Выбрать главу

Ня ведаю таксама, ці запісана гэта ўсё ўбачыць у маім лёсе. Але што яно спраўдзіцца скора - не сумняваюся.

Даўно завершаны дасьледаваньні па Курапатах, скончана і змаганьне за праўду. Ісьціна запанавала. Сабраны вялізны фактычны й псыхалягічны матэрыял. Ён так і просіцца ў кнігу. Аднак кніга не напісаная, нягледзячы на ўсе прапановы выдавецтваў і патрабаваньні сяброў. Ісьціна перамагла. І гэта галоўнае.

А кніга? Некалі напішацца й кніга, калі зьменіцца выбар. Я кажу выбар, бо такі цяпер час, калі шмат каму зь пісьменьнікаў і мастакоў, вучоных і журналістаў... шмат каму прыходзіцца рабіць выбар - альбо займацца творчасьцю, навукай, асабістым жыцьцём, альбо - палітыкай. І шмат хто выбраў палітыку, зразумеўшы, што немагчыма па справядлівасьці збудаваць асабістае, не стварыўшы агульнага - свабоды чалавека, незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі ў грамадзтве. Часам гэта азначала прынесьці сябе ў ахвяру, свае дні і ночы, сваю працу і радасьці, падставіць голаў пад бруд дзеля будучыні і дабрыні. Якія кнігі, якія вершы, калі тлее, гарыць і дыміцца наш дом!

Некалі ў юнацтве любіў чытаць Калевалу. Так хораша на мове беларускай. Запомнілася, як мужны Вяйнямёйнэн, каб дасягнуць мэты, павінен быў узараць гадзючае поле, якое шыпела, кідалася ў вочы, кішэла ядавітымі гадамі. І толькі тады можна было ўзараць, калі ні разу не азірнуцца. І не азірнуўся Вяйнямёйнэн, ідучы за плугам. І ўзараў ён гадавае поле. Які прыгожы эпас Калевала, які цуд - фальклёр!

Канчаецца гадавае поле, застаецца з тылу бальшавіцкае шыпеньне, марксісцкае зло. Што чакае нас наперадзе? Якія выпрабаваньні? Мяркую, што выпрабаваньні цяжкія, але прыемныя. Выпрабаваньні стваральнай працы ў незалежнай Беларусі.

У Курапатах дзяржавай ня зроблена практычна нічога. Ніякага догляду. Руйнуюцца, псуюцца магілы, ні храма, ні парадку, быццам тут і ня могілкі, пра якія ведае ўвесь сьвет.

Зрэшты, у тым, што Курапаты ў такім стане, вінаватае ўсё грамадзтва. Пахадзіце па Беларусі, паглядзіце на могілкі. У большасьці развал і запусьценьне. Але настаў час зьбіраць камяні. І гэты час рэальны. У новай Беларусі ўшануем нявінназабітых, памятаючы пра справядлівасьць, бо нішто не мінае бясьсьледна.

Такая цана нашай народнай свабоды. Як хрысьціянства, заснаванае на нявінна пралітай крыві Хрыста, так і наша свабода павінна стаць вечнай. Ад нас дзеля гэтага патрабуецца так мала - толькі памятаць, верыць і любіць.

Калі мы азірнемся ў гісторыю Беларусі - гэта гісторыя пакутаў. Беларусы нясуць свой пакутны крыж ужо сотні гадоў - занядбаньне і здраду, фашызм, камунізм, генацыд, - а цяпер на плячах - палыновую зорку. Ужо сьвецяцца стронцыем нашыя душы. Жывем. Мы - некалі вялікі Боскі народ. Вялікая краіна. Мы вяртаемся да сваіх вытокаў. Не палохаймася, што нам цяжка. Не маркоцьмася з-за сваіх пакутаў. Пакутуючых і цярплівых любіць Бог. Успрымем жа з годнасьцю як народ багалюбны наш крыж. Бо мы ўваскрасаем. Ужо ўзьвіваецца над намі наш сьвяты і чысты бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта ж так проста: белае і чырвоная паласа, а ні ў кога на сьвеце, акрамя як у беларусаў, такога сьцяга няма. Толькі ці ведаем, братове, што бель з чырвонай паласой - гэта сьцяг і сымбаль Ісуса Хрыста.

Як радуе, як хвалюе мяне гэты сымбаль і сьцяг, пад якім так хораша нарадзіцца і ня страшна паміраць.

Мінуць гады, дзесяцігодзьдзі, але ў вольнай Беларусі, я ўпэўнены, заўсёды будуць памятаць Курапаты - гэты сымбаль нашага народнага мартыралёгу, гэты вобраз уваскрасеньня.

Хвойныя лясы ў Беларусі, сасновыя бары... над магіламі. Прыслухаймася. У пошуме хвой, як у хвалях марскіх, пад бяздонным сінім небам, чуваць голас вечнасьці.

Зянон Пазьняк

24 верасьня 1991 г.

Курапаты - дарога сьмерці

Чалавек, што зрабіў злачынства і існуе зь ім, злачынец. Ён здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумленьня, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысьціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасьць жыцьця і сьмерці, вечнасьці і бясьсьмерця. Патрабаваньне ўсёй праўды аб злачынствах 1930-1950-х гадоў гэта голас народнага сумленьня.

Ачышчэньне сумленьня неабходнае грамадзтву, якое дапусьціла і спарадзіла генацыд - найвялікшае злачынства супраць чалавецтва. Вядома ж, ня стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават "ціхія пэнсіянэры". Раскайвацца павінны наступныя пакаленьні, якія і ня бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народу, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадзтва. Павінен быць рахунак сумленьня, каб вярнулася сьмерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасьць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй.