Князь не наведваў Галубiнку больш за паўгода. У прыгожым маёнтку з бела-блакiтнага каменю жыла Дарына. Час свой яна праводзiла ў малiтвах i чаканнi.
— Кажуць, з'явiўся ў нашых краях багаты купец з-за мора, — паведамiла Дарыне дзяўчына-пакаёўка, якая жыла з ёю. — Дачка ў яго вельмi прыгожая вачэй не адвесцi! У гасцях яна з бацькам у замку князя. I будзе там вечарына…
— Я даўно не атрымлiвала вестак ад князя, — самотна прашаптала Дарына. Пiсала да яго, але ганец заўсёды вяртаўся з адным адказам, маўляў, князь дзякуе за лiст. I болей нi слова!
… Недзе пад вечар у маёнтак прыскакаў вершнiк. Дарына выбегла яму насустрач. Узяла пакет, разгарнула яго i з трапяткiм сэрцам пачала чытаць. Князь запрашаў яе ў замак на вечарыну!
Яна прыцiснула лiст да вуснаў.
— Божа мой! — прашаптала Дарына. — Я ўбачу яго!..
V
Гнуткiя, тоненькiя, бы бярозкi, дзяўчаты высыпалi на сцэнiчную пляцоўку. Рознакаляровыя, вясёлыя — проста кветкi! Нiбыта чараўнiца, раскрыўшы свае далонi, стварыла iх, такiх прывабных, не падобных адна на адну. Яны растварылiся ў музыцы, калыхнулiся, быццам ад подыху ветру, i… паплылi над зямлёю…
— Iрэна, плечы раўней! — зычны голас Нiнэлi Мiхайлаўны раздаецца ў зале. Руку адводзiм… Так, так! А зараз — бегунок: i — раз-два-тры! Адажыо, дзяўчаткi!.. Малайцы!
Iрэна, танцуючы, уяўляла сябе прынцэсай. А чаму б i не? Яна самая шчаслiвая — выходзiць за Янку. Рэня ад зайздрасцi напляткарыла на Янку, а ён па-ранейшаму працуе ў аўтапарку, у iнтэрнаце сваiм жыве, як i жыў! Сусед яго па пакойчыку нахлусiў, бо таксама зайздросцiць iхняму каханню! Цяпер нiякiм плёткам пра Янку Iрэна не паверыць! Сёння Iрэна купiла сабе шлюбную сукенку. Аддала Янку дзiцячыя кансервы, дрожджы i падарункi для ягоных родзiчаў.
Усмешка не сыходзiла з Iрэнiнага твару, вочы ззялi, бы ранiшняе сонейка.
— Дзякую, дзяўчаткi! — зазвiнеў голас Нiнэлi Мiхайлаўны. — Заняткi скончаны, да сустрэчы! Iрэначка! — паклiкала цiха дзяўчыну i працягнула ёй кнiжачку. — Гэта табе! У гонар тваiх змовiн з Янкам!
Iрэна падзякавала, пацалавала Нiнэль Мiхайлаўну i падумала, што князёўна з вокладкi так падобна на яе самую, шчаслiвую Iрэначку-прыгажуню, якая хутка развiтаецца з дзявочым жыццём i прыме прозвiшча мужа — Бiневiч…
… Мацi сустрэла Iрэну як звычайна з заплаканым тварам i папярэдзiла, каб не займала тэлефон — а раптам бацька тэлефанаваць будзе! Дзяўчына скрывiлася i, перакусiўшы на хаду, пайшла да Соф'i.
— Ты Аленку маю не бачыла? — запытала жанчына з хваляваннем. — Казала, у Жыткавiчы паедзе да нейкай Вольгi. Пайшла да Мiколы, сёння ж яны ў тэатр збiралiся, а там музыка на ўвесь пакой, i нiхто не адчыняе. Прыбегла дадому, плача, кажа, у Жыткавiчы паеду, да Вольгi. А што гэта за Вольга? Можа, зноў нейкая цыганка? А цi ведаеш ты, Iрэначка, якое гора ў нас? — Соф'я паправiла халат, затулiла поўныя ногi. — Аленка ж мая цяжарная! Хацела яму сказаць, але саромеецца. Намякнула наконт дзiцяцi, дык ён i слухаць не хоча. Я ёй таблеткi дастала, але не дапамаглi, пойдзе на аборт… А што ж рабiць, Iрэначка? Не трэба мне, каб людзi смяялiся з яе!
— Адзiн тлум ад гэтага кахання, — уздыхнула Iрэна. — А можа, Аленцы пашанцуе яшчэ? Вось як у мяне з Янкам, быццам i пасварылiся, i разышлiся, а цяпер — вяселле!..
— Ах ты, дурнiца! — закiвала галавою Соф'я. — Мужык мой у гасцях быў у свайго калегi, дык бачыў там твайго Янку. Ужо два месяцы, як твой Янка жанаты! Бабу ўзяў з дзiцем. З таго часу, як яго з аўтапарка выгналi, усё на вакзале начаваў — у вёску вяртацца не хацеў. На танцах знайшоў нейкую дурнiцу дый ажанiўся! А дагэтуль нiдзе не працуе, то ўкрадзе што, то ў такой, як ты, нешта выдурыць! Галавы ў цябе няма — падарункаў яму накупляла, дрожджаў, дзiцячых кансерваў!
Соф'я закiвала галавою i пакруцiла пальцам ля скронi. Iрэна ўспыхнула i падалася прэч з кватэры. Але потым вярнулася i сказала Соф'i, каб дала адрас, дзе цяпер жыве Янка. Тая назвала.
Дзверы адчынiла жанчына гадоў за трыццаць.
— Вам каго? — строга папыталася яна.
— Можна Янку? — папрасiла Iрэна.
— Вы сёння ўжо пятая! — трасучыся, вымавiла жанчына i крыкнула ў глыб кватэры: — Янка! Iдзi разбiрайся! Хутка яны да цябе з мiлiцыяй з'явяцца!
— Прывiтанне! — выйшаў на пляцоўку Янка.
Хваравiты ад перапою твар, засмяглыя вусны, змяты спартовы касцюм. Ён зачынiў за сабою дзверы, i яны з Iрэнай засталiся адны.
— Ну, што ты хочаш?.. Падавай у мiлiцыю, — пазяхнуў ён.
Iрэна з размаху стукнула яго па твары.
— Без iстэрыкi, добра? — пацёр ён шчаку. — Я ўжо не працаваў, звольнiлi мяне, а ты ўсё патрабавала кветак… Мне не было дзе жыць, а ў Рэнi была хата. Я харчаваўся ў яе. А потым яна мяне выгнала, бо я пярсцёнак у яе ўкраў — на вяселле мне патрэбен быў пярсцёнак, жанiўся я з гэтай чувiхай, якая табе дзверы адчыняла… Яна багацейшая за Рэню i не такая капрызная, як ты. Яна за мяжу ездзiць, зразумела, у чым справа? Вось i ты сабе такога шукай хахаля, усякла?
— Вярнi мне тыя падарункi, што я купляла, быццам для тваiх родзiчаў! выкрыкнула Iрэна.
— Ай, цiшэй! — прамямлiў, пацiраючы за вухам, Янка. — Я i раней лiчыў, што ты крыху iстэрычная… Пардон, мадам! Падарункаў няма — падарыў жончынай мацi. А што мне рабiць было, калi не працую?
Iрэна залямантавала ад злосцi i крыўды, наляцела на Янку з кулакамi, пачала рваць ягоныя валасы, упiлася зубамi ў шчаку, з асалодай адчуваючы на сваiх вуснах ягоную кроў… Нiхто не мог спынiць яе — яна бiлася з iм не на жыццё — насмерць, ратуючы свой гонар, помсцячы за ўсё i за ўсiх. Павыскоквалi на пляцоўку суседзi. Нечакана прыехалi мiлiцыя i людзi ў белых халатах. Вырываючыся з нечых учэпiстых рук, Iрэна рагатала, гледзячы на акрываўленага Янку з пакусанай шчакою, разадраным пазногцямi тварам i апухлым вокам. Ён, згорбiўшыся, тулiўся ў кутку ля дзвярэй…
— Кладзiся спаць! — загадаў Антось i схаваў у тумбачку пустую бутэльку.
— Не! — хiстаючыся, плюхнуўся на стул Мiкола. — Я буду пiць, пакуль не звалюся!.. Схадзi яшчэ ў краму!
— Якая табе крама — апоўначы ўжо! — настойлiва ўкладваў сябра ў ложак Антось. — Спi лепш, набраўся як свiння гразi! Аленка прыходзiла, стукала ў дзверы, але я ёй не адчынiў… Вы ж у тэатр збiралiся!
— Якi тэатр? — узняўся з ложка Мiкола. — Яна мне надакучыла сваiмi прапановамi!
Ён павярнуўся тварам да сцяны, але раптам ускочыў.
— Антось! Прачытай мне лiст ад Таццянкi, — папрасiў сябра.
— "Дачушка такая моднiца, — пачаў Антось, — у садок збiраецца i кажа, каб сёння не апранала тую сукенку, у якой была ўчора… Нам ад цябе нiчога не трэба. Проста ведай, што калi ты адслужыў у войску i паехаў дадому…"
— Хопiць! — Мiкола злез з ложка i пачаў апранацца. — Гадаўка яна, Таццянка! Увесь настрой мне сапсавала, у душу залезла! Але ўсё роўна не паеду да яе!
Ён павярнуў ключ у замку, адчынiў дзверы.
— Ты куды? — занепакоiўся Антось.
— Да трамвайшчыцы! Яна налье…
— Дык я не зразумела, да каго вы? — смяялася маладая вахцёрка.
— Я ж кажу: Наташа, трамвайшчыца… — паўтарыў Мiкола.
— У нас усе трамвайшчыцы! — зайшлася зычным смехам жанчына. — А прозвiшча як тваёй Наташы?
— Ай, бялявая такая! Баявая дужа… I смачна гатуе!
— Мiхалёва, можа? Ну прайдзi ў дзвесце другi пакой, — буркнула вахцёрка.
Ён падняўся на другi паверх, пастукаў у дзверы.
— Ах ты, мой сiнявокi донжуан! — абняла яго Наташа ў празрыстым блакiтным пеньюары. — Я ведала, што ты прыйдзеш… Ой, дарагi, ды ты ж ледзь на нагах трымаешся! Хуценька ў ложак, хуценька… Вось… Зараз я цябе разую, дам сто грамаў i сама прылягу побач…
Аленка выйшла на невялiчкай станцыi «Жыткавiчы». Гаманлiвая жанчына, што гандлявала пончыкамi з павiдлам, растлумачыла ёй, як прайсцi на вулiцу Вясновую. Яна пакрочыла, асцярожна трымаючы ў руках вялiкiя гладыёлусы, якiя везла Вользе з самага Менска. Патрэбны дом знайшла хутка. Гэта была невялiчкая хатка на вулiцы ў прыватным сектары. Аленка зайшла ў двор i пастукала ў дзверы. Ёй адчынiла дзяўчына гадоў дваццацi пяцi, сур'ёзная, строгая, у льняной сукенцы з вышытымi ля каўнерыка кветкамi.