Выбрать главу

Але покуль было немажліва рушыць усёй дзяржавай па часе назад.

І гэта непакоіла. Да таго ж Лукапшык пакутваў ад згубы пульта кіраваньня краінай і падазраваў у крадзежы ўсіх вышэйшых чыноўнікаў. «Рыхтуюць наменклатурны пераварот!» – думаў ён, гледзячы, як народ на вачах разбэшчваецца без звыклай тэлепугі. Чуліся патрабаваньні волі. Ратаваньне было толькі ў адкручваньні часу назад. А коней і прэзыдэнтаў на пераправе не мяняюць.

Лукапшык прысвоіў сабе званьне Уладар Часу і кожны дзень прымаў часовых вынаходнікаў. Адны вучоныя раілі неба завесіць і над краінай падвесіць на трасы лазерныя сонца і месяц і цягаць іх у адваротным кірунку. І тады час для людзей пойдзе назад. Тады іхняя вера і сапраўды пагоніць час.

Нацыяналісты, адданыя прэзыдэнту, нагадвалі яму пра яго ж геніяльную ідэю: прывязаць да шрубалёта Пяруна, падпаліць і кожны дзень праносіць яго над краінай у адваротным кірунку…

Нацыяналісты, адданыя паэтам Купалу і Коласу раілі праносіць над краінай гіганскі партрэт Сталіна, бо, як яны пісалі ў лісьце правадыру: «Ты сонца для нас, што зямлю асвяціла

І ласкай сагрэла палі гарады…»

Сталіністы падтрымлівалі гэтую ідэю.

Псіхолягі раілі падрыхтаваць тысячу гіпнацізёраў-«зампалітаў» і па камандзе адначасова ўнушыць насельніцтву і спыненьне часу і яго хаду назад. А ў тэлескрынях паказаць як хутка зьбягае той час.

Генэтыкі дакладвалі, што адкрылі ген, які дазваляе сталаму чалавеку расьці назад, ператварыцца ў немаўлятка і потым у дзьве клетачкі. Працавалі над праектамі ажыўленьня нябожчыкаў і іхняга далейшага амаладжэньня пераходзячага ў зьнікненьне.

Для бясьпекі вопытаў для сябе і дзяржавы Лукапшык загадаў кланаваць усё насельніцтва і сябе. Адныя людзі з прэзыдэнтам мусілі жыць як звычайна, а другія скіроўваліся ў мінулае.

І тых і другіх вучылі па старых падручніках, што без рызыкі адсоўвала час у мазгах.

Толькі ніхто не мог сказаць, як зрабіць, каб сам час паверыў, што ён спыніўся. Каб час сам захацеў вырваць лейцы з Боскіх рук, каб паляцець назад да гаспадара? А калі паляцеў, то як дамагчыся, каб ляцеў час назад без сумненьня, нідзе не спыняючыся?

Бо не дай Бог час спынецца ў момант вяртаньня людзям іх гістарычнай памяці, калі яны былі вольнымі, тады людзі захочуць прысьпешыць час уперад і што рабіць тады?

Бяда была ў тым, што Час ніхто не бачыў, не ведаў як ён выглядае. Але на яго было створана дасье. Дакладней была тэчка з надпісам “зусім сакрэтна. Асабовая справа Часу”. А ў ёй адны версіі.

Вось таму прапановы па кіраваньню гэтай няўлоўнай асобай ці таямнічай зьявы не мелі межаў фантазіі. Каб не стрымліваць мазгавы штурм, нікога не крытыкавалі. Апантаным дазвалялі праводзіць эксперыменты ў глухіх вёсках і ў вёсках чарнобыльскай зоны з самасёламі. Бо тыя, незважаючы на сьмяротную атамную пагрозу, рваліся ў мінулае. З гэтых самасёлаў у мінулае і былі сфармаваны сьпісы сакрэтных атрадаў, якія б першымі былі кінуты на захоп прастораў мінулага часу.

У асобных регіёнах – у глухіх вёсках праводзілі такі эксперымэнт: Жыхарам па мясцоваму тэлебачанью кожны дзень увечары чыталі Лукапшыкаў указ, каб заўтра яны думалі пра тое, пра што думалі дзень таму, а напрыканцы дня падалі дэкларацыю пра тое, што думалі. Назаўтра яны мусілі думаць пра тое, што два дні таму і гэтак далей. Такім чынам нейкі вынаходнік спрабаваў ськіраваць па часе назад насельнікаў з асобных вёсак.

Лукапшык прысьпешваў загадчыка Цэнтра Кіраваньня Часам, бо даклады сакратара Савета Бясьпекі з кожным разам турбавалі ўсё болей.

Сакратар на гэты конт раіў:

-- Самаспыненьне часу -- вельмі небяспечны момант. З-за яго краіна можа выйсьці з-пад кантролю і рынуцца наперад. Гэты этап трэба пераскочыць.

Лукапшык разважаў:

-- На гэты выпадак усіх трэба імгненна ўсыпіць! Мы мусім да дробязей прадумаць сонную бясьпеку.

-- Ці пьяную. Навошта нам непамерныя расходы? Калі крутанем час назад, столькі віна і гарэлкі зьявіцца, што ў народзе так званая «самасьвядомасьць» не прабьецца. Мы яго як гістарычную яму праскочым. А каб ніхто ад піцьця не адлыньваў, увядзем пьяны падатак. Кожны будзе змушаны плаціць за сто літраў гарэлкі за год. Калі заплоцяць, тады і вып'юць! Менавіта так і было ў Вялікім Княстве Літоўскім…

У гэты момант сакратару Савета Бясьпекі пазванілі і паведамілі сенсацыйную навіну і ён радасна дакладаў Лукапшыку:

-- Унікальныя адкрыцьці Лукштэйна! Новыя законы сувязі руху вашай асобы з прасторай, часам і духам. Чым больш вы на тэлеэкране, тым большай робіцца ваша вага ў галовах выбаршчыкаў і тым меньш робіцца час і прастора. Іх месца запаўняюць мінулыя час і прастора.