Выбрать главу

Паляўнічыя мусілі страляць птушак, разразаць і правяраць наяўнасьць ДуППы.

Яшчэ ДуППу шукалі сярод апазыцыянераў. Іх білі дручкамі і нагамі на вуліцах і ў кватэрах. Білі шмат разоў, каб ДуППА нават баялася схавацца ў душы апазыцыянераў.

Міністр аховы здароўя праявіла ініцыятыву і аддала сакрэтны загад: пад час прыёмаў урачамі абавязкова пільна аглядаць азадкі пацыентаў, шукаючы на іх ДуППу, а раптам там схавалася?! Тых хто адмаўляўся, санітары вязалі, распраналі, аглядалі і клізму ўстаўлялі – так ДуППу шукалі.

Лукапшык слухаў страляніну за вакном, хлапкі мухабоек і енкі апазыцыянераў і хворых, як канцэрт арт-сімфанічнага аркестра.

Раптам ён уявіў, што калі ён сягане да пачатку ўтварэньня сьвету і адкіне Бога, і ўздыме рукі, каб утварыць Новы Сьвет, раптам зьявіцца Сьмерць і прыбярэ яго! Нездарма ж яна паводзіць сябе зь імі як гаспадыня… «І што тады рабіць?!» –пытаньне цьвеліла, адбіраючы спакой.

І тады Лукапшык прыдумаў тэлетрансляцыямі відэазапісаў сваіх выступаў перамагчы і Сьмерць. Пад непасрэдным кантролем кіраўніка прэзыдэнцкай тэлекампаніі стваралася сістэма вяшчаньня тэлепшыкаў ў мінулае, асабліва ў краіны Лепшага і Шклоўскага Ідала. Адначасова здымаўся тэлесерыял «Сапраўдная гісторыя -- Лукапшыкаў Шлях». І калі б супернікі пачалі адкручваць час назад, імкнучыся рэалізаваць ягоны план, ён па тэлехвалях усё роўна абагнаў бы канкурэнтаў.

І ўрэшце перад самым захопам Боскай улады Лукапшык хацеў паказаць выбаршчыкам, як памірае Сьмерць! І тым самым абвясьціць людзям пачатак новай эры – эры неўміручасьці.

Такога перадвыбарчага хода ў барацьбе за пасаду Ўсявышняга не мог прапанаваць выбаршчыкам ні чорт, ні д'ябл, ні нават сам Бог!

Мог толькі Богаў сын і гэту праблему Лукапшык зьбіраўся таксама зьняць.

ЛЕПШЫ ПРАЭКТ

Лепшы, ведаючы пра планы супернікаў, лічыў што ён непераможны, бо зьбіраўся перамагчы ў Бітве за Боскую ўладу зброяй свайго асноўнага канкурэнта – чароўнымі словамі. Лепшы верыў у тое, што напачатку былі словы, зь якіх узьнік увесь сьвет. Прэзыдэнт нутром адчуваў, як кожная часьцінка сьвету ўтвараецца са слоў. Бо пад час кожнага свайго выступу перад людзьмі ён утвараў новы сьвет і людзі верылі ў яго існаваньне і кожны раз пачыналі жыцьцё, як бы па-новаму.

Са слоў Лепшы марыў, як з цаглін, зрабіць новы сьвет, а сябе паставіць яго кіраўніком.

«А калі нехта захоча сказаць альтернатыўныя словы, -- разважаў Лепшы, -- дык на таго, калі нават ён і сапраўдны Бог, ёсць кнопка тэлепульта: цісь і няма…».

А тэлепультам з кнопкай не проста валодала моцная Найлепшая рука. Тэлепульт трансплантавалі ў Найлепшую руку і ён ім кіраваў сваёй воляй.

На канчатковым этапе Лепшага плана перамогі ў барацьбе за пасаду Бога праводзіўся адкрыты рэферэндум з пытаньнямі:

Ці хочаце Вы адмены смерці?

Ці згодны Вы аб'яднаць сваю краіну з Боскім царствам?

Ці згодны Вы, каб у Боскім царстве ваша краіна была ў раі?

Ці згодны Вы, каб Вамі Вечна кіраваў Лепшы?

Пра ўмяшальніцтва Сьмерці ў ягонай барацьбе за Боскую ўладу Лепшы думаў са сьмехам. «Ну ці знойдзецца хоць адзін чалавек, які захоча, каб ім у раі кіравала Сьмерць?» -- задаваў ён сабе пытаньне і сам адказваў на яго. -- Нават вар'ят не пагодзіцца». А калі Кашчавая і прыпрэцца, дык народ яе заб'е да Сьмерці!

ІДАЛАВЫ МАРЫ

Шклоўскі Ідал думаў шэльмаваць д'ябла, які займаецца недастаткова сумленна распустай чалавечых душ, ужо палову вечнасьці прамарнаваў. Так нядбайна патурае карупцыі і ў пекле, што яна пакуль яшчэ не ахапіла ўсіх чарцей і грэшнікаў! Лепшыя месцы ў катлах аддае грэшнікам за недастатковы хабар і вылізваньне сваёй смярдзючай сракі і за тое, каб яму азадкі падстаўлялі.

“Сорам! Ганьба! – крычаў грамавым голасам Шклоўскі Ідал перад люстрам на трэніроўцы па чытаньні даклада па карупцыі ў д’яблавай камандзе.

Да Шклоўскага Ідала дайшлі чуткі пра перабудову, якая мусіць прайсьці ва ўсіх куточках сьвету падчас міленіума, што плануюцца выбары ўсіх кіраўнічых пасадаў і ў тым ліку прэзыдэнта Пекла. Вось і задумаў Шклоўскі Ідал напярэдадні выбараў выступіць з антыкарупцыйным дакладам у пекле супраць галоўнага д'ябла, атрымаць давер чарцей і перамагчы ў выбарах.

Для ўпэўненай перамогі Ідал падкупляў чарцей. Паіў іх гарэлкай, абяцаў падвысіць заробкі, павялічыць адпачынкі, а чэрцям-пенсыянерам абяцаў сістэматычна выплочваць пенсіі! А прастытутак, якіх уцягвала з Беларусі ў “Невіданное міру государство”, абяцаў ў катлы не саджаць, а чарцям аддаваць.