Выбрать главу

Усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньняшні дзень пахаваньні ў Курапатах характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь іх быў выбраны значны аб'ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, можна зрабіць заключэньне, што ўсе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі.

Амаль ва ўсіх адкапаных чарапох (312 шт.) выяўлены кулявыя прастрэлы, як правіла, на патыліцы, часта па дзьве і нават тры адтуліны. Ёсьць таксама бакавыя прастрэлы і прастрэлы ззаду "пад чэрап". Магчыма, некаторыя ахвяры вырываліся, тады стралялі як прыйдзецца, а мажліва, тут відаць розныя "почыркі" забойцаў.

Знойдзена каля дзьвюх сотняў гільзаў ад рэвальвэра сыстэмы "Наган" і адна ад пісталета "ТТ". Выяўленыя дзясяткі куляў, некаторыя ў чарапох. Дыямэтры наганных гільзаў, куляў, кулявых адтулінаў у чарапох супадаюць.

У большасьці чарапоў у лобнай частцы, збоку ці наверсе відаць вялікія, дыямэтрам да 5-6 см і нават больш, ірваныя адтуліны. Гэта выхады куляў. Сьведчаньне таго, што ствол нагана прыстаўлялі шчыльна да патыліцы. Пры стрэле парахавыя газы пад ціскам ішлі ўсьлед за куляй у чэрап і праз выхадны кулявы пралом распырсквалі вакол кроў і мазгі. Успомнім сьведчаньні Марыі Іванаўны Пацяршук і іншых людзей, якія казалі, што шмат было навокал крыві на лісьці і траве.

У магіле No.2 пры разборцы пахавальнага пласта выяўлены ў ім паміж касьцямі дзьве праслойкі сьветлага пяску, якія чаргаваліся праз 0,30-0,40 м. Гэта паслойная засыпка забітых. І зноў жа ўспомнім сьведчаньні відавочцаў аб тым, што людзей расстрэльвалі партыямі, а потым прысыпалі пяском, пакуль не настраляюць даверху.

Уся вопратка ў магілах ужо сатлела. Захаваліся толькі рэдкія фрагмэнты сынтэтычных тканін і часткова скураное адзеньне. У пахаваньні No.3 знойдзена акуратна складзенае скураное паліто, а ў ім загорнутыя туфлі. Складзенае скураное адзеньне, загорнуты абутак знаходзілі і ў іншых пахаваньнях, у тым ліку жаночыя боцікі і скураныя пальчаткі. Выяўлены нават прадмет, які па форме і кансыстэнцыі нагадвае бутэрброд (экспэрты лічаць, што гэта цалкам верагодна). У магіле No.3 знойдзеныя таксама курыныя косьці (грудзінка). Гэта рэшткі харчовых прыпасаў, якія чалавек узяў з сабой... у дарогу.

Найлепш захаваўся абутак. Выяўлены боты, жаночыя боцікі, чаравікі, туфлі, галёшы, жаночыя гумовікі, тапачкі, бахілы, чуні, пасталы. На савецкіх галёшах, як правіла, пазначана дата выпуску і фабрыка ("Красный богатырь", "Красный треугольник", "Резинтрест" і да т.п.). У пахаваньнях No.1-3 абутак толькі савецкай вытворчасці і саматужнага вырабу; большасьць галёшаў маркіраваная 1937 годам. Сустракаюцца клееныя самаробныя бахілы, у тым ліку зробленыя з аўтамабільных камэраў і пакрышак, - абутак бяднейшых сялян. На большасьці туфляў і ботах абцасы стаптаныя, падэшвы ня раз падбіваныя.

У магілах No.5-6 і 8 галёшы айчыннай вытворчасьці сустракаюцца рэдка. Маркіроўка тут зроблена ў асноўным лацінскімі літарамі з пазначэньнем фірмаў "Gentlman", "Record", "Rygawar" і інш. Тут жа на гэтым абутку клеймы - "Made in Poland". Адначасова знойдзеныя галёшы з маркіроўкай вядомай фабрыкі "Красный треугольник" і датай - 1939, а побач скураныя лапці, так званыя "пасталы", альбо, як іх называлі ў Заходняй Беларусі, - "хадакі". "Хадакі" насілі бяднейшыя сяляне, і да 1939 году яны былі яшчэ ва ўжытку. Абутак, знойдзены ў гэтых пахаваньнях, магло насіць тады насельніцтва з Заходняй Беларусі.