Выбрать главу

Шукаючы басэтлю, Лявон пакрысе знаёміўся з музыкамі, мастакамі, паэтамі. Бачыў, як чаруюць чытачоў іхныя словы, гукі, вобразы і думаў, што калі сабраць шмат паэтаў і пісьменьнікаў разам, ды наладзіць іх сустрэчы з чытачамі па ўсіх гарадах, тады яны, што тая басэтля ператвораць людскія душы. Падлічыў грошы ад продажу каменя – атрымлівался на дзесяткі паездак. Угаворваць нікога не давялося. Нават хворыя паехалі.

ДУППАВА КАНСЭРВАЦЫЯ ЧАСУ І ДУХУ

ДуППа таксама пільна сачыла за ўсімі супернікамі. А раз'юшылася ДуППа, калі пісьменьніца Аляксіевіч раскрыла прэзыдэнцкі сакрэт: «…власть старается консервировать время, отгородить народ от будущего, потому, что она его боится».

Лявон праз Аляксіевіч даведаўся пра ДуППаў сакрэт і капаў далей да яго прычын. У ДуППу былі закладзены духі старажытных багоў, а таксама продкаў: ваяроў, уладароў і шаманаў. Закладзены, як кансэрвы, да цяжкіх часоў. Калі ўлада слабла, страх імгненна абуджаў у ДуППе дух таго Бога, ці продка, хто лепей мог уладарыць. Прэзыдэнцкія чараўнікі апляталі той дух у словы і сказы, а тэлевізар заносіў той дух у кожную кватэру.

Абуджаныя духі кансэрвавалі Час. Ён марнеў, скукожваўся прыязна заглядваў у ДуППу, і ўрэшце засынаў. І тады ДуППа прасавала Час, шынкавала, скручвала ў сьпіраль і вязала вузламі і хавала ў таемныя сховішчы да горшых часоў. Найлепш захоўваўся Час у страўніку беларусаў, калі ў яго кулялі чарку і ўкідалі шкварку.

Чым больш уладарыла ДуППа, тым больш у ёй праяўлялася здольнасьць не толькі кансэрваваць Час, але разам зь ім кансэрваваць і Дух Часу – так яна павялічвала сваю духоўную спадчыну.

Дух рознага Часу яна ўсмоктвала з кніг, расказаў, парадаў дарадцаў, а асабліва з кінафільмаў і імгненна кансэрвавала яго. ДуППа бязьмежна прымала Дух любога Часу акрамя будучыні.

Калі нехта з суайчыньнікаў абганяў Час, ДуППа высмоктвала з ахвяры дух і кансэрвавала яго ў Часе, як рабіла гэта заўжды, сілкуючыся нават з даўно памерлых дыктатараў! У Саркафагу для яе быў сапраўдны пір! Насмакталася Духам дыктатараў на цэлую вечнасьць! У тым ліку і Лявонавым Духам... Карыстаючыся кансэрвамі Часу, як палівам, ДуППа магла вандраваць па Часе ў любы бок, набываючы розныя абліччы. Але не магла, як Лукапшык, кіраваць Часам, мяняць яго, скіроўваць плынь часу назад…

Калі прыходзілі выбары, ДуППа, адчуваючы чаго хоча народ, праводзіла раскансэрвацыю Часу Духамі і наталяла ўсенародную прагу. Калі жыцьцё пагаршалася, і людзі абураліся, ДуППа выдавала людзям Дух яшчэ больш горшага Часу, і народ сьцішваўся.

Бывалі моманты, калі ДуППа ад удараў кіраўнікоў краіны Вялікай Мудрасьці, упадала ў роспач, хварэла і, здаецца, памірала. Тады Час імкліва рваўся наперад, імкнуўся загарнуць ДуППу ў адзіноту і пакласьці ў Труну Часу. Сьмяротная пагроза небыцьця ўзбуджала. ДуППа імгненна сілкавалася кансэрвамі ўладарнага Духу, як вярблюд з гарбоў. Ёй вярталася жыцьцё і натхненьне. Людзі бачылі, што ДуППа абарочваецца паганскім Богам. І яна сапраўды, сілкуючыся людзкім духам сляпой веры, абагаўлялася.

Калі б Лукапшык, лятучы па часе назад, трапіў у ДуППаву дзяржаву, там бы і ўліп. Дзяржава была гіганцкім сховішчам кансэрваў Часу і Духу, якія хаваліся ў душах насельніцтва. Тыя кансэрвы, як багна, ўсмоктвалі іншы Час і Дух! Ці з мінуўшчыны хто б туды прарваўся, ці з будучыні трапіў -- усіх чакаў адзін лёс -- тапельца ў багне з беларускіх душаў.

Калі ДуППе былі патрэбны грошы, яна гандлявала кансэрвамі Часу і Духу. На Захадзе адкрылі крамы, дзе і прадавалі кансэрвы. Разбэшчаныя безтурботным жыццём, жыхары за вялікія грошы куплялі сурагат, ускрывалі бляшанкі і цешылі душу вострымі пачуцьцямі… ДуППе ўдалося таксама прабіць тунэль у часе і праз яго ў краіну таксама за вялікія грошы траплялі заходнікі. Тут яны па начах пісалі на сьценах апазыцыйныя графіці, клеілі ўлёткі, ездзілі па Чарнобыльскай зоне… А, трапляючы ў пастарунак, кайфавалі ад дыму танных цыгарэт у камеры, ад удараў дручкоў, як ад наркотыка.

Лявон даведаўся пра тое, што ДуППа наладзіла са сваёй пячоры пастаўкі кансэрваў Духу і Часу у Краіну Вялікай Мудрасьці. Па яе акраінах людзі, як наркаманы, настолькі звыклі да сурагатаў Духу і Часу, што прагнулі мець сваім Прэзыдэнтам ДуППу.

Калі Лепшы кансэрваваў Час і Дух, тады ў апазыцыйных душах мара дзеля самазахаваньня шынкавалася і квасілася. Пад час чаркаваньня квашаная мара добра ішла на закусь да гарэлкі. А з цягам часу шынкаваную ды квашаную мару сем'і апазыцыянераў ужывалі ў ежу. Але не ўсе. Шмат у каго тая мара марнела, набывала горыч і яе, сапсаваную, выкідалі на сьметнік часу.