Выбрать главу

Калі б трэба было толькі Лепшых пісак сюды даставіць, хапіла б армейскай казармы і афіцэрскай сталоўкі. А дзеля гэтых мы Дом літаратара ў яму прытурылі.

Лепшы падслухаў іх размову і, задаволены сваёй прадбачлівасьцю і вынаходніцтвам, пачаў прамову:

-- Сей ноччу мы далжны із нас ізбраць “Місцера дзіктатара”. Сражаясь за пабеду, нашей волей мы аблучым беларускія душы. Каждый з нас на выбарах «Місцера дзіктатара» пакажэт сваі лучшые качэства і імі дашліфуець беларускіе душы.

Тут ля ўвахода ў ЧаС раздаліся крыкі. Найбяспечны далажыў Лепшаму:

-- Нейкі Шчукін ломіцца. Крычыць, што ён незалежны журналіст і па закону аб друку мае права прысутнічаць.

Лепшы паціснуў плячыма, а ДуППа абурылася:

-- Не можэт быць, он у меня у цюрме сідзіт! Трыцаць лет назад мы его за рэцыдзівіскія спробы пранікаць праз властные дзверы пажызненна асудзілі!

Найбяспечны роспачна развёў рукамі:

-- Шчукін -- зачараваны. Можа адначасова быць у некалькіх месцах…

Лявон глянуў у сканер:

“А вот на днях обнаружилось еще одно тщательно скрываемое Щукиным качество. Оказывается, бывший депутат Верховного Совета может совершать преступные деяния на расстоянии. Сегодня дело Щукина, обвиняемого в участии в шествии 27 июля 1999 года, слушается в суде. Есть даже свидетели – офицеры милиции, которые утверждают, что именно Валерий Щукин руководил “хулиганствующей толпой”: с мегафоном в руках отдавал приказы наступать и отступать… Нельзя не восхититься криминальным талантом Валерия Щукина – ведь именно 27 июля 1999 года он отбывал 15 суточный арест “за штурм здания суда Ленинского района столицы”!”

“Футарал!”—здагадаўся Лявон. – Дзед пакарыстаўся яго футаралам ад басэтлі і з турмы трапіў да ЧаСа.

Шум ля ўвахода павялічваўся, і Лепшы распаляўся, імкнучыся яго заглушыць:

-- А пабядзіцель – «Містэр дыктатар» палучыт прызы. Ад мяне – ордэн «Францыска Скарыны», званне «Пачотны гражданін Беларусі» і грашовую прэмію.

Всем прадлагаю скінуцца на обшчую прэмію…

Кожны з дыктатараў нешта клаў у Найлепшую скрынку, а ДуППа раздражнёна мармытала: «Вот как інвесціцыы бяруць! Дурань! Не мог сам дадумацца! Стварыў бы фонд на ўзнагароду самага дэмакратычнага Прэзыдэнта, зьбіраў унёскі, даваў узнагароды і сам бы карыстаўся…»

ДуППа ўточылася:

-- Ад мяне пераможца атрымае пацалунак і пакунак…

Покуль клалі грошы і каштоўныя камяні Кашчавая казала:

-- Галоўным прызам для «Містэра дыктатара» стане чароўная кветка Князёўна папараці. Яна дае боскую любоў менавіта ад беларускіх багоў. Яе каханьне спальвае ў попел душу і імгненна яе адраджае. Каханьне Князёўны папараці робіць людзей неўміручымі. Яна нябачна кіруе сьветам беларусаў і яе ўладальнік ёсць уладаром кулі і зможа авалодаць сусьветам.

Кашчавая прамаўляла ў абсалютнай цішыне, нават Шчукін за варотамі ЧаСа сьцішыўся, запісваючы кожнае слова для газеты “Народная воля”.

А Кашчавая, распальваючы дыктатараў, спадзявалася, што ўрэшце з іх дапамогаю набудзе чароўную кветку, а зь ёй і Лявонава каханьне.

Як толькі Кашчавая сказала першыя словы пра Князёўну папараці, Лявон зразумеў, што менавіта Кашчавая хоча авалодаць чароўнай кветкай. І навошта хоча таксама разумеў, але бянтэжылі іншыя пытаньні. А мажлівыя адказы віхурай раскруціліся ў Лявонавай галаве, зьбіваючы яго з панталыку.

“Калі Бог адорвае Князёўнай папараці чалавека, які сустрэўшы Сьмерць…” – напружана думаў Лявон, -- І калі Кашчавая хоча атрымаць кветку… тады, што яна плануе ператварыцца ў чалавека? Як жа гэта можа быць? Але як Сьмерць можа сустрэць Сьмерць? Што для яе Сьмерць? Жыцьцё!? Значыць яна тут у ЧаСе прадбачыць сустрэчу с сапраўдным жыцьцём!? Атрымліваецца, што за ўсё сваё існаваньне Сьмерць ніводнага разу не сустрэла сапраўднае жыцьцё?

Да таго ж Бог адорвае Князёўнай папараці не проста чалавека, а мужчыну… Божухна! Так яна, каб атрымаць кветку, хоча стаць не проста чалавекам, а мужчынай! А калі гэта атрымаецца… тады… тады мне прыдзецца вытрымаць заляцаньні гэтай… гэтага… мутанта! Божа! Абарані!” – прастагнаў Лявон.

А Кашчавая працягвала:

-- Галоўны прыз трэба заваяваць!

«Містэр дыктатар» дакажа сваю звышуладарнасьць, калі пабудуе новы сьвет. Мы разам утворым для яго ідэальны будаўнічы матэрыал, які не меў нават Бог, утвараючы гэты сьвет. Колькі сіл і часу ён патраціў, каб габрэяў зрабіць сапраўднымі людзьмі!?