверсытэт тварам да плошчы незалежнасьці. Як раз насупраць помніка Леніну. Аснову помніка ідалу зрабілі з камля дуба і назвалі камель сьмеху, на якой кожны мог пакінуць анекдот пра беларуса. Габрэі маюць сьцяну плачу, а сьмяюцца зь сябе ў анекдотах і мы завялі камель сьмеху, бо ўсё жыцьцё плачам... Сьвята сьмеху прызначылі на той дзень, у якi беларусы паддалiся ачмурэньню i выбралi Першага Прэзыдэнта.

Сьвяткаваць вырашылі дзесяць дзён, у два туры, як і выбіралі.

Стоды глядзелі адзін аднаму ў вочы і адзін аднаго ачмуралі. На помніку Леніну было напісана: “Пад сцягам Леніна уперад да перамогі камунізму!”. Пад нагамі Шклоўскага ідала быў высечаны надпіс: "Если ты за Лукашенку, бейся лбом об эту стенку!"

Сьвята пачалося песняй жаўрука. Пад час панаваньня Лепшага ўсіх жаўрукоў муштравалі, каб напачатку бітвы за ўраджай яны сьпявалі разам. Вось такога і выпусьцілі на плошчу. Ён вылецеў на сярэдзіну і пачаў выводзіць рулады пра каханьне да ідалаў. Скончыўшы, праляцеў над ідалавым помнікам і пусьціў развітальную кроплю на "Касмыль жарсьці".

Нехта з гледачоў кінуў рэпліку:

-- Божы знак!

Ленін накінуўся на ідала:

-- Ты тут стоишь, потому что не смог этих соловьев переловить и в клетки засадить! А мы своих и изловили, и посадили, и расстреляли!

Ідал у кішэню па словы ніколі не лез:

-- Вот она дерьмократия! Эти интеллигентики всегда сначала песни поют, а потом на голову гадят! Хорошо, что коровы не летают!

Размову Ідалаў заглушыла гучнае мычаньне. На плошчу вылецела эскадрыльля кароў. На чале эскадрыльлі ляцела ўнучка каровы Першага Прэзыдэнта мілкі.

Каровы сьпікіравалі на стодаў і прадэманстравалі дакладнасць і шчодрасьць ляпёхаскіданьня. На іх галовы хляпнулі доказы сытнага жыцьця разняволеных кароў.

Ляпёшкі паэтычна планіравалі, вальсуючы у паветры, паступова набліжаючыся да галоў Ідалаў. І кожная -- ў выглядзе былога дзяржаўнага герба Першага Прэзыдэнта.

Шклоўскі Ідал прамаўляў голасам газеты «Советская Белоруссия»: “Особенно тревожная ситуация в сельском хозяйстве. За первый квартал количество крупного рогатого скота сократилось на 133 тысячи голов... К этой теме глава государства обращался в ходе совещания не раз, причем, в отличие от ряда руководителей правительства и облисполкомов, без напускного оптимизма. Действительно, уповать лишь на то, что коровы, выйдя на весеннее пастбище, тут же начнут резко прибавлять в надоях и привесах, вряд ли стоит. Нужна, как справедливо отметил Президент, железная дисциплина и тщательно спланированные меры”.