Выбрать главу

І ўсё ж у 1938 годзе адзін чалавек уцёк з-пад расстрэлу. "Праз плот - і не знайшлі", - сьведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911 г.) з Цны. Адзін чалавек... Можа, ён яшчэ дзе жывы? Можа прачытае гэтыя радкі і адзавецца?

Марыя Рыгораўна пацьвердзіла, што перш чым людзей пастраляць, ім затыкалі рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскі Драздова Скварчэўскі Васіль Якаўлевіч (з 1930 г.) і іншыя. Аднак шмат хто чуў крыкі, плач, маленьні аб літасьці. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, справа ў іншым. Чалавек, які доўгі час забівае людзей, паступова робіцца садыстам. У яго ўзьнікае патрэба памучыць сваю ахвяру, перш чым яе забіць. Вось і мучылі людзей перад сьмерцю.

Відаць, не патроны эканомілі забойцы, калі імкнуліся прашыць адной куляй дваіх чалавек адразу. Гэта была свайго роду бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафэсіяналізму. М.Карповіч, пэўна, якраз і ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу зь вінтовак. Мы падрабязна апытвалі ўсіх, хто чуў, як гучалі стрэлы, і тых, хто бачыў, як забівалі, ці дачуўся ад тых, хто бачыў, - і прыйшлі да высновы, што стралялі ў асноўным з наганаў ці пісталетаў (што і пацьвердзілася потым раскопкамі).

"А моцна гучалі стрэлы?" - пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны Шаханавай (з 1929 г.) з Цны. "Не, гэтак суха - "хлоп-хлоп-хлоп", але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчаць, і зноў - "хлоп-хлоп-хлоп". Валянціна Міхайлаўна таксама была ўнутры "душагубкі". Падкапаліся з суседнім хлапчуком пад плот і залезьлі, каб назьбіраць ягад (а было ім гадкоў па 10-12). Там яны ўбачылі ўскапаную зямлю і мноства засыпаных ямаў. Вылезьлі зь ягадамі, а насустрач вайсковец. "Стой! Ану, высыпай!" - загадаў хлопчыку. Забраў ягады і як гыркне: "Марш атседава!"

Расстрэлы адбываліся да самага пачатку вайны. У час вайны жыхары з навакольных вёсак разабралі плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве сьпілавалі й расьцягнулі. Цяпер тут расьце пасьляваенны лес з 40-45-гадовымі дрэвамі.

"Немцы там не расстрэльвалі?" - пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны. "Не, немцаў там не было, не расстрэльвалі". Гэтае пытаньне мы задавалі кожнаму апытанаму. Адказвалі ўсе аднолькава: - немцы гэтай мясьцінай не цікавіліся.

"Як выглядала тая мясьціна, калі разабралі агароджу?" - пытаемся ў В.Шаханавай. "Усё ўскапанае: пясок і высокая трава. І надта шмат чырвоных грыбоў, гэткіх пунсовых, на тоненькіх ножках. Нібы крывёй налітых. От, казалі, кроў людзкая прарасла". Пра чырвоныя грыбы на магільных ямах успаміналі многія людзі, лічылі, што гэта яны ад пралітай крыві зьявіліся. Зноў фальклёрны вобраз пакутаў, падумалі мы. Але потым высьветлілі: праўду казалі людзі. Такія грыбы называюцца часночнікі, растуць на глыбока ўскапаным пяску і пахнуць часнаком.

Цяжка размаўляць са старымі жанчынамі пра той час. "А мае дзеткі, колькі добрых людзей пастралялі! - выгукае Кацярына Мікалаеўна Багайчук. - Хоць бы ім помнік які паставіць!" Плача... "Асабліва жудасна было ноччу, - кажа Надзея Яфімаўна Хоміч (з 1922 г.) зь Зялёнага Лугу. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыяжджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу. - Заўсёды стрэлы, брэх сабак, крыкі, галашэньне". Таксама плача...

"Сабакі былі злыя, відаць, галодныя, - дадае Соня Андрэеўна Козіч (з 1925 г.) зь Зялёнага Лугу. - А стралялі амаль бесьперапынку, асабліва ўначы".

"Шмат было кругом распырскана крыві, - расказвае Марыя Іванаўна Пацяршук (з 1925 г.) з Цны. - Стогны, стагналі нават закапаныя..."

Вера Фёдараўна Тоўсьцік (з 1933 г.) з Драздова памятае: калі было ёй гадкоў сем, са старэйшымі дзецьмі бегала глядзець на забойствы. Успаміны яе фрагмэнтарныя, што захавала дзіцячая памяць: - засыпаныя сьвежым жоўтым пяском ямы і кроў на траве. "І пясок над ямамі яшчэ варушыўся, нібы дыхаў".

Пытаньне: "Ці забралі каго з Драздова?" - "Не памятаю, малая была. Але старэйшыя расказвалі, што па вёсках забіралі. Езьдзіла машына. Ноччу заходзілі й казалі: - зьбірайся. Куды - не тлумачылі. От чалавек і зьбіраўся, клаў у торбачку хлеба, сала. А іх потым прывезьлі вунь туды і.пастралялі ў ямах. Няўжо ж ніхто ім і помніка не паставіць? Колькі людзей забіта! Колькі народу зьвялі!"