Выбрать главу

Пра што гавораць гэтыя знаходкі? Магіла была "настраляна" ў 1937-1938 гадох. Забівалі з наганаў. Людзей, відаць, расстралялі без суда, без аб'яўленьня выроку сьмерці. Вось тут яны і ляжаць са сваімі клуначкамі, сабранымі, калі загадалі "зьбірацца", кубачкамі, зубнымі шчоткамі і нават медзякамі. На расстрэл, пэўна, не рыхтаваліся.

Хочам назваць прозьвішчы хлопцаў, якія дапамаглі нам у нялёгкім дасьледаваньні. Гэта Ігар Бага (ён ужо скончыў школу і працуе мулярам) і вучні 171-й школы Менска Віктар Пятровіч і Аляксандар Макрушын.

Другая яміна-магіла была закранутая ў час пракладкі газавай траншэі па вяршыні ўзгорка-грады праз Курапаты. Магіла невялікая, разьмешчана была ўбаку ад былога праезду. У час эксгумацыі яе, пэўна, "прапусьцілі", забыліся раскапаць. Рабочыя БМУ "Белспэцмантаж" Дзяржкамгазу БССР і потым дзеці выявілі тут косьці і 15 прастрэленых чарапоў, 20 параў скуранога абутку й галёшаў. Сярод абутку - рэшткі жаночых туфляў. На галёшах клеймы айчынных фабрык і дата - 1939 год. На адным галёшы кляймо рыскай фабрыкі і падпісаны па-латыску. Дата - 1939 год. Зразумела, што гэта магіла 1940 году, дзе сярод іншых быў расстраляны латыш (з Латвіяй, здаецца, тады галёшамі не гандлявалі).

Пра раскопкі быў складзены адпаведны акт і паведамлена ў Бараўлянскі сельсавет. Старшыня сельсавету Сяргей Іванавіч Чачанец паставіўся з разуменьнем да зьвестак пра магілы расстраляных. Была нават створана камісія для высьвятленьня акалічнасьцяў і перазахаваньня чалавечых рэшткаў, а косьці сабраныя ў спэцыяльна зробленую труну.

Цяпер перш за ўсё трэба зьмясьціць адпаведныя надпісы ля Курапатаў зь інфармацыяй пра гэтую мясьціну, каб людзі ведалі, што яна не для пікнікоў і адпачынку. Ня думаем, што эксгумацыя ўсіх магіл, мяркуючы па тым, што выяўлена, была праведзена ў 1940-х гадох акуратна, да канца. Напэўна, там яшчэ ляжаць на дне глыбачэзных ямін тысячы забітых.

Неабходна таксама зрабіць публічнае перазахаваньне адкапаных рэшткаў і падумаць пра помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў на гэтым месцы.

Асобная тэма - пра дараваньне і пакараньне. Няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. На тых, што рабілі такое, не павінен распаўсюджвацца тэрмін даўнасьці. Калі трапляеш у глыбокую і халодную трохмэтровую яму, усланую трупамі, бярэш у рукі сьлізкую падэшву ад маленькага, ня больш за 34 памер, жаночага туфля, - разумееш гэта адназначна.

...А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія "прынцыпы".

Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў

Упершыню надрукавана ў газэце "Літаратура і мастацтва",

3 чэрвеня 1988 г.

Шумяць над магілай сосны...

Дазволю сабе падзяліцца з чытачамі "ЛіМа" некаторымі вынікамі археалягічных раскопак.

Павінен адразу сказаць, што праведзеныя дасьледаваньні не далі нічога прынцыпова новага ў параўнаньні з вынікамі першых раскопак, зробленых у пачатку траўня гэтага году, пра якія напісана ў артыкуле "Курапаты - дарога сьмерці". Гэта абумоўлена добра вядомай археолягам заканамернасьцю, што для асьвятленьня сутнасных характарыстык аднатыпнага помніка (у дадзеным выпадку магільніка) дастаткова дасьледаваць яго частку (пажадана ў розных месцах). Гістарычны факт масавых расстрэлаў насельніцтва ў Курапатах, учыненых сталіністамі ў 1937-1941 гадох, быў высьветлены адразу. Наступная выбарачная эксгумацыя археалягічным мэтадам толькі пацьвердзіла яго на больш высокім навуковым узроўні. Раскопкі і эксгумацыю неабходна было зрабіць таксама, каб правесьці крыміналістычную экспэртызу, атрымаць безумоўныя юрыдычныя аргумэнты й доказы ў крымінальнай справе, якая павінна прадугледжваць высьвятленьне характару злачынства, асобаў вінаватых, пацярпелых, прад'яўленьне абінавачаньня і перадачы яго ў суд.

Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся шурфамі, раскопамі й траншэямі ў трох канцох тэрыторыі пахаваньняў. Усяго зроблена 7 раскопаў і 1 шурф (нумарацыя агульная). Ва ўсходнім канцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы No.1-3. Раскопы No.5 і 6 раскапаныя на паўднёвым баку Курапатаў (Броду) прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў No.1-3, бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп No.8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў No.1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца.

Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магіл, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтай мэтай пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі. Па лініях траншэяў былі зробленыя чарцяжы падоўжных і папярочных профіляў (разрэзаў) пахаваньняў у маштабе 1:20.