— Лепш слухай пошчак конiкаў у траве! — агрызнуўся Мiкола, папраўляючы заплечнiк. — Ганяеш, як на разрад! Я ў майстры спорту па турызме не хачу! Папярэджваў жа ўсiх, што лепш на гэтыя хутары не сунуцца, вось да чаго твая ўпартасць, Анатоль, даводзiць! На пусты жывот да Менска пiлiць трэба!
— Ну, не сярдуй, — прымiрэнча адказаў Анатоль, — мы ж крыху аўтастопам праехалi, ужо да Менскай вобласцi рукою падаць. Ля Плешчанiц на начлег запынiмся. Будзем там у тры гадзiны ночы.
Антось падышоў да Галi i нешта шапнуў на вуха. Тая голасна сказала:
— Сябры, паслухайце паданне!
Анатоль азiрнуўся, запынiўся, быццам чакаў ад яе нейкага падвоху. Але дзяўчына, усмiхнуўшыся, павольна пачала аповяд:
— Гэта здарылася ў той час, калi людзi ваявалi з лукамi i стрэламi. На вайне ў аднаго хлапчука загiнуў бацька. Старэйшы брат яго сказаў: "Вось вырасту i адпомшчу за татку!" А хлапчук i кажа: "А я памiру ўсiх заўтра ранiцою!" Пасмяялiся з хлопчыка ўсе i леглi спаць. А той пабег да сваiх воiнаў i паздымаў з лукаў цяцiвы. Пабег да ворагаў i зрабiў тое ж. Нацягнуў гэтыя цяцiвы на драўляную дошку з дзiркай, атрымалiся струны. Крануў iх рукою — i палiлася журботная мелодыя. Прачнулiся воiны абодвух бакоў i пайшлi глядзець, што дзе здарылася. Бачаць, на тым полi, дзе яны бiлiся, сядзiць маленькi хлапчук i iграе на незвычайным iнструменце. Пачалi яны пытацца ў яго, што ён тут робiць. "Са зброi вашай гуслi зрабiў я, — адказаў той, — вось i распавядаюць яны, колькi гора i слёз прынеслi войны людзям. Гуслi могуць весялей зайграць, але толькi тады, калi вы братамi станеце". Маўчаць воiны, не ведаюць, што i адказаць. "Хворыя вашы душы, — мовiў хлопчык, — буду вам лекарам!" I дзiўная музыка палiлася з-пад ягоных пальчыкаў, абудзiла наваколле. Заслухалiся воiны. А калi сонейка паказалася з-за лесу, пачалi воiны абдымацца i плакаць, называць адзiн аднаго братамi. Вось так музыка зрабiла цуд, — закончыла Галя, — вось так, кажуць старыя, з'явiлiся першыя гуслi.
Антось па-сяброўску сцiснуў Галiну руку i шапнуў: "Я ж казаў — ты мiлая. Усё ў цябе атрымалася…"
— Малайчына! — жвава вымавiў Мiкола i паляпаў Галю па плячы.
Дзяўчаты засмяялiся. Iрэна глянула на Сцяпана: а што скажа ён? Той моўчкi крочыў, гледзячы пад ногi.
— Прывал! — злiтаваўся Анатоль i кiнуў на траву свой заплечнiк. Паўгадзiны!
Мiкола расчаравана ўздыхнуў.
— Пайшлi паходзiм па начным лесе! — прапанавала Сцяпану Iрэна. Той згадзiўся. Нейкi момант iщлi ўбок ад прывалу моўчкi.
— Скажы што-небудзь! — засмяялася Iрэна.
Сцяпан згроб яе ў абдымкi i пачаў палка цалаваць. Iрэна смяялася, адбiвалася ад яго.
— "Зоркi, умытыя вячэрнiм дажджом…" Паэтычна, праўда? — прашаптала Iрэна. — Гэта Мiкола напiсаў такi верш. А яшчэ: "Мы з табою сустрэнемся, веру я… Я цябе адшукаю мiж зорак. Для цябе расчыню я дзверы, я стаў iншым, не той, што ўчора…" Прыгожа? А ты любiш вершы?
— Не, — адказаў Сцяпан, выпускаючы яе з абдымкаў. — Той, хто складае вершы, крыху шызануты, "не от мира сего".
— Ну, што ты галiмацью нясеш? — пакрыўдзiлася Iрэна. — Дзе ты такое вычытаў?
— Што такое "галiмацья"? — не зразумеў хлопец.
— Ты што, не ведаеш? — засмяялася Iрэна. — Гэта калi чалавек гаворыць розныя глупствы. А ведаеш, адкуль пайшло гэтае слова? Адзiн доктар, Галь Мацье, француз, выпiсваў хворым лекi, а на рэцэптах пiсаў розныя анекдоты, для падтрымання духу. Ён быў выдатны псiхолаг, калi так рабiў…
— Я не чытаю кнiжак, — вяла вымавiў Сцяпан, — толькi дэтэктывы або пра агароднiя культуры, пра жывёлу хатнюю. Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?
Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.
— А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? — пацiкавiлася яна.
— А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч…
— I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?
— Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся…
Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.
— Давай лепш цалавацца! — абняў яе Сцяпан.
— А ў цябе дзяўчына ёсць? — вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.
— Вось ты i будзеш дзяўчынаю, — прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. — Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?
Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала:
— Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!
Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.
Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы — увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.
— Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, — прамовiў Антось. — Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя…
Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях — сiвiзна.
— Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! — узрадавалася Галя. — Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.
Анатоль строга цыкнуў на яе.
— Гэта з нашай вёскi чалавек, — сказаў Мiкола, — пайду павiтаюся.
I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.
— Ну што, разам паснедаем? — усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. — Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi — Лоша i Уса, — зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, «нема» iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне — злiццё дзвюх душ у адну?
— Ага! — заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. — А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?
— Памятаю, — засмяяўся Дуброўскi, — i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!
— Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!
Анатоль тузануў Галю за штармоўку: "Такiя размовы вядуцца сам-насам!" Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:
— А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал — пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!
Дуброўскi закiваў галавою.
— Гэта было 25 лiпеня 1982 года, — павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.
— Як вы гэта запомнiлi? — радасна здзiвiлася тая.
— Потым скажу, — засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.
Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу. Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.
— Пойдзем разам да рэчкi, — прапанавала яму Галя, — рукi памыем.
— Пайшлi, — згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.
Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта "накрываў на стол", раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным позiркам глядзела ўслед Дуброўскаму — для яе ён быў прынцам з казкi, чароўным i недасягальным. Яна не разумела, як гэта можна вось так, проста, па-свойску, размаўляць з iм. Калi яна ўпершыню ўбачыла яго ў бары Дома фота, ён часта снiўся ёй. Яна ўяўляла яго з сабою ў тэатры, у фiлармонii. А тут вось гэтая недарэка Галя, "будучая жонка" Анатоля прыцягнула ўвагу яе прынца, яе мару. Аказваецца, яны з Галяй з адной вёскi. Не, ён не вясковы! Ён гарадскi, ён — толькi для яе! I яна зробiць усё, каб застацца з iм назаўсёды!..