Выбрать главу

Назаўтра кінулася ў НКУС. Масы людзей. Доўгія чэргі да сьледчых стаяць па некалькі сутак. Начавала ў калідорах у чарзе, каб потым пачуць дзяжурны адказ: высланы на 10 гадоў бяз права перапіскі. Хадзіла і выстойвала тройчы. Апаратчык нават у сьпіскі не глядзеў, адказваў як заведзены ўсім адно і тое ж. Яны спадзяваліся, ня ведаючы, што іхных блізкіх і родных ужо расстралялі.

Па зьвестках, атрыманых мною ад сьведкаў, расстрэльвалі ў Курапатах спэцыяльныя каманды. У іх складзе былі, па словах Галіны Сьцяпанаўны, і свае, мясцовыя. Адзін зь іх нарадзіўся і жыў у Цне. (Паколькі вядзецца сьледзтва, прозьвішча не называю. Пазначым яго крыптанімам "Н".) Працаваў ахоўнікам у НКУС у Менску. Заўсёды хадзіў на працу па Цнянскай, паскрыпваючы партупеяй. Спатыкаючы маленькую Галю, глядзеў на яе зь лютай злосьцю. Сваіх, цнянскіх, ён ведаў. У вёсцы ня раз выхваляўся, што Жукоўскіх ён "сам стрелял" на Бродзе. Пахваляцца забойствамі "ворагаў народа" (хоць гэта было і забойства ў патыліцу) лічылася за гонар. Некаторыя дзяўчаты імкнуліся выйсьці замуж за энкавэдзістаў... "Рожа, грубая рожа, - успамінае пра "героя" Галіна Сьцяпанаўна, - ня твар, а нейкая доўгая, нялюдзкая фізіяномія. У 1960-х гадох я яго хацела знайсьці, думала, што ён жыве яшчэ. Здаецца, я яго б разарвала за маіх бацькоў".

Пытаньне: "Ён жыве ці памёр?" - "Памёр у 1954 годзе... А колькі нацярпелася прыніжэньняў, голаду. На працу нідзе не магла ўладкавацца. У 1947 годзе прынялі машыністкай у ваенную часьць. Напісала, што бацькі памерлі. Выклікаюць у контрразьведку. Сядзіць такі рыжы хам, фізіяномія чырвоная: Где твои родители, ё. т. м.? - і пісталет на стол. - Гэта вы мне скажыце, дзе мае бацькі, - адказваю. - Што вы мяне пытаеце? Дзе вы іх падзелі? - Иди! Тут жа мяне выгналі з работы".

Пытаньне: "Ці быў яшчэ хто-небудзь у НКУС зь мясцовых, акрамя "Н"?" - "Называюць яшчэ нейкага зь Зеляноўкі (вёска ўжо не існуе - З.П.) Казалі, што той нават адзежу з забітых здымаў і прадаваў за гарэлку".

Вядомыя прозьвішчы яшчэ двух забойцаў. Абодва ўжо памерлі. Адзін у Расеі, другі быў жанаты з тутэйшай і пахаваны ў нас. Думаю, пайду хоць на жонку яго пагляджу. Мяккая мэбля, дываны і да т.п. мяшчанскія радасьці. На фатаграфіі клясычная фізіяномія забойцы-сталініста. Што чакаў, тое і ўбачыў. Аж ня верыцца. "Муж работал в НКВД", - паведамлена было мне. З размовы адчуў, што ўсё яна ведала, чым ён займаўся, а вось жа выйшла замуж. Што ж, на тых матрацах з чалавечых валасоў, што гітлераўцы рабілі, павінен быў таксама нехта спаць.

Ва ўсе часы не абыходзіцца бяз вырадкаў. Што ўжо казаць пра грамадзтва 30-х? Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што сярод цнянцаў было шмат добрых, прыстойных людзей. Пра аднаго зь іх - старшыню сельсавета, а потым калгаса Цімоха Васілевіча Бацяна - ужо ўспаміналася. Ён ня выдаў, не прадаў ніводнага земляка. Хоць ад яго патрабавалі. Цімох Васілевіч быў чалавек мужны і нетыповы для таго подлага часу. Былая цнянская настаўніца Надзея Апанасаўна Мікуліч (1926 году нараджэньня) расказвае, што калі забралі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу, перад яго жонкай Вольгай Іванаўнай некаторыя напалоханыя цнянцы зачынялі дзьверы, каб не ўгнявіць сталіністаў. Толькі Цімох Бацян не зачыняў дзьвярэй і дапамог няшчаснай, забітай кабеце ў яе жыцьцёвых патрэбах і бядзе. Тады энкавэдзісты схапілі ноччу Цімоха Васілевіча і тут жа павезьлі за плот. Паставілі на край ямы, наган у горла - "будешь давать врагов народа, али нет?" "У мяне няма ворагаў", - адказвае Бацян. "Давай врагов или убьем!" "У мяне няма ворагаў! - закрычаў на іх Цімох Васілевіч. І... дзіва - яны не застрэлілі яго. Пэўна, не хапіла фармальнасьцяў.

Затое хапала фармальнасьцяў, каб забіваць сотні тысяч бяспраўных. Сталіністы адправілі на той сьвет бацькоў Надзеі Апанасаўны. Яна ўспамінае, як у яе роднай вёсцы Малышэвічах пад Слуцкам забіралі сялян. Сярод іншых схапілі шасьцідзесяцігадовую адзінокую жанчыну Марылю Шмак. Яна была зусім глухая й непісьменная, жыла ў пограбе ў страшэннай беднасьці (нават хаты сваёй ня мела). Яе катавалі "з выдумкай", сыпалі ў горла пясок, дабіваліся нейкіх прызнаньняў. Потым, назьдзекаваўшыся, стукнулі па галаве - яна тут жа і сканала...