Выбрать главу

І зноў Лявон уяўляў як змагаецца Бог з захопнікамі яго ўлады. Вось, напрыклад, зьдзейсніліся Лепшыя планы нападу зьнянацку на Бога. Яго схапілі байцы эскадрона сьмерці, кінулі на дно ямы, стрэлілі па традыцыі імем Першага Прэзыдэнта ў патыліцу… Бог вядома ж хоць і стары, але Ўсемагутны і з гумарам. Ён хутчэй за ўсё пад тую кулю замест сябе на дно ямы Лепшага ўкіне. Потым пакажа забойцам, што застрэлілі свайго ўладара, пачнецца бойка паміж імі, зубамі загрызуць адзін аднаго, каб без сьведкаў… Потым страляніна па Мінску пойдзе, бо грошы вялізныя засталіся яшчэ ад Першага Прэзыдэнта. І шмат хто іх хоча… Тут і Дух Першага Прэзыдэнта ў падзеі ўточыцца, а можа і сам ён уцелецца з новым абліччам пасьля пластычнай аперацыі… Енк! Стогн! Ратуйце! Лаві яго! Хапай! Бойкі! Бітвы! Грамадзянская вайна! І выбары… Можа тады самому вылучыцца кандыдатам?

А можа покуль Бог з забойцамі будзе забаўляцца, трапіць у час выбараў Першага Прэзыдэнта і ўсё зьмяніць! Самому ўзначаліць дзяржаву… Але як зменіш людзей? На гэта патрэбен час. Можа некалькі стагодзьдзяў…

Вось! Напрыклад, пачаць з часоў Шклоўскага Ідала. Калі раптам той Ідал і Бог сышліся ў двубоі. Ідал пачаў бы круціць Боскую галаву. Але той, імгненна уцелеўся ў жалеза, выстаяў. Але Бог Ідала наўрадці трушчэліў бы – нецікава! Бог відаць стаў бы нерухома супраць Шклоўскага Ідала і ў вочы таму сваімі вачыма утаропіўся. Ідал імкнуўся б сваім уладарным позіркам паваліць Бога на лапаткі, сьпяпяліць яго нянавісьцю, а можа полымям бязмежнай злосьці ідал захоча выпарыць з Бога ўсю вадкасьць. Ці ў скрайнім выпадку загіпнатызаваць Бога, каб укленчыў перад ім, павярнуўшыся задам да адбітага тырчака, а потым адлупцаваць дубцом Боскую сраку за тое, што падбухторыў людзей скідаць ідалаў у раку!

А Бог хутчэй за ўсё абуджаў бы ў каменных ідалавых зьвілінах зародкі мары, каб кожная часцінка ідалава цела прагла волі і палёту і разляцеўся б каменны істукан на кавалачкі.

«А калі б я апынуўся на Богавым месцы перад Шклоўскім Ідалам? – спытаў сябе Лявон. -- Прыдумаў! Укленчыў бы сракай да Ідала, а калі той дубцом замахнуўся б, ставіў бы на сваё месца па чарзе ўсіх захопнікаў і гвалтаўнікоў краіны, а Шклоўскі Ідал натхнёна лупцаваў бы іх, думаючы, што помсьціць Богу.

А потым увогульле пасьля кожнага Ідалавага замаху імгненна ставіў бы яго на сваё месца і той бы лупцаваў самого сябе.

А калі хрост Уладзіміраў прымусовы за той час адмяніць? Адцягнуць надалей? Каб людзі на зямлі беларускай ідалам пакланяліся да таго моманту, што жанчыны, якія тырчаком ідалавым авалодаць за найвышэйшае шчасьце лічылі, пачалі грэбаваць ім, плявацца. А мужчыны, каб не малілі ідала даць ураджай, дождж, ці бутэльку, а аб рэшткі тырчакоў Ідалавых бутэлькі адкаркоўвалі. Каб дзетак палохалі так: «Ня будзеш слухацца, скамянееш і будзеш нерухома як істукан стаяць, калі ўсе дзеткі гуляюць, і птушкі табе на галаву будуць класьць…» Карацей, каб столькі накланяліся беларусы ідалам, каб перад чарговым прыхадням плечы не толькі не тургаліся ў паклон, а наадварот, яшчэ больш выпростваліся, а паміж лапаткамі крылы адраджаліся.

«А самае першае, што б зрабіў? – спытаў сябе Лявон і адказаў. – Заклаў бы беларусам моўны ген, каб па нараджэньні адразу пачалі гукаць і вымаўляць па-беларуску. Зямлю б ачысьціў ад хімічнага і радыёактыўнага бруду. І дзьве планэты зарэзерваваў бы для нашчадкаў. На адну – райскую планету сяліў бы добрых людзей. На другую, дзе толькі пакутліва можна жыць, сплаўляў бы злыдняў…»

Яшчэ не раз вяртаўся Лявон у марах да сваіх Боскіх планаў, але часу на гэта было ўсё меньш і меньш.

І ён шукаў зброю.

Да таго ж рыхтаваўся да сустрэчы з прэзыдэнтамі, падтрымліваючы кантакт з прафесарам -- дарадцам Лепшага.

Кожны дзень ён укладваў у канверт праекты ўказаў, дэкрэтаў і планы дзеяньняў супернікаў і кідаў той канверт у паштовую скрыню прафесара з псіхушкі. І ў кожным лісьце пісаў: «Да хуткай сустрэчы», а сам пры гэтым думаў аб сустрэчы з Ластаўкай у віртуальным жыцьці і з Лепшым у сапраўднасьці. З кожным днём Лявону ўсё больш карціла ўбачыць яе і яго. Да Лепшага ён мог трапіць і праз басэтлю, але хацеў, каб прэзыдэнт не здагадваўся пра яго чароўныя прылады. Тады меў бы больш шансаў на перамогу.

Паміж сеансамі сканаваньня ён шукаў пакупніка на свой могілкавы камень. Даў абвестку ў газеты аб продажы старажытнага каменя і адказваў на тэлефанаваньні. Урэшце знайшоў заможнага пакупніка, які хацеў усталяваць камень на сваіх родавых могілках, напісаўшы, што пад ім ляжыць яго знакаміты продак.

Жадаючых было шмат, нават з Расеі. Але Лявонаў выбар быў лёгкі. Бізнэсовец фундаваў апазыцыю, выдаваў кнігі беларускіх пісьменьнікаў і марыў пра незалежную краіну.