Выбрать главу

Кашчавую цешыў успамін пра Кулю з беларускіх душаў, што апала ачмураным дажджом на беларускую зямлю і зачаравала яе. Бачыла Сьмерць як зямля адварочвала ступакі тутэйшых ад Бога і скіроўвала іх да прэзыдэнта. «А гэта ўжо вялікая справа… – разважала яна, узгадваючы дыктатараву ноч. – Значыць і Лявонава душа можа пазбавіцца заразнага людзкага каханьня і раскрыцца да мяне… да сапраўднай вечнасьці».

Ад думаньня і мрояў у яе балела галава. Яна звыкла пераводзіць людей з гэтага сьвету на той. Яле ж сваіх гадаванцаў мусіла правесьці да Бога на той сьвет жывымі! А як?

Кашчавая разумела, што прэзыдэнты без упэўненасьці і нахабства ня змогуць падступіцца да Боскай улады ці нават атрымаць хоць маленькі шанс на імгненьне захапіць яе.

Што і як казала Сьмерць прэзыдэнтам, каб натхніць іх на захоп Найвышэйшай улады, невядома. Можа казала ім пра вечнае жыцьцё, можа спакушала бязьмежнасьцю ўлады, можа падпальвала сэрцы мажлівасьцю уладарыць над каханьнем. Станьце на месцы прэзыдэнтаў, каб уявіць, чым магла б Вас штурхнуць на захоп Богавай улады Сьмерць. Можа страхам кары? Пагрозай адабраць жыцьцё зараз жа?

Так ці інакш, але яны пачалі прагнуць Богавай улады і ладзіць планы яе захопу.

ЛУКАПШЫКАВЫ ПЛАНЫ

Лукапшык лічыў, што толькі неадукаваныя навукоўцы і палітыкі лічаць прычынай сучаснасьці -- мінуўшчыну. На самай справе сучаснасьць вызначаецца Будучыняй. Паўсюдзённае жыцьцё вызначаюць нашы мары, мэты і планы.

Каб авалодаць Богавай уладай Лукапшык хацеў згарнуць час у імгненьне, а прастору -- ў кропку. Узяць іх у абцугі. Бог без часу і прасторы не мог кіраваць сьветам. А ён Лукапшык – уладальнік часу і прасторы ствараў бы сьвет па свайму вобразу і падабенству, пашыраючы іх па меры стварэньня.

Лукапшык меў план гнаць час назад і хапаць уладу ў тры этапы:

1. Адкруціць час назад на 3000 год і ліквідаваць нараджэньне Хрыстова.

«А што? – разважаў Лукапшык – Жывуць жа габрэі без Хрыста! І неблага жывуць…» А страціўшы Сына, Бацька страціць частку сваёй сілы, а можа больш уладарыць не захоча, і нават існаваць…

2. Калі ж Бог не прыбярэцца адгэтуль, тады -- адсунуць гісторыю чалавецтва да шасьці дзён утварэньня сьвету, пшыкнуць абдуральным газам у Богаў твар.

«А што? – разважаў Лукапшык, аналізуючы план. – Атруцілі расейцы газам тэрарыстаў разам з сотняй закладнікаў і ўсе задаволены… Прадставім вернікам Бога, як новага Бен-Ладена і правядзем вызваленьне народаў-закладнікаў і анёлаў-рабоў… Ну асыпецца сотня другая анёлавых цел з рая, як клапы са столі, але Бог іх столькі нарабіў, што пара соцен застанецца і можна будзе сказаць, што аперацыя вызвалення анёлаў ад Боскага палону прайшла паспяхова…

Раз-пораз Лукапшыкаву душу сьціскаў жах, што стары Бог можа атруціцца перадазіроўкай газа і нейкі хрысьціянскі гісторык раскапае праўду пра Бога і узрушыць людскія душы марай пра яго ўваскрэшеньне. Але супакойвала думка пра тое, што Бога можна будзе аб’явіць сепаратыстам, які аддзяліўся ад усяго сьвету і не жадаў злучэньня з рэальным жыцьцём, не хацеў усіх людзей пусьціць у рай, для вялікай часткі насельніцтва планаваў жудасныя тэракты з катаваньнямі ягоным Сынам Ісусам і таму згодна ўсенароднаму галасаваньню кара сепаратысту і тэрарысту была справядлівай і гістарычна апраўданай.

3. Пакуль Бог той прадыхаецца, у адмысловай творчай атмасферы хуценька зьляпіць новы свет паводле вобразу і падабенству свайго клона.

А калі Ўсявышні прачухаецца, сьвет ужо будзе новы і Стары Бог не зможа яго дагнаць – застанецца ў мінулым. Ды ў яго на ўсё ёсьць цудоўнае апраўданне: «Усё, што не дзеецца, тое ад Бога…»

У марах пра гэты момант Лукапшык напяваў песню сваіх партыйных продкаў:

«Весь мир до основанья мы разрушим…

Мы свой мы новый мир построим…

Кто был никем, тот станет всем!”

Вучоныя з Акадэміі Лукапшыкавых Навук інтэнсіўна працавалі над прэзыдэнскім плянам: тармазной калодкай для часу, рычагом для яго павароту і паскаральнікам хады часу ў мінулае. Кожны Акадэмік клаў на стол Лукапшыку для зацьверджаньня новыя праекты. Новы кіраўнік Акадэміі добра ведаў справу, бо па традыцыі ад Першага Прэзыдэнта меў вопыт кіраваньня ўсімі сьметнікамі, каналізацыямі і могілкамі – усяго, што застаецца ззаду жыцьця і праз што ўрэшце прыдзецца прайсьці.

Лукапшыкавы творцы зрабілі такі часасос, які, паглынаў яго і пераводзіў яго ў Прэзыдэнскі рэзерв. З гэтага моманту гісторыю можна было мяняць, адныя кавалкі прыбіраць, на іх месца -- устаўляць іншыя кавалакі гісторыі.