Выбрать главу

З.Пазьняк: У маладосьці ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулі апавяданьні людзей, што вярнуліся са сталінскіх турмаў і лягероў, амаль зь небыцьця. Я тады нічога не запісаў, не занатаваў і з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калі ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фальклярызуецца, міталягізуецца народная памяць аб тых часох і проста зьнікае. Пачварныя вобразы з тых апавяданьняў стаяць у сьвядомасьці...

Вось гоняць людзей па этапах. У дваццаціградусны мароз вязуць цягніком. Спыніліся на станцыі. "Усім разьдзецца, - загадвае канвой, - пойдзем у лазьню". Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадой. "Зь лёгкай парай, - рагочуць канваіры, - а цяпер спаць". І зачынілі дзьверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб зьвісалі галовы, а нехта з катаў разьбіваў іх калуном. Відаць, загадана для гарантыі. Мінаюць гады, і не зьнікае з уяўленьня забойца мерцьвякоў.

Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, сьвішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна ня ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьцен, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. І выразна паўстаюць перада мной тыя атланты і карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз - барак...

Расказаў Іван Трафімавіч Смаль, член партыі з 1917 году, член Гомельскаіа рэўкому. У 1937 ён працаваў на Магілеўскім аўтарамонтным заводзе намесьнікам дырэктара. Яго забралі па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца - завод своечасова не адрамантаваў дзьве машыны. Уткнулі ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар'яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. І калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.

А каб выбіць паказаньні, была асобная камэра, цёмная, зь нізкай, ніжэй за паўтара мэтра стольлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзіным сухім месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. І толькі там чалавек мог знайсьці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар'яцеў у той труне.

Іван Трафімавіч стрываў усе катаваньні і ня здаўся, не падпісаў абвінавачаньні. Пасьля краху Яжова яго выпусьцілі - хворага й сівога... А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вэстыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзьнятаю галавой і сіваватай прычоскай. "Здравствуйте, Иван Трофимович", - не сказала, прасьпявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. "Бацька, хто гэта?" - "Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магілеўскай НКУС". Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілеўскія вязьні. Садыстка, яна вяла допыты толькі мужчын, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянэраў. Вязьню загадвала распрануцца дагала і танцаваць пад мэлёдыю вальса "На сопках Маньчжурыі", патрабавала сьпяваць. Потым брала спэцыяльна зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі і сьцябала чалавека па органах і самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьці ад болю.

Да 1937 году сын Івана Трафімавіча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у іх дома, ня ведаючы ні аб чым. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі й гарбатай...

Я.Шмыгалёў: "У сярэдзіне 1950-х гадоў, будучы капітанам савецкай арміі, я служыў у Валагодзкай вобласьці. Там я пазнаёміўся са старшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадох прымаў удзел у высяленьні татараў з Крыму. Ён расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі ў адначасьсе абкружаныя войскамі НКУС. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Зьбіраліся пад дуламі аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў - сьмерць. Татараў загналі ў вагоны і павезьлі ў Сібір і Казахстан. У эшалёнах іх кармілі толькі салёнай камсой і селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя і старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі аб літасьці, але літасьці не было. Каштоўныя рэчы й грошы канваіры адбіралі сабе. Пра зьдзекі з татараў Увараў расказваў з задавальненьнем, са смакам, лічыў свае паводзіны правільнымі, а сталінскі акт у дачыненьні да татараў ухваляў."

З.Пазьняк: Павінна быць кніга народнай памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. "Памятаю, у 1938-м зімой іду па вуліцы каля будынку НКУС, - успамінае мянчанін Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. - Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравоза - гэтулькі там насадзілі людзей". Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць папкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітма набітых падвалах дыхае парай, крывёй і потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?