Выбрать главу

Варта адзначыць таксама, што паміж гэтымі групамі пахаваньняў у красавіку сёлета ў час пракопкі траншэі пад газатрасу выяўленая магіла, у якой знойдзена некалькі дзясяткаў параў абутку пераважна савецкай вытворчасьці; галёшы, датаваныя 1939 годам. А сярод іх знойдзены адзін з надпісам "Riga", "1939" і адзін туфель з маркіроўкай "Kvadrats", "Riga", "41".

Сярод рэчаў асабістага карыстаньня найбольш трапляліся мужчынскія і жаночыя грабеньчыкі, кашалькі й партманэты (часам з грашыма й манэтамі), зубныя шчоткі, футаралы ад зубных шчотак, акуляры, футаралы ад акуляраў, мыльніцы, кубачкі эмаляваныя й фарфоравыя, запалкі ў карабку, манэты, датаваныя 30-мі гадамі, муштукі, гузікі, устаўныя сківіцы, каталіцкія нацельныя мэдалікі (мэдальёны), знойдзена місачка, шкляная ампула зь лекам (таблеткі), футарал ад грабеньчыка, плястмасавы слоічак з-пад зубнога парашку, вянчальны пярсьцёнак з выгравіраванай датай "1935", манокаль, пэнснэ, лязо брытвы ды інш. Большасьць з гэтых прадметаў мае фабрычную маркіроўку. Надпісы на кубках - "Ростов-на-Дону", "Warszawa" ды інш., на грабеньчыках - "Моспластмас ф-ка 4", "НКЛП - БССР", "KING HALI FAX GARANTIE", "DURABIT-GARANTIE" ды інш., на зубных шчотках - "Арт. "ЩЕТКАГРЕБ", "ВИТЩЕ КОМБИНАТ", "MARQUE PEPOSEE BO-BO", "NON-PLUS-ULTRA" ды інш.

Археалягічны аналіз суадносін і разьмяшчэньня знаходак у пахаваньнях дае істотную інфармацыю аб забітых людзях. Па-першае, удалося прасачыць геаграфію й храналёгію пахаваньняў у Курапатах. Расстрэлы пачаліся ва ўсходняй палове тэрыторыі. Гэтая плошча густа пакрыта пахавальнымі западзінамі. Магілы датуюцца 1937-1938 гадамі. У раскопе 5 траўня 1988 году, а таксама ў раскопах No.1-3, распрацаваных у гэтым месцы, выяўлены рэчы й прадметы выключна савецкай вытворчасьці, у тым ліку БССР, шмат самаробнага і саматужнай вытворчасьці абутку. Мала прадметаў туалету. Усё гаворыць пра тое, што тут пахаваны мясцовыя людзі, якія належалі да працоўнага цывільнага насельніцтва. Сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя службоўцы). Магіла No.1 была "настраляная", напэўна, зімой. Тут шмат спарахнелага зімовага скуранога адзеньня (кажухі), рэшткі валёнак, зімовыя бахілы і да т.п.

Далей на захад і паўднёвы захад разьмешчаны пахаваньні 1939 году і пасьля 1939 году. У магіле на газатрасе і ў раскопах No.5-6, распрацаваных тут, выяўлены, побач з савецкімі самаробнымі рэчамі, знаходкі польскай вытворчасьці і, відаць, прадметы замежнага імпарту ў даваенную Польшчу. Не выклікае сумневу, што тут ляжаць расстраляныя пасьля верасьня 1939 году сяляне і інтэлігенты з Заходняй Беларусі, сярод якіх, магчыма, былі і выхадцы з прыбалтыйскіх краін.

Найбольш нізкі сацыяльны ўзровень пахаваных з гэтай групы магіл зафіксаваны ў раскопе No.8. Тут адсутнічаюць прадметы туалету (зубныя шчоткі, мыльніцы і да т.п.) і ўвогуле мала рэчаў індывідуальнага карыстаньня. Абутак даволі звычайны, нізкай якасьці й вырабу, мала скуранога адзеньня, адсутнічаюць акуляры і г.д. Відаць, у гэтай магіле былі пераважна пахаваныя заходнебеларускія сяляне.

У раскопе No.5 выяўлена найбольш рэчаў "інтэлігентнага" карыстаньня (шмат прадметаў туалету, акуляраў, манокаль, пэнснэ, лекі і г.д.). Абутак тут высокай якасьці, фабрычны, стылёвы, пашыты па назе, жаночыя боцікі на высокім абцасе, знойдзены пальчаткі і да т.п. Няцяжка здагадацца, якая сацыяльная група насельніцтва тут ляжыць.

Тацяна Вікенцеўна Матусевіч (1906 году нараджэньня) зь Зялёнага Лугу, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамінае, што перад вайной на расстрэл вазілі цэлымі днямі безь перапынку, машына за машынай. Кацярына Іванаўна Аўдзеенка, жыхарка вёскі Драздова, што побач з Курапатамі, памятае, як у 1939 годзе народ вазілі ў лес за вёскай на "Сяргееву гару" машынамі і расстрэльвалі ў ямах. (Відаць, на Бродзе не спраўляліся - так было завозна).

Па намэнклятуры прадметаў і па тым, што частка рэчаў (адзеньне, абутак) знойдзены ў складзеным выглядзе, па наяўнасьці харчовых прыпасаў, кашалькоў і г.д. можна зрабіць выснову, што людзі былі сабраўшыся ў далёкую дарогу, што родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці, што не адбывалі турэмнага зьняволеньня. Гэта наводзіць на думку, што яны былі расстраляны без суда, кажучы мовай сталіністаў - "ликвидированы".

Т.В.Матусевіч згадвае такі выпадак, як аднойчы, калі яшчэ не было плоту на Бродзе, а ўжо стралялі, лясьнік Кароль Канановіч выявіў у лесе засыпаныя ямы, утыканыя сасонкамі, а побач у разьвілцы забытую сялянскую торбачку з прыпасамі (кілбаса, хлеб і да т.п.). Нават яшчэ і прагаладацца не пасьпеў чалавек, як трапіў пад расстрэл.

У рэштках пахавальных пластоў, якія засталіся на дне магіл пасьля эксгумацыі 40-х гадоў, выяўлена розная колькасьць пахаваных. Найменш у магіле No.3 (31 нябожчык, калі лічыць па чарапох) і найбольш у пахаваньні No.5 - 87 чарапоў, але 107 нябожчыкаў, падлічаных па парах сьцегнавых касьцей. (Несупадзеньне колькасьці чарапоў і параў сьцегнавых касьцей - вынік даўняй эксгумацыі.) Зрабіўшы абмеры і падсумаваўшы ўсе дадзеныя, можна прыпушчальна вылічыць пачатковую колькасьць пахаваных у дасьледаваных магілах. Яна вагаецца ад 150 у "зімовай" магіле No.1 да 260 у магіле No.5. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаванняў (510), дык атрымаем 102 тысячы чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных, відаць, большая, бо існуе шмат магіл, большых памерамі за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах маглі быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 году. Мноства магіл зьнікла, калі пракладвалі кальцавую дарогу ў канцы 1950-х - пач. 1960-х і, магчыма, у 1940-х гадох падчас высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы; ня ўлічаны пахаваньні на поўдзень ад кальцавой дарогі, там, дзе была паўднёвая ўскраіна тэрыторыі расстрэлаў. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць 900, а можа, і больш, прытым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць цяпер толькі па велічыні існуючых магіл.