Выбрать главу

Што мяне больш за ўсё ўразіла не як дасьледніка, а як чалавека ў час раскопак - гэта вялікая колькасьць пахаваных жанчын. Жаночыя чарапы і рэчы знойдзены ва ўсіх пахаваньнях. У рэштках пахавальнага пласта раскопу No.6, напрыклад, засталося ўсяго 15 чарапоў; 10 з іх, найбольш ацалелых, адабраныя для экспэртызы. З гэтых 10 - 8 жаночыя. Адкрыцьцё яшчэ раз сьведчыць аб тым, што тады, у 30-я гады, адбываўся масавы тэрор супраць народу.

Другое - суб'ектыўныя адчуваньні. Карціны дзяцінства, 40-50-я гады, яркія вобразы й прадметы, што адклаліся ў памяці колерна і выразна і ўспамінаюцца потым, як ружовыя сны. Рэзка, як цяпер, памятаю дэталі быту роднага дому - лыжачку, якой еў, белы фарфоравы сэрвіз з "залатымі карункамі" па краёх, кубачак з надпісам "Warszawa", ярка-сінюю эмаляваную місачку зь белым малюнкам чайніка на донцы і літарамі "20 см". Я нават "гісторыю" яе памятаю. "А дзе гэта сіняя місачка?" - чую голас бабулі...

Раскоп No.8. Асьцярожна выбіраю пясок вакол эмаляванай місачкі, што ляжыць на тазавых касьцях шкілета. Зараз перавярну, зірну, якая маркіроўка, і пастаўлю назад... Яркая, сіняя эмаль і белы чайнік на донцы... і літары - "20 см"... І тут я пачуў, як ціха навокал стала, як сосны шумяць над магілай...

Аналізуючы вынікі раскопак у Курапатах, я зьвярнуў увагу на дакладнае супадзеньне шмат якіх зьвестак з апавяданьняў людзей, сьведкаў расстрэлаў, і фактаў, выяўленых у час эксгумацыі. Такое супадзеньне якраз і характэрнае для непасрэднага прамога сьведчаньня, дзе яшчэ няма фальклярызацыі падзеяў у народнай сьвядомасьці. Раскопкі пацьвердзілі такім чынам ня толькі праўдзівасьць саміх сьведчаньняў, але і правільнасьць мэтодыкі нашага, зробленага зь Я.Шмыгалёвым, апытаньня відавочцаў. З амаль 170 вядомых цяпер сьведак (сьледзтва выявіла больш за 220 сьведак. - З.П.) мы апыталі некалькі дзясяткаў. Клясыфікацыя адказаў і падсумаваньне высноваў прыводзяць у такім выпадку да таго ж вываду, што і пры апытаньні сотняў сьведак (паколькі ў аснове іх назіраньняў адназначная, храналягічна расьцягнутая і шматпаўтаральная зьява). Аднак крымінальнае сьледзтва ставіць больш канкрэтныя задачы. Таму будуць апытаныя ўсе сьведкі й відавочцы.

Аналіз зьвестак прыводзіць яшчэ і да думкі, што ў Курапатах забівалі спэцыяльныя каманды, сфармаваныя загадам, але былі, магчыма, і добраахвотнікі, што імкнуліся зарабіць ці проста "разьвеяцца" ў прыемным для іх занятку. Карціну забойства можна часткова ўявіць ужо на падставе раскопак. Але дамо слова відавочцу.

Вольга Цімафееўна Бароўская з Цны (1927 году нараджэньня) расказвае, што калі ёй было 11 гадоў, суседзкі старэйшы за яе хлопчык узяўся завесьці меншых дзяцей у "вялікія ягады". Сабралася іх шмат - 10-11 дзяўчатак - і пайшлі на Брод. Пералезьлі ў нару пад плотам і давай зьбіраць. Праўда, ягад там было шмат. Дзеці цьмяна ўяўлялі, куды іх завёў старэйшы хлопчык. Было каля 4 гадзін дня, як загулі машыны. "Атас! Ратуйся! Дзеўкі, ходу!" - закрычаў дзявочы камандзір, і ўсе сыпанулі як гарох да нары пад плотам. Пакуль тоўпіліся і пералазілі, расчынілася брама і ўехала ў яе легкавая "эмка", а за ёю цугам тры "чорныя вораны" і з тарахценьнем і выцьцём пруць проста на дзяўчынку, якая засталася ля нары апошняй. Вось ужо побач. І такі страх апанаваў яе, што кінулася на зямлю і схавалася пад густую елачку. І тады ўбачыла, што тут нейкі пясок і яна блізка гэтага пяску. "Эмка" пад'ехала сюды і выйшлі зь яе чатырох мужчын.