Выбрать главу

— Гэта я, — вымавiла жанчына, — Iрэна…

— Хм! — здзiвiўся Дуброўскi. — Залазь сюды! Што-небудзь здарылася?

Не паспеў ён дагаварыць, як дзяўчына сваiмi вуснамi абхапiла ягоны рот i настойлiва пачала цалаваць, прыгаворваючы:

— Ты мой, толькi той! Нiкому цябе не аддам! Я так доўга чакала цябе, Вайдаш, мой князь, мая мара! Нi адна жанчына на зямлi не вартая цябе, толькi я… Цеплыня майго цела толькi для цябе, не растрачаная, зберагала толькi для цябе, Вайдаш! Дакранiся да мяне, прашу цябе, я — як мёд, заўсёды буду табе салодкай, раз паспытаўшы — болей не адцягнеш… Я берагла сваё цела, клапацiлася пра яго, каб ты мог валодаць iм… Я ўся твая, да кожнай частачкi, да крывiначкi, твая, Вайдаш…

— Канешне, канешне, Iрэна, — адказаў ён, неяк выбавiўшыся з яе абдымкаў. Давай вып'ем «Кока-колы», пагаворым спачатку, добра?

Яна згадзiлася, ласкава прыхiнуўшыся да ягонага пляча.

— У цябе прыгожае цела, Iрэна, — сказаў Дуброўскi, падаючы ёй стакан з напiткам, — але захапленне iм можа доўжыцца паўгода, год… потым настане пустата, бо нiчога агульнага, духоўнага, у нас няма… Табе цяпер патрэбны сябар, проста сябар, якi б зразумеў цябе. Я бачу, што з табою нешта здарылася, што, Iрэна?..

Як быццам ачомаўшыся ад сну, Iрэна засаромелася, нешта прамармытала, а потым заплакала.

— Ты не сустрэла сапраўднага кахання, — пагладзiў Дуброўскi яе па валасах. — А тое, што было з табою, напэўна, здрада, гэта таму, што ты спакусiлася на не сваё… Тваё табе яшчэ будзе…

— Вайдаш! Я марыла пра такога хлопца, як ты!.. Пра такога мужчыну!..

— Ты ж не ведаеш, якi я, — самотна адказаў той. — Гэта толькi знешнасць…

— Я адчуваю сэрцам… Я ўбачыла цябе ў бары некалькi месяцаў назад i закахалася. А гэтая сустрэча — выпадковая, тут, у Нiзку. Значыць — ты мой лёс!

— Якая ты iмпульсiўная… I верыш у тое, што твая прыгажосць вырашыць усё…

— Так, я вар'ятка, — уздыхнула Iрэна. — Ля вогнiшча ты не звяртаў на мяне нiякай увагi…

— Там ёсць хлопчык адзiн, здаецца, вельмi закаханы ў цябе… Сцяпан!

— Яму трэба толькi маё цела! — ускiпела Iрэна. — Усiм вам патрэбна толькi маё цела! I табе, i Янку! А душа? Вам усiм напляваць на яе!..

— Дзе душа твая, дзе, Iрэна? Я бачу толькi вось гэтае цела пад празрыстаю сарочкаю. Чаго ты хацела ад мяне — маланкавага кахання? Ты думала, што я нiколi не бачыў голых жанчын?

Iрэна з размаху ўрэзала яму аплявуху i выскачыла з машыны…

— Ну, дзе Сцяпан? — высунула з палаткi галаву Галя. — Ты хадзiла да яго? Аленка ўжо спiць… Дзе ты была?

— Сцяпан? Дык ты гаварыла пра Сцяпана? — раззлавалася Iрэна. — Калгаснiца няшчасная! Чым ты толькi хлопцаў бярэш? Вайдаш з табою да ракi ходзiць, у вёсцы ты яго братам завеш, а са мною ён i пагаварыць не захацеў! За Анатоля замуж iдзеш, а мяне, прыгажуню, таленавiтую, разумную, нiхто не бярэ!

На крык вылезла з палаткi Аленка.

— Вось ты — веруючая! — кiнула ёй Iрэна. — А чаму ж твой Бог не роўна дзелiць, га?

— Мы на зямлi пакутуем за грахi нашы, — адказала тая.

— А калi ж я паспела награшыць, што мне з маленства на хлопцаў не шанцуе? Якая-небудзь кракадзiлiха, глядзiш, па горадзе iдзе з прыгажуном, а тут!..

— За грахi нашы з мiнулага жыцця, — паправiла Аленка. — Вiдаць, ты ў ранейшым жыццi была злая, нiкога не любiла, вось i вярнулася на зямлю, каб выправiцца. Не спяшайся, пачакай, i сустрэнеш свайго хлопца, з якiм будзеце роднасныя душы…

— Ну, нi фiга! Каб мяне ўсялякiя калгаснiцы абскоквалi! Я ўпярод за цябе i за Галю выйду, абяцаю! Пасля паходу!

I яна скiравала да палаткi хлопцаў. Паклiкала Сцяпана. Той нехаця вылез, пацiраючы сонныя вочы.

— Чаго ў такую рань? — працягнуў, пазяхаючы.

— Мяне адзiн сноб пакрыўдзiў, будзеш абараняць! Пайшлi, пагуляем яму на зайздрасць, няхай ведае, якi ў мяне абаронца ёсць!

— Ой! — крэкнуў, пацягнуўся i нехаця прысеў Сцяпан, пачаў нацягваць красоўкi. — А што такое «сноб», га?

— Снобамi называлi ў Францыi дзяцей дробных чыноўнiкаў цi сялян, якiя паступалi вучыцца ў вышэйшыя ўстановы i ва ўсiм старалiся вонкава быць падобнымi на свецкiх сеньёраў, не клапоцячыся пра духоўны стан, iнтэлект, ветлiвасць, манеры, паводзiны. Вельмi моднiчалi… Гэткi сноб намалёваны ў кнiжцы: стаiць ля бочкi, сам у кiрзачах, штаны вiсяць складкамi… Кiдае ўбок белыя пальчаткi, а яны ў бочку — плясь!

— А-а! — абняў Iрэну Сцяпан. — Iнтэлект, iнтэлiгент… А чым адрознiваюцца гэтыя словы?

— Дык ты ж iнстытут у гэтым годзе скончыў, на эканамiста вучыўся i не ведаеш такiх слоў? — абурылася Iрэна. — Кожны iнтэлiгент павiнен быць iнтэлектуальным…

— Ай, масла масленае! — махнуў рукою Сцяпан. — Давай лепш цалавацца!

За сядзiбай, у лясным гушчары, так разраслiся кусты дзiкай шыпшыны, што нельга было прайсцi — драпалi твар, рукi, чаплялiся за вопратку. Нечакана трапiлася пад ногi нязвыклая для лесу раслiна — барвiнак.

— Глядзiце, глядзiце! — усклiкнула Галя i прысела ля раслiны.

— Ды што ты крычыш як апантаная, — пацягнуў яе за рукаў Анатоль. — Не ўмееш паводзiць сябе на людзях. Ну, барвiнак, ну i што? Нiколi не бачыла?

— Як яна хоча, так няхай i выказвае свае пачуццi! — заступiўся Антось. Што ты ўвесь час з яе дурнiцу робiш? Дуброўскi не па табе, а паважае яе, нават сябраваў з ёю. Яму падабаецца яе непасрэднасць. Не ўсiм жа людзям быць аднолькавымi…

— Так! — насупiўся Анатоль. — Трэба разборку рабiць! Дзякуй богу, Дуброўскi паехаў ранкам…

— Ён паехаў на сустрэчу са сваiмi сябрамi спелеолагамi! — зазначыла Галя. — Ведаеце, хто такiя спелеолагi? Альпiнiсты ў горы падымаюцца, а спелеолагi спускаюцца пад зямлю…

Анатоль незадаволена паморшчыўся i загадаў усiм сесцi на пагорку.

— У паходзе сапсавалася дысцыплiна! — заявiў Анатоль, сурова аглядваючы падарожнiкаў. — Сорам! Дзяўчаты з глузду з'ехалi, як убачылi гэтага франта Дуброўскага на iншамарцы!

Ён кiнуў калючы позiрк на Сцяпана i Iрэну i сказаў:

— А вам, закаханыя, няма чаго бадзяцца ўначы па лесе! Турыст павiнен спаць i рыхтавацца да заўтрашняга кiламетражу! Секс i спартовы паход несумяшчальныя! Калi яшчэ раз паўторыцца такое — здымаю з маршруту! Можаце адпраўляцца хоць цяпер! Аўтастопам — i на твой хутар, Сцяпан!

Iрэна незадаволена ўскочыла, глянула на Сцяпана — той моўчкi грыз сцяблiнку.

— Сядзь! — тузанула яе за калашыну Аленка. — Шалянiца! I Галю пакрыўдзiла нi за што…

Анатоль затрымаў позiрк на Аленцы.

— А ты дзе была? Мiкола хроп без заднiх ног, а ты дзе валачылася? У якой вы ўсе форме зараз? Паглядзiце на сябе! Кругi пад вачыма, сонныя, як мухi! Каханне замучыла? Перад паходам усе свае «охi», "ахi" пакiдайце дома!

— Бярыце прыклад з Галi i Анатоля! — засмяяўся Мiкола. — Яны вось жэняцца пасля паходу, а трымаюцца як чужыя! Сапраўдныя турысты!

— Галя таксама "добрая"! — не зразумеўшы Мiколкавых кпiнаў, буркнуў Анатоль. — Мяне беспадстаўна раўнуе, а сама на шыю Дуброўскаму вешалася!

— Добра, хлопцы! — падняўся Антось. — Ён жа ўжо паехаў! Iнцыдэнт вычэрпваецца. Даруем нашым дзяўчатам гэткi запал. I болей уначы нiхто не блындаецца, нават закаханыя!..

Ён глянуў сабе пад ногi, схiлiўся над барвiнкам i ўсмiхнуўся:

— А Галя праўду казала: барвiнак! Значыць, тут могiлкi…

Усе ўсхапiлiся, пачалi разглядацца.

— Уяўляеце, ён расце тут аж з васемнаццатага стагоддзя! — раскрыла задуменныя вочы Аленка. — Уяўляеце? Сам размнажаецца, расце, а тых, хто пасадзiў яго, ужо няма… Барвiнак, пасланец з мiнулага!..

Прайшоўшы крыху ўперад, Мiкола натрапiў на яму. Над ёй навiсала куча плiт-камянёў. Ён апусцiўся на каленi ля адной з плiт i прачытаў услых:

— Анэля Ёдка. 1850–1873. Мацi Якуба…

— Фамiльны склеп разбураны ўшчэнт, — прашаптала Аленка.

— Золата шукалi… — пахмурна сказаў Антось. — А вось адзiн добры чалавек недзе тут захоўвае плiту з магiлы Якуба, каб марадзёры не забралi…

Ён сарваў сiнюю кветачку барвiнку i паклаў на Анэлiн камень.

— Калi разбураюць магiлы, надыходзiць крах цывiлiзацыi, — сумна заключыў Анатоль. — А каму тут займацца помнiкамi даўнiны? Вясковыя людзi былi цёмныя ў васемнаццатым стагоддзi, такiя i цяпер. На ахову сродкаў няма, дык хоць бы не абыходзiлiся так па-варварску з помнiкамi архiтэктуры!