Выбрать главу

Пытаньне: "Як былі адзеты?" - "У ваеннае. Гімнасьцёркі і боты, галіфэ". - "Якога колеру галіфэ?" - "Добра ня памятаю. Гімнасцёрка зашчытная, здаецца, і галіфэ такія. І ўсе ў рамянёх, накрыж апяразаныя, як гэта называецца... партупея, ці што?" - "А пляншэткі, такія палявыя сумкі, на іх былі?" - "Былі на ўсіх. І пісталеты на поясе. На галаве круглыя фуражкі, падобныя, як цяпер". "Ваенныя з "эмкі" падышлі да ямы, - расказвае далей Вольга Цімафееўна, - (вось ад чаго пясок, думаю, тут жа яма выкапаная) і паглядзелі ў яе. У гэты час "вораны" разьвярнуліся і сталі ў рад. Адзін падышоў, адшчапіў будку і давай выводзіць адтуль людзей са зьвязанымі рукамі. Я думаю, што гэта яны тут будуць рабіць? Аднаго як разьвязалі, дык ён адразу на калені ўпаў, рукі склаў і як залямантуе: "А людцы мае, а Божа ж мой, а за што ж мяне, скажэце!? А ў чым жа я вінаваты?!"

Пытаньне: "На якой мове крычаў, на беларускай ці на расейскай?" - "Гаварыў так, як мы ў Цне, па-беларуску. Гляджу, аж яны іх да ямы падвялі і з наганаў у патыліцу "шпок-шпок-шпок"... І людзі ў яму падаюць, падаюць. Я ажно вочы заплюшчыла. Такі жах мяне апанаваў. Я ж ніколі ня думала, што людзей могуць забіваць. Так было страшна, што я проста губляла прытомнасьць, млела, мяне трэсла. А яны ўсё страляюць, выводзяць і страляюць. Засталіся два чалавекі. Вымаляюцца. Яны ім рыдлёўкі ў рукі - засыпайце. Пазасыпалі. А тады яны і гэтых... застрэлілі. Потым ужо самі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і іх прысыпалі трохі".

Пытаньне: "Ці былі між людзей жанчыны?" - "Былі, бачыла, былі. І бацька мой казаў, а ён часта сюды зазіраў, што ў пяску на ямах жаночыя грабушкі валяліся". - "Як былі адзетыя гэтыя людзі, па-гарадзкому ці па-вясковаму?" - "Цяжка сказаць, неяк і не памятаю; проста адзетыя". - "Па колькі выводзілі чалавек з машыны?" - "Выводзілі партыямі па 6-8 чалавек. Рукі зьвязаныя назад. А перад ямай, перш чым забіць, - разьвязвалі". - "А колькі партыяў выводзілі з адной машыны?" - "Добра не памятаю: можа, па дзьве". - "Што яны адказвалі на лямант людзей, на іх пытаньні?" - "А нічога не адказвалі. Ніякіх размоў. Людзі крычалі, прасіліся, а яны сваю справу рабілі. Толькі: "Становись! Становись! Становись! Становись! - і ўсё". - "І ніхто не спрабаваў вырвацца, супраціўляцца, уцячы?" - "Не, ніхто. А куды ты ўцячэш? Наперадзе яма, а ззаду яны са зброяй. Куды ўцячэш? У яму? Яны і жывога цябе засыплюць. Так і было. Як вечарам настраляюць, то на раніцы зямля дыхае. Бацька ня раз бачыў, як зямля варушылася, настаяшча дыхала. Ён надта гэта ўсё браў да сэрца і перажываў. Казаў: "Божа, што творыцца - зямля дыша." Бывала, прыйдзе вечарам і кажа маме: маці, устань. Ты ж выйдзі, паслухай, як людзі плачуць. Паслухай, як крычаць. Мама выйдзе - і мы, дзеці, бяжым за ёй, і мы чуем тыя крыкі. Просяцца людзі: спасіце, за што, я не павінна - калі жанчына; мужчына - за што мяне, я ні ў чым не вінаваты, за што мяне, скажэце, хоць бы я ведаў віну, за што мяне? Дык, ведаеце, і мы наплачамся разам. Мы думалі, што там мучылі іх". (Дарэчы, тое, што людзі дапытваліся сваёй віны, сьведчыць, што іх забівалі без суда. - З.П.)

Пытаньне: "Расстрэльвалі ўсе ўчатырох ці як?" - "Не, удвух. Двое з наганамі стаялі па бакох ямы "на чаку", а двое падводзілі і стралялі". - "Скончылі страляць - што потым? Пра што яны гаварылі?" - "Нічога не гаварылі. Пазачынялі гэтыя "крумкачы", адправілі, селі ў "эмку" і сьледам паехалі. Выскачыла я адтуль, паляцела ў жыта, заблудзілася, наплакалася, дахаты не магла трапіць, нешта са мной сталася. Потым па начах усхоплівалася, крычала. Колькі мяне мама пацягала па тых бабках, знахарках. Я і цяпер, як успомню тое, мяне агортвае жах, дзікі жах..."

Зазваніў тэлефон. Жаночы голас прасіў аб спатканьні і душыўся ад плачу. Забілі бацькоў... тату і маму... у тым лесе...

Успамінае мянчанка Галіна Сьцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сідзякіна, 1924 году нараджэньня). Бацька яе, Сьцяпан Іванавіч, нарадзіўся і жыў да 1932 году ў Цне. Потым пабудаваў хату на вуліцы Цнянскай у Менску і пераехаў зь сям'ёй у горад. Меў эканамічную адукацыю, працаваў плянавіком па сацыяльным забесьпячэньні ў Доме ўраду. Маці - Соф'я Адамаўна Саковіч - хатняя гаспадыня, абсалютна непісьменная, не магла расьпісацца. 31 кастрычніка 1937 году ў тры гадзіны ночы загула машына, спынілася, і ў дом уваліліся энкавэдзісты. "Тады людзей забіралі па начах, - кажа Галіна Сьцяпанаўна, - і ўсе слухалі, ці не гудзе машына, былі нагатове". І вось загула... Перапаролі хату, без панятых, без прад'яўленьня абвінавачаньняў ці якіх-небудзь дакумантаў, нічога не тлумачачы. Забралі пашпарты, усе фатаграфіі і сказалі зьбірацца. "Мама пайшла ў тапачках, хоць была ўжо халодная восень", - успамінае Галіна Сьцяпанаўна. Ёй было тады 13 гадоў. У тую ноч яна асірацела. Прыйшлі, забралі і павялі навек. Ніякіх тлумачэньняў і ніякіх зьвестак, толькі пракляцьце члена сям'і ворага народу ўпала на галаву.