Выбрать главу

Перад новым штрафным Скразьняку, як і Лявону, завязалі вочы. А ў рот уторнулі кляп.

Цяпер Лепшы разбягаўся з сярэдзіны поля. Ён набраў хуткасьць, як шасьцісоты “мерсэдэс”. Калі ад буцы да мяча заставалася трошкі, з-пад зямлі вытаркнуліся рукі, схавалі мяч пад зямлю, а на яго месца стала галава Шклоўскага Ідала, размаляваная пад футбольны мяч. На трыбунах падмены ніхто не заўважыў, а Лепшы з усяе сілы ўдарыў па каменнай галаве. Боль працяў нагу. Ідалава галава засталася на месцы, а Лепшы паляцеў над травой, і ягоны нос араў газон, вусы расцягнуліся як крылы ў кажана і плаўна планерам адарвалі яго ад зямлі.

Ён ляцеў і крычаў: “Глава государства -- это не футбольный мяч, который можно пинать, как кому-то заблагорассудится”.

Заляцеўшы ў вароты, прадраў галавой сетку і завіс у ёй, нібы скуты кашуляй псіхічна хворы.

Судзьдзя закрычаў так, як быццам яму растрэл замянілі на волю. Ён крычаў: “Гол!!!”

Апазіцыйныя балельшчыкі дружна раўлі “Ганьба! Ганьба! Ганьба!”. Чуліся воклічы: «Толькі шалёны можа так лётаць!»

І да яго беглі двое ў белых халатах, трымаючы вялізны шпрыц. Калі санітары садралі з яго трусы і паднеслі шпрыц, ён сутаргава дзёрнуўся ў сетцы варот, уявіў, што калі знойдуць допінг, дадуць пажыцьцёвую прэзыдэнскую нелігітымнасьць. Жах абудзіў яго ў ложку, кашмар зьнік. Асьцярожна прагледзеў апазіцыйныя газеты. Раптам нехта з журналістаў бачыў яго ганьбу і зрабіў рэпартаж!? Але газетчыкі не ведалі пра яго паразу.

Лукапшыкава брама.

Прэзыдэнт Будучай Беларусі рагатаў, чытаючы рапарт Службы Бясьпекі пра спартовую падрыхтоўку супернікаў да Боскіх бітваў. Яго дасягненьні ў спорце мелі касьмічны маштаб і былі засакрэчаны. І да народа Лукапшыкавы рэкорды даводзілі чуткамі.

Тады ў Будучай Беларусі дыспуты і спрэчкі на палітычныя тэмы дазвалялі толькі па зацьверджаных зверху тэмах. Дазвалялася спрачацца пра тое, хто ёсць сапраўдны сын Бога: Лукапшык ці Хрыстос. І ўсе мусілі рабіць правільную выснову... Указ пра дыспуты прадпісваў, што дыспутанты напрыканцы спрэчкі мусяць прывесьці санкцыянаваныя аргументы за тое, што продак Лукапшыка вышэйшы за Хрыста, бо ён мацнейшы за яго і больш дасканалы, бо Хрыстос не гуляў у футбол, хакей і не бегаў на лыжах, а быў звычайным турыстам – хадзіў пешкі. Як доказ на дамах вісеў выраз з Бібліі дзе было сказана пра высокасьць першапродка: “…Что сверх этого, то от лукавого” (Мт.5:37)

А людзям на кожны раток не накінеш платок і шмат хто расказваў, як пад час гульні ў футбол Лукапшык так пнуў мяч, што абаронца варот, у якога мяч трапіў, абляцеў на мячы вакол зямлі. С таго часу ў алімпійскія гульні ўключылі касмічны футбол – чый удар больш разоў абкруціць мяч вакол зямлі, а Лукапшыка зрабілі прэзыдэнтам касьмічнай федэрацыі футбола.

Расказвалі і пра тое, што аднойчы пад час гульні Лукапшык так дзёўбнуў па скураной кулі, што яна лопнула, нага па інэрцыі пхнула зямную кулю і тая сыйшла з арбіты, наблізілася да сонца і ў Беларусі некалькі год запар расьлі пальмы, бананы і какосы, а на мяжы памежнікі замучыліся стрымліваць незаконных эмігрантаў – малп, бо беларускія бананы былі смачнейшыя за ўсе! Тады і пабудавалі вакол краіны вялікую беларускую сьцяну. Аб тых часах расказвалі легенды пра самы смачны вінаград і найлепшае і таньнейшае ў сьвеце віно, якое пілі нават замест вады.

Ды што там віно! Некаторыя найбольш дасьведчаныя ў Боскіх справах шэптам даводзілі, што як раз пад час таго удару Бог і д'ябл гулялі ў футбол. Абодва стаялі на варотах, а іх ангелы і чэрці ганялі па сусьвету кулю, пашытую са скуры дыктатараў. І вось пасля Лукапшыкавага ўдару зямная куля зляцела з арбіты і заляцела ў вароты д'ябла. Той падумаў, што гол зямной куляй зрабіў Ўсявышні, і здаўся. Бог, які ўсё ведаў, пасля таго пачаў лічыць Лукапшыка ў футболе мацней за сябе. І з гэтым немажліва было спрачацца, бо з чуткамі не спрачаюцца, іх толькі падхопліваюць і разносяць.

І калі тыя чуткі данесьлі Прэзыдэнту розныя спецслужбы, ён і сапраўды ўявіў, як выйшаў на гульню супраць аб'яднанай зборнай лідэраў дэмакратычных краін усяго сьвету. Як пасьля асноўнага часу гульні, які скончыўся ўнічыю, білі пенальці. І ўсе дэмакраты залезлі ў вароты так, што туды носа неўточыш, не тое што мяча. І тады ён вытрас усіх з сеткі, як вытрасаюць пыл з анучкі, а потым біў дэмакратаў замест мяча пад сраку, скіроўваючы іх у бок брамы. І так разышоўся, што Бог і Чорт схапілі яго за ногі, каб утаймаваць А ён страсянуў з ног абодвух уладароў у накірунку брамы, і яны паляцелі сашчапіўшыся і куляючыся. Перад яго вачыма -- Кашчавая, каб спыніць, і ёй дзёўбнуў паміж вачніц сваім лбом, яе чэрап трэснуў, адарваўся ад тулава і куляй паляцеў наўздагон за Ўладарамі. Лукапшык маланкаю абагнаў усіх, каго шпульнуў у браму. Стаў брамнікам, растапырыўшы рукі, і узмакрэў ад прадбачаньня звышнапругі. Цела гуло, як высакавольтны дрот. Ён бачыў, як яго душа ўсмоктвае пачуцьці істот з усяго сьвету. Потым заплюшчыў вочы, так заіскрыла цела. Яго нервовая энергія перакінулася на штангі брамы і абярнула футбольную браму ў вароты Ада і Раю. Брама і Ён сталі цэнтрам сусьвету. Да яго імчалі Бог, Чорт і Сьмерць і ён пакутліва думаў каго куды дзець. Пра дэмакратаў сумненьня не было – у пекла. А вось куды Чорта? Ён можна сказать ветэран працы. Колькі год працуе ў гарачым цэху! Можа пара на заслужаны адпачынак – у рай? А кім тады замяніць Чорта? Пакінуць у пекле дэмакратаў без нагляду свайго чалавека? Яны там такі вэрхал уздымуць! Жах! Пачнуць выбары катлавых і драку катламі па галовах, узгадуцюць карупцыю і прададуць усю смалу, катлы і чарцей у заапаркі і ў публічныя дамы для геяў… Відаць галоўным у пекле трэба ставіць свайго чалавека – пракурора!