Выбрать главу

Лукапшык зіхацеў ад шчасьця. Адчуў, што Боская ўлада падначальваецца ягонаму духу.

Толькі бракавала грошай. За выніковыя даследаваньні, абсталяваньне, трэба было добра плаціць, а дзе ўзяць грошы?

Дарадцы прыносілі з архіваў дакументы часоў Першага Прэзыдэнта:

«Жаль, сегодня на нашей встрече нет парламентариев. У нас еще есть время принять соответствующий закон, и иностранные деньги будут вообще не затребованы в стране – ни американские, никакие».

Лукапшык Ўказаў заробкі выдаваць у неабмежаванай колькасці валютай з банкаў самых багатых краін сьвету з мінулага часу. Выдаваць усім, хто трапіць у мінулае. Гэта быў геніяльны і просты спосаб выклікаць усенародны парыў у мінулае, каб прымусіць час бегчы назад.

Прыдумаў Лукапшык агітацыю за вяртаньне ў мінулае, што ў любога дэмакрата мову адымала. “Вы панове дэмакраты хочаце заможна пражыць адно жыцьцё, рухаючыся наперад-- казаў Лукапшык па тэлевізары. – А кожны з нас, рухаючы час назад, зможна пражыць некалькі жыцьцяў: па-першае выпраўляць памылкі ў сваім мінулым жыцьці, а па-другое, пражыць новае жыцьцё па-новаму. Раз-пораз паляпшаючы наступнае… А што тычыцца сапраўднай дэмакратыі, то яна будзе не ў вас, а ў нас. Мы пабудуем грамадства сапраўды роўных магчымасьцяў. Кожны з нашых грамадзянаў, дасягнуўшы Боскіх вытокаў жыцьця, будзе мець роўныя правы, каб пачаць будаваць сьвет па свайму вобразу і падабенству. І мы зможам пабудаваць столькі міроў, колькі нас дабярэцца да першапачатку! І кожны будзе мець права выбраць свой лёс!”

Лукапшык зьбіраўся пачаць бітвы з часам і перамогі над ім пад час рэферэндума. Каб усе істоты адкрытым галасаваньнем паднялі рукі і лапы за вяртаньне часу назад. А калі рашэньне ўсенароднае ды прынята «падаўляючай большасцю» - куды часу падзецца? Калі не пабяжыш назад, задавяць!»

Як заўжды падначаленыя канкуравалі ў барацьбе за першынство ў часавай бясьпекі прэзыдэнта. Сакратар Савета Бясьпекі раіў шэфу:

-- Не тлуміце сабе галаву, а проста Указам загадайце часу рухацца ў патрэбным накірунку з пэўнай хуткасьцю. А калі час не паслухаецца, тады пасадзім яго ў турму, ці арганізуем яго зьнікненьне, як зацятага апазыцыянера.

Кіраўніца справамі Прэзыдэнта пярэчыла:

-- Прасьцей купіць час: колькі трэба, столькі й купіць. А калі час будзе набіваць сабе цану, тады купіць іншы час. «Былі б грошы, а час, які хоча прадацца, знойдзецца!» – разважала яна. І пры гэтым мроіла колькі зможа з тых грошаў скрасьці.

Лукапшык думаў. І тут з архіва паступіла вестка:

«Беларусь стала страной, где время остановилось и идет в обратную сторону. Лукашенко почувствовал себя и царем и Богом».

Лукапшык спытаў у хаўрусьнікаў:

- І што, калі Першы Прэзыдэнт хутчэй за яго адкруціць час назад і дабярэцца да Бога? Як яго спаймаць? спыніць?

У адказ цішыня.

Лукапшык узгадаў пра «Пане Каханку», які ў Чарнобыльскім Саркафагу перанёс дыктатараў да яго ў Будучую Беларусь. Лукапшык цудоўна разумеў, што такім жа чынам можна перанесьці ў будучыню кілераў, вярнуць усё насельніцтва… і яго спробы адкруціць час назад стануць марнымі… Першы Прэзыдэнт і Лявон з яго чароўным футаралам ад басэтлі сталі галаўной Лукапшыкавай больлю -- перашкодай да пасады кіраўніка сусьветнай вертыкалі -- Боскай вяршыні.

-- Знайдзіце мне ўсе футаралы ад басэтляў! -- Загадаў Лукапшык. – І злавіце ДуППу!

-- Мы перавыканаем! Зьбярэм і праверым усе футаралы! – адказаў адданы сакратар.

Па краіне пайшла татальная мабілізацыя футаралаў музычных інструмэнтаў. Іх забралі з музычных школак, філармоній і кансэрваторый. Пачалі абшукваць кожную кватэру і звозілі ў кіраўніцтва прэзыдэнскімі справамі. Людзі хавалі футаралы, перапрадавалі на чорным рынку па коштах мэрсэдэсаў бо пайшлі чуткі, што футаралы здольныя пасьля пэўных замоваў кшталту «з рога ўсяго многа» даваць ежу і гарэлку і тыя ж мэрсэдэсы ў неабмяжаванай колькасьці.

ДуППу шукалася цяжэй. Спачатку ўсю армію ськіравалі ў лугі і палі, узброіўшы жаўнераў сачкамі. Кожнаму спайманаму матыльку адразу адрывалі крылы, каб не зьбег, потым пратыкалі іголкамі і слухалі, што ён кажа, ці па-чалавечы… Такога мусілі неадкладна арыштаваць, затачыць у слоік і даставіць на самы верх.

У гарадах усе міліцыянты і прэзыдэнцкі саюз моладзі лавілі мух, адрывалі ім крылы і пакрысе расціскалі, слухаючы што вякае…

Сялянам, як заўжды, было цяжэй. Ім давялі планы па загатоўцы душаў мух, ваднёў і камароў. І як заўжды на дапамогу паслалі студэнтаў і безпрацоўных.