Выбрать главу

Невыказна цяжкае ўражаньне пакідаюць Курапаты. З паўднёвага боку мясьціну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалі тут у 1957 годзе. Тады выграбалі чарапы і косьці. Падымаемся па адхоне, ступаем у лес, і адразу пачынаюцца магілы - безьліч праваленых зарослых ямін. Людзі згнілі - і зямля асела. Яміны розныя: 2x3; 3x3; 4x4; 6x8 мэтраў і большыя. Западзіны бываюць на 70-80 см. У цэнтры - вялікі ўзгорак-града. На схілах яго і ў лагчынах скрозь праваленыя ямы, ямы. Толькі па самай вяршыні грады больш-менш гладка - нібы дарога была некалі. Можа, па ёй пад'яжджалі машыны, каб пасьвяціць фарамі ўначы. З паўднёвага боку мы знайшлі месца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад ім, як і распавядалі нам вяскоўцы. Па ледзь прыкметных выемках пазнаём, дзе стаялі слупы - на адлегласьці чатырох мэтраў адзін ад аднаго.

Ямы розныя памерамі. Магчыма, былі неаднолькава заглыбленыя. Таму колькасьць забітых падлічыць па магілах больш-менш дакладна не ўдаецца...

У 70-х гадох на Курапатах было адносна ціха. Цяпер сюды наблізіўся мікрараён Зялёны Луг-6. Калі прыйдзеш на магілы, ахоплівае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку мянчан. Гуляюць дзеці...

З.Пазьняк: 1 траўня сёлета тут было весела й тлумна, як на праспэкце. Адпачываюць сем'ямі і кампаніямі. У магілах паляць вогнішчы, тут жа ядуць, п'юць, смажаць шашлыкі, іграюць на гітарах, у карты, ламаюць гольле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзістары. Адзін счэсвае бярэзіну, што вырасла з магільнай западзіны, хоча дастаць соку... Дзіўлюся, чаму не цячэ зь яе кроў. Вядома, людзі нічога ня ведаюць; ня ведаюць, што пад імі ляжыць пакаленьне. Але зноў успыхвае ў сьвядомасьці вобраз, як той паравоз, толькі з шашлычным дымам.

Я.Шмыгалёў: Калі паміраюць "ціхія пэнсіянэры", што стварылі гэтае бяспамяцтва, іх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра іх добрыя словы, грае аркестар. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх і наганныя стрэлы. А як пакутвалі дзеці, сем'і рэпрэсаваных! О не, трэба памятаць усё. І пасьля сьмерці хай кожнаму аддасца ягонае.

Агляд некаторых магілаў спарадзіў у нас трывожныя падазрэньні. Занадта глыбокія западзіны, а па бакох часам бугаркі, нібы раскопваў хто некалі. Некаторыя ямы нядаўна раскапаныя ў глыбіню больш чым на мэтар. Нідзе ніводнай косткі. У адной магіле школьнікі паглыбляюць зямлянку. Глыбіня звыш мэтра. Чысты рыхлы незьляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнілася, калі мы ўспомнілі апавяданьне аднаго вяскоўца, які захацеў застацца інкогніта, - пра тое, што адразу пасьля вайны тут доўга капаліся салдаты.

5 траўня 1988 году сіламі археалягічнай групы Інстытуту гісторыі АН БССР мы правялі раскопкі адной з магілаў. Шурф 0,5x1 м у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіню 1,5 мэтра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок.

Гэтае адкрыцьцё ўсю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла ня менш, чым сам факт масавых рэпрэсіяў. Як жа мы недаацанілі іх подласьць! Вось хто капаўся тут пасьля вайны! Замяталі сьляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што тварылі! Дзе ж ваша "чэсная" упэўненасьць у справядлівасьці сваіх справаў, у справядлівасьці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такуя эгіпецкую работу! Выкапаць столькі трупаў! Куды ж вы іх падзелі? Вывезьлі і закапалі? Спалілі? Ня дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Малянкоў? Хто?

У той жа дзень выявілася, што не ўдалося забойцам замесьці сьляды. Да нас падышлі хлапчукі, што 1-га траўня капалі зямлянку ў магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі загарадку з жэрдак, і мы ўбачылі кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касьцей, скуранога й гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два мэтры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых касьцей. Яны адкапалі ніжні штабель магілы.

Успомнім, як энкэвэдзісты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалі трупы і раўнялі дно. Пры эксгумацыі салдаты выбралі косьці да глыбіні двух мэтраў і вырашылі, пэўна, што яме канец. Ці проста "схалтурылі", калі начальства побач не было. Сапраўдная глыбіня магільнай ямы 2,8 м, памер прыблізна 3x3 м. Хлопчыкі акуратна, як археолягі, выбралі палову штабеля (23 чалавекі). Сярод трупаў знайшлі фарфоравыя і эмаляваныя кубкі, скураны кашалёк з савецкімі капейкамі 1930-х гадоў (апошняя дата на манэтах - 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу віцебскай фабрыкі, шмат пустых страляных гільзаў ад нагана дыямэтрам 7,5 мм (прамерана лінейкай, дакладны калібар нагана 7,62 мм - З.П.) і круглыя паламаныя акуляры ў тонкай мэталёвай аправе. На ўсіх гумовых галёшах клеймы айчынных фабрык і дата выпуску - 1937 год. Знойдзены скураныя мужчынскія боты, таксама і жаночы абутак. Кулявыя адтуліны ў чарапох, як правіла, на патыліцы, дзе часта відаць побач па дзьве дзіркі. Ёсьць некалькі чарапоў зь дзіркамі ў скроні, на лбе і зьверху галавы (дастрэльвалі ў яміне). Усе ўваходныя адтуліны дыямэтрам 7,5 мм.