Выбрать главу

Такім чынам, ва ўсходняй частцы тэрыторыі расстрэлаў разьмешчаны пахаваньні, што ўзьніклі не раней за 1937 г., у заходняй і паўднёва-заходняй частках - тыя, што зьявіліся не раней за 1939 г.;

- людзі ва ўсіх пахаваньнях былі забітыя стрэламі ў галаву (у асноўным у патыліцу) з савецкага рэвальвэра сыстэмы "Наган";

- усе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва;

- характар і намэнклятура знойдзеных рэчаў сьведчыць, што пахаваныя зьбіраліся ў далёкую дарогу і родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці. Гэта наводзіць на думку, што людзі былі расстраляныя без суда, яны не адбывалі працяглага зьняволеньня;

- пахаваныя ў розных магілах характарызуюцца розным бытавым узроўнем, паходзяць з розных мясьцін Беларусі (магчыма, ёсьць выхадцы з краін Прыбалтыкі);

- мяркуючы па абутку, рэштках адзеньня й прадметах індывідуальнага карыстаньня, большасьць пахаваных (акрамя магілы № 5) належалі да ніжэйшых дэмакратычных пластоў насельніцтва (рабочыя, сяляне, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя);

- сярод расстраляных былі жанчыны;

- усе раскапаныя намі магілы, у якіх выяўлены рэшткі нябожчыкаў, раней паддаваліся эксгумацыі й выбарцы пласта пахаваных;

- ва ўсіх дасьледаваных пахаваньнях ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна; косьці выбраныя пераважна ў цэнтры да глыбіні 1,80-2,10 м ад гарызанталі дзённай паверхні. Тымчасам сапраўдная глыбіня магільных ямаў ад 2,00 да 2,75 м. Таўшчыня пахавальнага пласта, пакінутая ў магільных ямах, у цэнтры ад 0,20 да 0,70 м. Можна меркаваць, што людзі, якія непасрэдна рабілі папярэднюю эксгумацыю (выбарку касьцей), не былі зацікаўленыя ў сваёй працы;

- усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах (510 магіл) характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь ямаў быў выбраны значны аб'ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, усе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі;

- раскапаныя намі пахаваньні памерам адносяцца да малых і сярэдніх. Колькасьць нябожчыкаў, якая згодна з разьлікамі магла быць пахаваная ў такіх магілах, - ад 150 да 260 забітых у кожным пахаваньні. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаваньняў, дык атрымаем 102000 чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных павінна быць у 2-2,5 разоў большай і дасягаць, пэўна, 220-250 тысяч. Па-першае, існуе шмат магіл, большых памерам за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць сабой яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах могуць быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 г. Мноства магіл зьнікла, калі пракладалі кальцавую дарогу ў канцы 1950 - пач. 1960-х гг., і, магчыма, у 1940-х гг. у час высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць да 900 магіл, а можа і больш, прычым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць толькі па велічыні існуючых цяпер магіл.

Вершы