Iрэна адцягнула Аленку ўбок i прашаптала:
— Мы са Сцяпанам лiняем адсюль!
— Гэта куды? — здзiвiлася сяброўка.
— На хутар да яго едзем. Прывiтанне ўсiм! Пакуль!
— Ды што ж гэта вы! — паспрабавала затрымаць яе Аленка. — Хутка да Вiшанькi дойдзем, а там — маёнтак, падзямелле, Блакiтны пакойчык… А да Сцяпанавага хутара гэта ж так далёка!
— Нiчога, аўтастопам заедзем — Нёман ад Заходняй Дзвiны недалёка. Затое рамантычна! I пажэнiмся там адразу! Абрыдла мне ўсё: горад мой, каханне, мой бацька, якi кiдаецца памiж жонкай i маладухай. Менчанкай я болей не хачу быць, бо менчанак ловяць, каб ажанiцца па разлiку! Памятаеш, як мы на танцы хадзiлi? Першае, пра што хлопец пытаецца, калi запросiць: "Вы менчанка?" Казлы iнтэрнатаўскiя на кручок нас ловяць! А на iнтэлiгентнага, на гарадскога мне не шанцуе! Яны ганяюцца за такiмi, як Галя!
— Ты занадта ўтрыруеш, Iрэна! Апамятайся! — роспачна пачала Аленка. — Са Сцяпанам у вас няма духоўнай еднасцi, iнтарэсаў. Ведаеш, як ён казаў пра сваю будучую жонку? Маўляў, такую сабе хачу, каб грады выпалала хутчэй за ўсiх баб i каб нi травiнкi! Каб сем кароў выдаiла хутчэй, чым бабы трох падояць! Ён не ведае, як гаварыць камплiменты, як трымацца за сталом. Як ты пражывеш там без культуры?
— Затое ён мне здраджваць не будзе!
— Ты ж яго не кахаеш…
— А што мне дало тое каханне? Дрыжала пры кожным званку тэлефона, бегла на кожны званок у дзверы… Хадзiла як апантаная за iм следам… А цяпер Дуброўскi! Ён нават не захацеў майго цела!.. Я нiкому не патрэбна, нiкому…
— Чым табе спадабаўся Дуброўскi? — здзiвiлася Аленка.
— А хiба ты сляпая? — усклiкнула Iрэна. — Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi — мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?
— Лепшага за Мiколу нiкога няма, — адказала Аленка. — Ён прыгожы, рослы, вясёлы… А як iграе на гiтары, складае вершы!..
— Не для цябе ён, Аленка! Ён — пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi — агонь!..
— Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае — пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца… Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..
Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.
IV
Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз. Яна нават у сне ўспомнiла, што бачыла ўжо гэтага хлапчука — ён бег да яе, i ў яго былi такiя прыгожыя блакiтныя вочы. Ён называў яе мамай…
Зазванiў будзiльнiк, i Маруся прачнулася, доўга ляжала пад коўдрай, не хацела праганяць тую асалоду, якую адчувала ў сне, калi ўзяла малога на рукi. Але час быў iсцi на працу. Работа мазаiчнiцай ёй падабалася. Маруся ўстала з ложка, хуценька апранулася. Баба Саша, Сашуля, як ласкава называлi яе суседкi, хударлявая, сярэдняга росту, з круглым акуратным ротам, вакол якога сабiралiся маршчынкi, i маленькiмi спагадлiвымi вачыма, паставiла на стол яечню i падала аладкi. На сцяне цiкаў маятнiкам гадзiннiк, на цыферблаце была выява медзведзянятак, якiя гулялi ў лесе ля паваленага дрэва. Заўважыўшы Марусiн позiрк, бабулька вымавiла:
— Усе нашы продкi, Анiскаўцы, былi бортнiкамi i пчалярамi. Бацька мой, Мiхей, любiў па лесе хадзiць, рой шукаць. Была ў яго свая любiмая палянка, Медунiцаю назваў яе. Да яго выпаўзаў там вожык, нюхаў руку i частаваўся са сподачка. Аднойчы бацька падгледзеў, як мядзведзiца малых у рэчцы купала схопiць зубамi за грыўку, акуне — i на бераг. А яны пiшчаць, балуюцца, бы дзецi! Дык бацька на памяць пра тую сустрэчу вось гэтыя ходзiкi i купiў ды мне падарыў, як замуж iшла…
Бабулька паглядзела на гадзiннiк, выцерла далонню вочы. Маруся села за стол, побач, на шырокую канапу прымасцiлася i баба Саша. Пачалi снедаць. Гледзячы ў акно, старая ўскрыкнула:
— Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў…
Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:
— Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы… Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай…
— Можа, й так, — пагадзiлася бабка, — у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi…
— Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак, кажуць, там, дзе расце дзiкая мальва, у лесе. У падзямеллi маёнтка Дарыны знаходзiцца Блакiтны пакойчык. У iм — кубак князя Вiтаўта. Хто адкрые кубак — знiшчыць Чорную здань…
— Ды казкi ўсё гэта, — адмахнулася бабка, — нiчога ў тым кубку нямашака.
Маруся пачала апранацца на працу.
— Дык свята ж сёння — нядзеля, — заўважыла старая. — Выхадны ж у вас!
— Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць! — адказала Маруся i заспяшалася з хаты.
Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора — сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.
— Гэта вы? — усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.
— Вось i сустрэлiся, — засмяяўся Дуброўскi. — Добрай ранiцы вам!
— I вам таксама, — Маруся зняла касынку.
— А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, — зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады. — Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў…
Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.
Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:
— Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?
— Былi ў маёнтку Якуба? — пацiкавiлася Маруся. — А я так нi разу там i не пабыла, а марыла…
— Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi…
— Дзякую, — узрадавалася дзяўчына. — А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?
— Усё пакуль у планах, — уздыхнуў Дуброўскi.
Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.
Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.
— Сама, — адказала Маруся. — Люблю творчую працу.
— Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле? — пацiкавiўся ён.
— Вядома, — з сумам адказала Маруся. — Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам — усё, скарацiлi…
— Так, — задумлiва прамовiў Дуброўскi, — калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.
— Вельмi цiкава! — адказала Маруся. — Пра кар'еру — мару.
— Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.
Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!
Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, — падумала яна, — i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм — пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася… да яго ў хату!