Выбрать главу

Вусаты развёў рукі, павярнуўся ўправа, улева і завяршыў:

-- Ніводнага дыктатара не бальзамавалі целамі іншых уладароў! У маім целе прах дзесяткаў дыктатараў. Гэта мая заяўка на званьне Лепшага.

Сваім голасам уточылася нябачная ДуППа:

-- А маё сэрца ўтворана з 53-ох рубцоў. Кожны рубец утвораны смерццю маладзёна на Нямізе. Сэрца, якое саткана са смяротных рубцоў, ні ў кога не было і не будзе! Я Лепшы.

Усе спрабавалі ўявіць такое сэрца, а Лепшы спытаў:

-- Но как тагда остался Радзівіл «Пане Каханку»? – Затым падазрона паглядзеў на Лявона. – Хто тагда этат гаспадзін?

Лявон спакойна паглядзеў у Лепшыя вочы і з усмешкай адказаў:

-- У той час, калі маіх родзічаў таўклі ў парашок, я лётаў да душы маёй каханкі. Не магу жыць без жанчын і каханьня! Па сёньняшні дзень лётаю і цяпер да Вас проста са спатканьня трапіў. Для сапраўднага дыктатара мужчыны палова справы, калі яго любяць мільёны. Другая палова, калі і ён здольны столькі ж жанчын кахаць! Вечнае жыцьцё ў каханьні, «Панове каханку»! Здольнасьць бясконца кахаць -- гэта мая заяўка на званьне «Містэр дыктатар»!

Госьці гучна апладзіравалі, грукаючы палавінкамі сваіх душаў, як далонямі, падтрымліваючы беларускага князя. І Кашчавая падтрымала Лявона:

-- Калі яму падабалася чыя –небудзь жонка, “Пане каханку” ехаў да мужа з возам падарункаў. Пілі з мужам прыгажуні, пакуль муж не засынаў. Тады “Пане каханку” адорваў жонку падарункамі, пацалункамі, пяшчотамі і шчадротамі, пакуль не выклікаў яе каханьне да сябе, і яны любіліся побач з пьяным мужам. Ніводнай жанчыны не згвалціў – усе з любові аддаліся яму! Сярод жанчын ён Лепшы! «Містэр дыктатар жаноцкага каханьня»!

Госьці зноў радасна загукалі.

Лепшы адступіў, раздражнёны магутнымі здольнасьцямі канкурэнта, агледзеў гасьцей, кнігі, што ляжалі паміж імі. Потым падыйшоў да ямы пасярэдзіне ЧаСа і пільна зірнуў на Лепшых беларускіх пісьменьнікаў.

У яме стаяў дом літаратараў. Ён быў пабудаваны квадратам. А ў яго сярэдзіне сьцены сьціскалі дворык з басэйнам пасярэдзіне, вакол якога ў мінулым праводзілі фуршэты. Той хто быў у дворыку, пачуваўся як у квадратным каменным калодзежы, а хто сядзеў за кратамі, трапіўшы туды, адразу ўзгадваў пра шпацыр у турме.

Лепшыя творцы сядзелі па дзесяць чалавек за доўгімі сталамі з салдацкай сталоўкі і аддана глядзелі ў Лепшыя вочы.

З бойніцаў ў сьценах калодзежа за літаратарамі, як з крэпасных сьцен, сачылі дзіркі аўтаматаў: з Найлепшай варты ўтварылі літаратурны заградатрад, які мусіў нагадваць паэтам і іншым Лепшы накірунак пісаньня і перакрываць адступленьне да апазыцыі, панічных настрояў, здрадніцтва.

Пісьменьнікаў мабілізавалі для напісаньня асобнай главы ў Кнізе «Аб Найцяжэйшых Бітвах Лепшага, яго Наймагутнейшай Сіле, Найвялікшых Перамогах і Найвышэйшых Дасягненнях». Пісьменьнікі мусілі ў Кнізе ў паэтычнай форме параўнаць Лепшага з кожным з дыктатараў, паказаўшы Лепшыя перавагі гаспадара. А таксама драматургічным талентам апісаць увесь трагізм Бітвы Лепшага з дыктатарамі і яго перамогу над імі. На майстэрства ўзвода з дзесятка палкоўнікаў Лепшы не спадзяваўся, хацеў выкарыстаць патэнцыял палка асобага прызначэньня – Ваенізаванага саюза пісьменьнікаў. У часы Лепшага Саюз пісьменьнікаў быў уведзены ў склад Міністэрства абароны, як спецназ. Творцы на працу хадзілі ў Дом Саюза пісьменьнікаў, які перадалі з кіраўніцтва справамі прэзыдэнта ў Міністэрства Абароны. Дом ахоўвалі салдаты ўнутраных войскаў. Пісьменьнікі насілі вайсковую форму, мелі званьні, пісалі ў Лепшых пакоях, елі ў афіцэрскай сталоўцы, а дамоў прыносілі пайкі. Іх рэгулярна выклікалі на вучэньні, дзе яны па трывозе мусілі імкліва і натхнёна пісаць творы пра Бітвы і Перамогі Лепшага.

Пра тое, што кожны пісьменьнік будзе мець афіцэрскую форму, званьне і пагоны калісьці непрадбачліва пажартаваў драматург Макаёнак у сярэдзіне 20 стагоддзя. І яго жарт зьдзейсьніўся. Творцы сядзелі ў нарадах – дзяжурылі на пару: паэт і пісьменьнік, бо калі Лепшы пра нешта выказваўся, творцы мусілі хуценька напісаць пра гэта паэтычны і празаічны творы.

Зараз прэзыдэнт ўбачыў у вачах Лепшых беларускіх творцаў поўную баявую гатоўнасьць да літаратурных і паэтычных бітваў.

А вольныя творцы – ўладары літаратурных вобразаў з-пад ілба пазіралі на гаспадароў беларускага ЧаСу.

-- Як трапілі вольныя паэты і пьсьменьнікі ў яму? – спытаў Лявон ДуППу і тая задаволена адказала:.

-- Яны звыклі да Дома пісьменьнікаў, як коні, што выцягваюць ваду з калодзежу, ходзячы па крузе і круцячы кола. Калі і ваду вычарпалі і кола спарахнела і коней адвязалі, яны ўсё роўна ходзяць жывою кружэлкаю вакол сухой ямы. Так і гэтыя. Калі б Дом пісьменьнікаў паставілі ў пекле ў гіганцкі кацёл са смалою, яны і тады б палезлі ў кацёл з кіпенем, каб трапіць у свой дом… Відаць пегасамі яны там сілкуюцца…