Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.
— Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? — прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер…
— Што цяпер? — пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.
— Я кахаю цябе! — заглянула яна яму ў твар. — Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму…
— I за iншага выходзiш замуж.
— А хiба ты прапаноўваў мне? — здзiвiлася тая. — Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? — трымала яго за руку Галя.
Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:
— Пакуль не…
— Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! — з запалам папрасiла дзяўчына.
— Я наогул нiкога не кахаю…
— I мяне? — наiўна папыталася Галя.
— I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта…
Ён павярнуўся, каб пайсцi.
— Пачакай! — у вачах у Галi застылi слёзы. — Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру… А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?
Дуброўскi маўчаў.
— На што мне тады спадзявацца? — упарта дапытвалася Галя. — Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: "Не!"
— Галя, — разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, — трыццаць — гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi…
— Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа «не», ён скажа "можа быць"!
I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.
— На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, — гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей — машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.
— Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю…
Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам. Усе павярнулiся туды.
— Так, гэта Якубава вежа! — пацвердзiў Дуброўскi. — Дваццаць сем метраў вышыня, Эолова арфа наверсе была. Ён вывучаў уплыў электрычнасцi на раслiны. Ставiў доследы па прыёме i перадачы электрасiгналаў без правадоў…
— Як цiкава! — падсела да Дуброўскага Iрэна. — Давайце сходзiм туды з вамi, хутка поўнач, можа, убачым духi памерлых… Мне з вамi нiчога не страшна!
Дуброўскi засмяяўся i сустрэўся позiркам з Аленкаю. Тая хуценька адвяла погляд, бо сядзела ў абдымках Мiколы.
— Можа, даслухаем аповяд? — звярнуўся да Iрэны Дуброўскi. — Ведаеце, Якуб Наркевiч-Ёдка распрацаваў метад тэрапii, электратэрапii паралiзаваных i хворых на нервы. Сканструяваў громаадвод. Яго iдэю бяздротавага тэлеграфа падхапiлi iншыя вучоныя…
Дуброўскi змоўк. Мiкола нешта шапнуў Аленцы, i яны цiхенька некуды ўцяклi.
— Якуб адкрыў санаторый у мястэчку Пясочным, а ў Слуцку былi ягоныя аптэкi, — прадоўжыў Антось. — Але, як кажуць, няма прарока ў сваёй айчыне. Многiя памешчыкi i мяшчане лiчылi яго дзiваком…
— Бывала, i кпiлi, — уздыхнуў, быццам аб нечым сваiм, Дуброўскi. — Такiя адносiны i мне давядзецца адчуць, — дадаў цiшэй, — дабра людзi не разумеюць… Якуб быў членам эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, яго ведаў увесь свет…
Нарэшце Галя адсунулася ад Анатоля i падала голас:
— У Францыi, у 1900 годзе, Якуб атрымаў званне прафесара электраграфii i магнетызму!
— Сядзi! — незадаволена буркнуў Анатоль.
— Ды ну цябе! — агрызнулася Галя. — I загаварыць нельга!
— Калi мужыкi гавораць, бабе маўчаць трэба! — адрэзаў Анатоль.
Галя ўзбуджана i нервова кiнула Iрэне:
— Пайшлi спаць!
— Канешне, — усмiхнулася Iрэна, абняла Галю i кiнула развiтальны позiрк на Дуброўскага.
Той усмiхнуўся ў адказ.
— Сходзiм заўтра пашукаем магiлы, можа, знойдуцца, — заклапочана прамовiў Антось, гледзячы на Анатоля.
— Абавязкова, — згадзiўся той. — Ну што, будзем тушыць вогнiшча? Я думаю, Аленка з Мiколам не заблудзяцца…
Яны патушылi вогнiшча i скiравалi да палаткi. Дуброўскi не пайшоў адразу спаць. Пастаяў ля машыны, разлажыў сядзенне, а потым пакрочыў у бок руiн.
Пералiвiста спявалi салаўi. Недзе ў кустах чароту кракнула дзiкая качка. Нехта iшоў ад берага насустрач Дуброўскаму. Калi параўняўся з iм, Дуброўскi пазнаў Мiколу.
— Не спiцца? — спытаў той.
— Так, — абазваўся Дуброўскi i пакрочыў далей.
Неўзабаве на самым краi берага заўважыў Аленку. Яна сядзела, абхапiўшы рукамi каленi. Пачула крокi, але не азiрнулася. Дуброўскi спынiўся ў яе за спiною. У твар дыхала холадам ад рэчкi, цiха шапацеў чарот.
— Вярнуўся? — папыталася Аленка. — Навошта? Больш я не скажу табе, што кахаю. Колькi разоў гаварыла пра гэта табе, а ты маўчыш… Ведаю, не кахаеш. I, напэўна, нiколi не пакахаеш. А душа мая згарыць, як гэтая зорачка, што падае ўнiз…
Дуброўскi цiха адышоў ад яе. Пакрочыў да машыны. Залез пад коўдру i заснуў…
Iрэна доўга варочалася, разбудзiла Галю i палка прашаптала:
— Хочаш, вершы пачытаю, вядзьмарскiя?
— Ты што, з глузду з'ехала? — сонна прамармытала тая. — А дзе Аленка?
— Не ведаю. Слухай! — Яна вылезла са спальнiка, адкашлялася i зацягнула:
Iрэна заплакала наўзрыд… Галя абняла яе i прашаптала:
— Я ведаю, пра каго ты, не хвалюйся, ты таксама яму спадабалася…
— Праўда? — расшырыла зрэнкi Iрэна, схапiла Галю за плечы. — Ён табе сказаў пра гэта? А я думала, што ў цябе з iм…
— Не, не, — запэўнiла яе Галя. — Схадзi да яго цяпер, паклiч, i ён выйдзе да цябе, толькi каб хлопцы не прачнулiся…
Iрэна радасная выскачыла з палаткi.
— Шчаслiвы Сцяпан! — усмiхнулася сама сабе Галя. — Такая прыгожая дзяўчына! Вось каб мне быць такою, можа б, Вайдаш…
— Вайдаш, Вайдаш! — нехта пастукаў у шкло машыны. Дуброўскi ўсхапiўся i ўбачыў жанчыну ў доўгай белай сукнi. Засяроджана паглядаў на яе, не рашаўся адчынiць дзверцы.