Выбрать главу

-- Выпей з намі, Адам! За паэзію!

Лявон асьцярожна сеў на пастамент, зьвесіў ногі. Яго сэрца білася ад хваляваньня, бо баяўся, каб ад такога вытрымалі сэрцы паэтаў. А яны ніколькі ні зьдзівіліся. Справа ў тым, што ў тыя Лепшыя часы ўлады не маглі забараніць людзям хадзіць да помнікаў паэтам, як было пры Першым Прэзыдэнце. Тады 25 сакавіка 2002 года арыштавалі грамадзян з кветкамі, якія тыя несьлі помніку Якубу Коласу. Цяпер за забарону наведваньня помніка маглі выключыць з усіх еўраструктур і забараніць прэзыдэнту і яго чыноўнікам мець дазвол на ўезд у Эўрапейскія краіны да тамтэйшых помнікаў. Толькі так яны маглі наведаць Эўропу.

І тады Лепшыя дарадцы прыдумалі супраць апазыцыі зняцьцё помнікаў на пераўлік і рэстаўрацыю. Калі апазіцыянеры зьбіраліся да помніка паэту, яго здымалі, каб сарваць сьвята. І тады на месца помніка станавіўся тагачасны паэт, імітаваў класіка і акцыя ўсё роўна праходзіла. Праўда паэта потым арыштоўвалі за несанкцыянаваны пікет. Вось і зараз Скобла з Цвіркам, калі ўбачылі, што помнік Міцкевічу сеў, налілі дублёру Міцкевіча чарку, мяркуючы, што перад імі мясцовы талент. Лявон кульнуў яе, а паэты на закусь чыталі яму вершы. Потым яны пайшлі абняўшыся ў цэнтр, сьпяваючы песьні. А там іхныя паэтычныя раты заткнулі міліцыянты. Калі складалі пратакол, Лявон на пытаньне: «Ты хто?» з гонарам адказаў: «Помнік Міцкевічу!». Міліцыянты пільна паглядзелі на Лявонаву адмысловую вопратку, пачухалі патыліцы, а калі пачулі, што яшчэ двое – паэты з Мінска і таксама жывая помнікі, прапанавалі: «Мы вас зараз адпусьцім, але праз гадзіну з горада вы зьнікаеце і ні мы вас не бачылі, ні вы нас, а кніжачку з аўтографам падарыце…»

Найбяспечны пасля адбітай атакі паэтаў нацыяналістаў на помнік, бюст і экспазіцыю Адама Міцкевіча далажыў Лепшаму. Той спытаў, што рабіць з паэзіяй і якія вершы даць народу як Лепшыя. Той разгубіўся, але ДуППа падсунула свой твор і Найбяспечны прачытаў:

-- Верш Першага Прэзыдэнта покуль лепшы:

“В этот день мы с тобой подружились, Солнце светило тогда. Я никогда не забуду Этого ясного дня”.

Лепшы зацьвердзіў узор лепшага верша пра каханьне, але паэтычныя перамогі не доўга радавалі Лепшага. Зняцьцё помнікаў на “пераучот” парадзіла столькі новых лідэраў апазіцыі, так распаліла іх імпэт, што яны, калі хваляваліся, абуджалі народ. Абудзілася і паэтычная струна прэзыдэнтавай душы. Да яго, як да сапраўднага паэта, прыходзілі вобразы: крочылі помнікі паэтаў, каб паціснуць яго руку. Яны станавіліся ў чаргу, але крыху пастаяўшы, пачалі незадаволена грукатаць нагамі па паркеце, потым атачылі яго і пачалі сьціскаць яму хто руку, хто нагу, каменныя пальцы ціснулі за нос, круцілі вушы, абшчапэрвалі галаву і шыю, пхалі каменныя пальцы яму ў вочы…

Калі апрытомнеў, аддаў загад Найбяспечнаму распрацаваць планы умацаваньня прэзыдэнскай бяспекі ад помнікаў і патлумачыў, што трэба:

1. Адмяніць “пераучоты”;

2. Забараніць помнікам зыходзіць са свайго месца і ўвогульле забараніць помнікам хадзіць, збірацца разам;

3. Забараніць падыходзіць вялікім группам людзей да помнікаў, каб іх не скралі.

4. Увесьці зямельны падатак на помнікі;

5. Пры неўплаце падатку прыхільнікамі помніка, помнік здымаць і змяшчаць у спецпрыёмнік-ізалятар часовага ўтрыманьня;

6. За ўтрыманьне помніка ў ізалятары ўвесьці аплату прыхільнікамі помніка;

7. У выпадку неўплаты прыхільнікамі помніка аплаты за яго ўтрыманьне ў ізалятары разам з помнікам сажаць яго прыхільнікаў;

8. Пры адмове прыхільнікаў ад помніка арыштантаў вызваляць, помнік – разбіваць.

9. Забараніць: людзям хадзіць да помнікаў паэтам, паэтам чытаць вершы чытачам, пісьменнікам -- пісаць, чытачам – чытаць.

10. Ім усім паміж сабой забараніць размаўляць

Каля помнікаў усім выбітным асобам пачаліся работы. Людзям казалі, што вакол помнікаў аздабляюць прастору. А па-начах спецвойскі падкопваліся пад фундаменты, ладзілі пад імі глыбокія бетонныя падушкі і замацоўвалі да іх ланцугамі помнікі -- ставілі на якар.

АДЗІНЫ КАНДЫДАТ АД БЕЛАРУСІ НА ПАСАДУ БОГА

Сьмерць сачыла як гадаванцы рыхтуюцца да Бітвы за Боскую пасаду і ўпадала ў роспач. Ім усім яўна не хапала спартовай і разумовай падрыхтоўкі. Тады Кашчавая давяла кожнаму пра пляны супернікаў па фізпадрыхтоўцы і тыя натхніліся.

Быць Богам для ДуППы азначала быць чемпіёнам ва ўсім.

У ДуППавы часы амаль усе паганскія багі беларусаў жылі ў казках, праяўлялі свае здольнасьці на тэлеэкранах ў спартовых душах і асабліва ў душах чемпіёнаў, а адпачывалі ў лясах.