Выбрать главу

— Ой, а мая сястра з мужам ужо ва ўзросце, дык калi i падурэюць мiж сабою, балуюцца, i дзецi ля iх, усе смяюцца, то ў хованкi гуляюць, а то скачуць па маме з таткам, весела так! — засмяялася Iрэна. — I ў вёсцы жывуць таксама, дваюрадная сястра мая…

— Гэта ўжо блазнота, у нас усё строга! Нiякага балаўства, тым больш з дзецьмi, i блiзка няма такога, каб яны па бацьках скакалi ды з iмi ў хованкi гулялi! У нас больш маўчаць, мужыку з жонкаю няма чаго попусту языком малацiць!

— А сястра мая з мужам неяк аж да дзвюх гадзiн ночы размаўлялi, — не здавалася Iрэна. — I Новы год разам сустракалi, iм i кампанii не трэба…

— У нас такога няма! — махнуў рукою Сцяпан. — Гэта ўсё гарадская блазнота!

Мiкола зарагатаў i плюхнуўся на крэсла побач з Аленкаю.

— Табе, Сцяпаначка, трэба гарачая жанчына! — засмяяўся ён. — Тады i пабалуешся, i пагаворыш! Вось як мы з Аленкаю, таксама да дзвюх гадзiн ночы размаўляем, а то i да ранку!

Ён абняў дзяўчыну i пацалаваў. Антось незадаволена скрывiўся i сказаў:

— А я вось не маю звычкi на ўвесь голас крычаць, з кiм я да ранiцы размаўляю!

— Я i так ведаю, з кiм! — засмяяўся Мiкола. — З Богам, усё малiтвы шэпчаш…

— Нiчога смешнага няма! — умяшалася Iрэна. — Не разумею, чаму вы, усе вясковыя, такiя няверуючыя людзi? Мая сяброўка сказала ў вёсцы, што верыць у Бога, дык смяялiся, маўляў, што гэта за настаўнiца веруючая? Здаецца, вясковыя блiжэй да прыроды, павiнны любiць Бога, верыць у яго, а атрымлiваецца, што гарадскiя больш…

— Неадукаваны чалавек не зразумее Бога, не паверыць у яго, — цiха мовiў Антось. — Тупыя людзi гэта людзi, у якiх душа спiць. Яны ведаюць толькi гарэлку, секс i iншыя задавальненнi для свайго цела, а душа ў iх мёртвая. Вось i ў вёсцы думаюць толькi пра тое, каб працаваць, есцi…

— Ты мне вёску не ганьбi! — строга вымавiў Сцяпан. — Я хоць i ў горадзе вучыўся, хоць гэтыя вашыя культурныя звычкi набыў: "добры дзень", "калi ласка", — але калi прыеду дадому, стану такiм, як i быў! Усё гэта нiкчэмнасць — культура ваша! Што яна дае чалавеку? Я хачу быць самiм сабою!

— А я вось хачу паехаць у вёску, каб прывiць людзям культуру! — зазначыла Iрэна. — Без культуры нельга!

— Бяры з сабою Сцяпана! — засмяяўся Мiкола.

— Не, мы будзем з iм сварыцца, — адказала тая. — У нас розныя погляды на жыццё: я дбаю пра духоўнае, а ён пра матэрыяльнае.

Сцяпан засмяяўся, падышоў да Iрэны i пацалаваў яе ў шчаку.

— У вас жа цалавацца нельга! — усмiхнуўся Мiкола.

— Да вяселля можна! — выказаўся Сцяпан i пайшоў адчыняць дзверы. На парозе з'явiлася Галя: вясёлая, радасная, яна выгукнула са шчаслiвай усмешкай:

— Ура! Канец рабства! Я за Анатоля не iду замуж! Iду з вамi ў паход!

I вытрасла з сумкi цэлую кучу папер.

— Маршрутныя карты, меню на ўвесь паход! — выдыхнула, смеючыся. — А таксама — кнiжка-замалёўка для запiсаў прыгод у паходзе!

— Малайчына! — Антось падышоў да дзяўчыны i па-сяброўску абняў яе.

— Калi ласка, жанiх! — усмiхнулася Анатолю работнiца загса, — атрымайце квiтанцыю. Нявеста, запоўнiце, калi ласка, бланк. З правага боку — дадзеныя жанiха, з левага — нявесты!

Маруся ўспыхнула, зачырванелася.

Сеўшы за стол, Анатоль падсунуў пашпарты i бланк да Марусi.

Пакуль Маруся запiсвала дадзеныя Анатолевага пашпарта, той уважлiва разглядваў старонкi пашпарта дзяўчыны. Раптам падскочыў, бы яго пчала ўкусiла, нават войкнуў. Маруся перастала пiсаць. Запытальна паглядзела на яго.

— Э! Так справа не пойдзе! — матнуў Анатоль галавою. — Групы крывi ў нас розныя…

Памаўчаў. Потым узяў бланкi i паклаў сабе ў кiшэню.

— Пайшлi! — строга вымавiў Анатоль. — Дрэнь справа! Сястра мне гаварыла, калi розныя групы крывi — дзецi будуць дурныя. Трэба патэлефанаваць ёй, параiцца!

— Дзе твая сястра працуе? — з насмешкай спытала Маруся. — Дзе яна такiх глупстваў набралася?

— Ты мне Святлану не ганьбi! — раззлаваўся Анатоль. — Яна разумнейшая за любога доктара ў бальнiцы, хоць i санiтаркаю працуе!..

Вусны Марусi скрывiлiся ва ўсмешцы, вялiкiя чорныя вочы глядзелi на хлопца з такiм здзiўленнем, быццам бачылi яго ўпершыню…

Галя з асалодаю ўслухоўвалася ў словы вершаў, якiя чытаў Мiкола. Пяшчота i горыч напаўнялi iх, бясконцая туга па каханай, якая так далёка ад яго…

— Каму ён прысвяцiў гэтыя вершы? — заклапочана шапнула Галi на вуха Аленка.

— Нейкай Вользе, што ў Жыткавiчах жыве. Настаўнiцай працуе…

Тугi камяк падкацiў пад сэрца. Аленка адчула, што вось-вось расплачацца. Успомнiла пяшчотныя словы Мiколы, якiя ён гаварыў ёй уначы, але так нiколi i не сказаў ёй «кахаю»…

— Байкавыя касцюмы не браць — хутка намакаюць i доўга сохнуць! — раздаўся зычны голас Антося, абудзiў Аленку ад горкiх думак. — Калготкi таксама не браць, чуеце, дзяўчаты? — засмяяўся хлопец. — Штаны, шкарпэткi… Адносна заплечнiкаў — абалакаўскi альбо яраўскi. Тэхнiка бяспекi: iдзём праз лясныя завалы — не скачам, дрэвы за ствалы не чапаем — у падгнiлых дрэваў яны не крэпкiя, кара гнiлая… За заплечнiк нiчога не чапляем, з кiшэняў нiчога не тырчыць…

— У паход выступаем пасля выпускнога, у пачатку лiпеня, — прамовiў Мiкола, згортваючы карту. — Работу з вяроўкамi, вязанне вузлоў пройдзем у наступны раз. Цяпер — усiм зранку бегаць, хадзiць на трэнiроўкi, у басейн, каб потым на маршруце не памiраць! Паўторым арыентаванне на мясцовасцi…

— Я скажу! — усхапiлася Аленка. — Мох, лiшайнiкi заўсёды растуць з паўночнага боку, а смала выступае з паўднёвага, мурашнiкi — з паўднёвага боку дрэва. Алтар у праваслаўных цэрквах робiцца на ўсход.

— Добра! — усмiхнуўся Мiкола i павярнуўся да Iрэны. — А ты ведаеш, як вызначыць час без гадзiннiка?

— Вядома, — засмяялася тая. — Мне кожны дзень дарылi кветкi. Цюльпаны вечарам закрывалi пялёсткi. А ружы я сама клала спаць у ванную. Жоўтыя дзьмухаўцы пад маiм акном у шэсць ранiцы ўжо раскрытыя, а пасля пятнаццацi-шаснаццацi гадзiн засынаюць! Таксама i наготкi ў гэты час кладуцца спаць. Падбел прачынаецца ў дзесяць, а засынае ў васемнаццаць. Шыпшына хоць i рана прачынаецца, але кладзецца ажно ў дваццаць адну гадзiну. А начныя фiялкi ў гэты час толькi прачынаюцца! А салаўi пачынаюць спяваць звечара, гадзiн у адзiнаццаць…

— Усё гэта — дробязi! — пасмiхнуўся Сцяпан, прысёрбваючы з кубка гарбату. — Раю ўсiм лепш набыць гадзiннiкi!

— Вось калi ты вясковы хлопец, то й раскажы нам прыкметы добрага i дрэннага надвор'я! — засмяялася Iрэна.

— Калi ласка! Для цябе — што хочаш! — усмiхнуўся ёй Сцяпан. — Добрае надвор'е: месяц пры ўзыходзе захутаны ў бляклы круг, зоркi мiгаюць слабым зеленаватым святлом, камары таўкуць мак, божая кароўка хутка злятае з рукi, конiкi моцна стракочуць, салаўi спяваюць…

— Ой, Сцяпан! — усклiкнула Iрэна. — Так добра нагаварыў, што мне ў вёску захацелася!

— Кветкi моцна пахнуць! — дадала Аленка i падсела да Мiколы. — Можна, я пачытаю твой сшытак з вершамi? — запытала цiха.

Мiкола згадзiўся. Яна не стала чакаць, калi ўсе разыдуцца, развiталася i пайшла дадому, прыцiскаючы да грудзей Мiколаў сшытак з вершамi для Вольгi.

— Ты — Дарына? — князь узнiмаецца з месца.

— Не, не Дарына… — шэпча дзяўчына. — Не, не Дарына… Вазьмiце з сабою!

Доўга маўчыць князь, а потым гаворыць:

— Што ж, збiрайся. Толькi пешшу не пойдзеш. Княжною паедзеш. Убор прынясуць табе слугi.

Не ведала Дарына — сон гэта цi ява. Няўжо такi суровы князь дараваў ёй цi проста трымаў слова перад бацькам яе?

… Не давалi думкi спакою Дарыне i нават тады, калi стаяла яна ля магiлы бацькi i слёзы пакаяння цяклi па яе твары.

Засталася Дарына жыць у замку князя Вiтаўта, i назваў ён яе сястрою. Стала блiжэй ведаць князя Дарына i адкрыла ў iм цеплыню душы i сардэчнасць — як з сябрам i братам, часта размаўляла з iм. I стаў ёй князь блiзкiм i родным чалавекам. Пакахала яго Дарына, шчыра i моцна, але не магла адкрыцца яму ў гэтым.

Настаў час, калi да названай сястры князя пачалi сватацца, але ўсiм яна адмаўляла, у душы кахаючы Вiтаўта.