Гайва прасунула ў шчылiну галаву i сапраўды ўбачыла ў цьмяным святле лiхтарыка каменную падлогу…
— Можа, там якi пакойчык? — шапнула яна. — Але мы, сябра, не туды прыйшлi! Трэба вярнуцца назад, да галоўнага калiдора, прайсцi далей, там будзе паварот налева, я пераблытала — Блакiтны пакойчык знаходзiцца далей. Трэба доўга iсцi, а потым налева звярнуць, там, дзе чырвоным адзначана — крыжык спелеолагi паставiлi…
— Усё роўна ж кубка там не знайшлi, — адмахнуўся Мiкола. — Стой тут, а я скокну — гляну, што там!
I знiк у прагалiне.
…Мiкола стаяў у пакойчыку сярод халодных сцен, выкладзеных камянямi, палова з якiх вывалiлася са сцяны i ляжала пад нагамi. Хлопец асвятлiў пакойчык лiхтарыкам, крыкнуў нешта ўгару Гайве i накiраваўся ў адтулiну, што была раней дзвярыма. Прайшоў яе i апынуўся ў шырокiм калiдоры. Доўга iшоў па iм, калi раптам з-за вугла паказалася нейкая постаць. Мiкола асвятлiў яе. Жанчына ў ружовым халаце, з сабранымi ў пук валасамi нават не адрэагавала на святло. Яна цiха наблiжалася да яго. Калi параўнялася, запынiлася i глянула на яго. "Цётка Соф'я? — здзiвiўся Мiкола. — Аленчына мацi! Як яна сюды трапiла?"
Жанчына пайшла далей i знiкла за паваротам. Мiкола пайшоў у той бок, з якога iшла яна, але хутка натыкнуўся на сцяну. Нейкi страх пракраўся ў душу. Мiкола подбежкам вярнуўся ў пакойчык, пасвяцiў угару i ўбачыў вясёлы тварык Гайвы.
— Ну што, знайшоў кубак? — засмяялася яна.
— Пашукай дзе вяроўку, — папрасiў ён. — Я хачу выбрацца адсюль!
Гайва пабегла, а Мiкола прысеў на выступ у сцяне, адштурхнуў нагою невялiчкi камень. Той адкацiўся, але, як здалося Мiколу, з металiчным грукатам. Хлопец пасвяцiў уперад i ўбачыў на падлозе… кубак! Схапiў яго i пачаў разглядваць. Зялёны ад сырасцi i цвiлi жалезны кубак сапраўды быў з вечкам. Мiкола адкрыў яго, заглянуў усярэдзiну. Ён быў пусты…
— Там нiчога няма! — закрычаў ён Гайве, якая ўжо спускала яму вяровачную лесвiцу.
— I мары твае, i словы, i каханне — усё гэта дутае, вось такое, як кубак гэты прыгожы! — засмяялася Гайва. — Усярэдзiне ў iм — пустата!
Мiкола пачаў падымацца. Кiнуў позiрк унiз, i яму падалося, што там стаяла i пазiрала на яго жанчына ў ружовым халаце…
Аўдоцця, папраўляючы белую ў крапiнкi хустку, уляцела ў двор дзеда Ўладыморыка. Той корпаўся ў агародзе.
— А бяроз ля цябе насаджана, ай колькi! Мусiць, поўны пограб квасу! сакатала маладзiца i дакранулася рукою да ствала дрэва. — Ай, спёка якая, а бяроза халодная як лёд!
— Белы колер бярозы не для прыгажосцi, — пасмiхнуўся дзед. — Бачыла, як вясною беляць дрэвы? Гэта робяць, каб зберагчы дрэва ад сонечных апёкаў… Вось i бярозе Гасподзь даў белы ствол, каб сонечныя промнi не шкодзiлi.
— А дуб як жа тады? — пераступiла з нагi на нагу маладзiца.
— А ў таго кара тоўстая… Малады — гэты велiкан кволы, не любiць марозу, ветру, сонца, таму прарасцi i жыць першыя два-тры гады ён можа толькi пад апекаю iншых дрэў i кустоў. Ты, напэўна, бачыла на лясных палянках адзiнокiя магутныя дубы? I пыталася ў сябе: чаму яны не загiнулi i растуць тут, калi больш дрэваў наўкола няма! Адказ просты: тут некалi былi дрэвы i кусты, якiя дапамаглi дубу вырасцi. А iх гадаванец перажыў сваiх апекуноў!
Аўдоцця заўважыла, што з гаража выйшаў Вайдаш Дуброўскi, i загаварыла мацней:
— Ай, а мая ж Галечка збiралася замуж за Анатоля, дык гэтая ж Маруся, што ў твайго Вайдаша ў маёнтку працуе, адбiла яго!
Дуброўскi зiрнуў на жанчыну. Яна перахапiла позiрк i дадала:
— Дрэнных кадраў сабе падбiраеце, Вайдаш! Учора Маруся ў лесе з Анатолем стаяла! Як дождж iшоў.
Той уздыхнуў i адвярнуўся ад яе.
— А мая ж Галечка плача i плача! — не сунiмалася Аўдоцця.
Дзед Уладыморык махнуў на яе рукою, падняў вядро i пайшоў у хлеў.
Аўдоцця крыху пастаяла i падалася да другога двара. Тут жыў Рыгор. Мужчына гарадскi, купiў нядаўна ў Вiшаньцы хату. Дзецi ў яго дарослыя, пажанiлiся ўжо. Пакiнуў жонцы кватэру, а сам прыехаў сюды.
Рыгор стаяў на ганку ў джынсах, без майкi.
— Ты, як манах, жывеш! — крыкнула яму праз плот Аўдоцця. — Бабу сабе не хочаш?
— У сваты прыйшла? — засмяяўся Рыгор.
— Бессаромнiк, накiнь што на плечы! — махнула на яго рукою Аўдоцця. Навошта ты мне патрэбны?! Памрэш, дык прыедуць твае дзецi ды хату тваю на чатыры часткi падзеляць, а мне пятая застанецца — бяры бярвеннi ды цягнi пятую частку! Ведаю я законы, дарагi! На цябе iшач, а тады ўсё дзецям застанецца!
— А я на жонку хату перапiшу! — адказаў Рыгор. — Пойдзеш тады?
— На халеру ты мне! — плюнула Аўдоцця. — Галю маю лепш бяры, маладую!
— Прыводзь! — засмяяўся зноў Рыгор i прысеў на ганак.
— А я ж чула, што ў цябе палюбоўнiца ў горадзе была, якую ты замуж не ўзяў! — вышчарылася Аўдоцця. — Колькi з жонкаю жыў, столькi табе i помсцiла! А вось, глядзi, i сюды дабярэцца!
— Тфу на цябе! — плюнуў Рыгор. — Не накаркай!
Аўдоцця скрывiлася i пайшла да сваёй хаты.
Аленка доўга чакала на прыпынку аўтобус. Павiнна была прыехаць мацi. Нарэшце падкацiла легкавая машина, i адтуль, незадаволена буркаючы, вылезла Соф'я ў кароткай спаднiцы i маладзёжнай майцы.
— Ты ўжо зусiм з глузду з'ехала! — не стрымалася Аленка. — Бабы ў вёсцы засмяюць!
— Пляваць мне на тваiх баб! — кiнула ёй у рукi сваю дарожную сумку Соф'я. — Я дзеля шчасця свайго прыехала!
Яна паправiла прычоску:
— Бабка твая памерла.
— Што, бабка? Ты хiба з Жыровiч? Чаму ж тэлеграму не дала на пахаванне прыехаць?
— Надта шмат пытанняў задаеш! — пайшла паперадзе Соф'я, горда трымаючы галаву. — У гэтай вёсцы Рыгор мой жыве! Цяпер, калi ён разышоўся з жонкаю, калi старая памерла, цяпер вы, гады, мне не перашкодзiце выйсцi замуж за Рыгора! Дзякуй богу, што бацьку твайму ногi адняло! Я ж казала — калека!
— Ты называла яго ўвесь час так, i твае словы збылiся! Ты прыцягваеш адмоўную энергiю на людзей!
— Я — прарочыца! — засмяялася Соф'я. — Казала на цябе — прастытутка? Вось прастытуткай i стала, валяешся ў нагах у гэтага хама, Мiколы! — Соф'я плюнула сабе пад ногi. — Цяпер нiхто не перашкодзiць майму шчасцю!
— Я так i ведала, што бабка памрэ! — усхлiпнула Аленка. — Наш сабака цэлую ноч выў. Потым каровы снiлiся — цэлы статак. А адна адбiлася i прэцца да бабiных варот, а я не пускаю…
— Я варажыла, — усмiхалася Соф'я, — хадзiла да цыганкi, i яна сказала, што i калека хутка памрэ… I разводу не трэба! Рыгор будзе мой…
— Дзе пахавалi бабку? — спытала са слязьмi на вачах Аленка.
— Дзе жыве Рыгор, сучка? — закрычала Соф'я. — Ты мне зубы не загаворвай!
— Атрутнае ў цябе каханне, — прашаптала Аленка. — Ад д'ябла яно!
— А што ад Бога твайго? Што? — ускiпела Соф'я. — Што мне даў твой Бог? Колькi я нi прасiла, нi малiла яго, каб у мяне здарыўся выкiдыш! Табою, сучка, зацяжарала, як Рыгор быў у войску! А ты, сучка, моцна трымалася ў жываце! Колькi я камення пацягала! Колькi праклёнаў табе пасылала, а ты ўсё роўна, назло мне i майму шчасцю з Рыгорам, нарадзiлася! Кажы зараз жа, дзе ён жыве?
Аленка моўчкi паказала на невялiчкую хатку сярод прыземiстага саду. Соф'я, кiнуўшы дачку ў слязах, пабегла ў двор да Рыгора.
— I як жа ж ты той шакалад робiш? Усiх дзяцей перакормiш! — дзiвiлася баба Саша, назiраючы, як Маруся памешвае на агнi малако з цукрам.
— Колькi ты лыжак малака лiла? — убегла ў хату Гайва. — У мяне нiчога не выходзiць — вада адна, i ўсё…
— Трэба ж пароўну ўсяго, — усмiхнулася Маруся, — калi дзве лыжкi малака, то i дзве лыжкi цукру… Глядзi, размешваем… Трэба, каб пяць хвiлiн толькi пакiпела, не болей… Здымаем!
Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.
— Чым займаецца твой брат? — як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. — А дзед што робiць?
— Дзед тэлевiзар глядзiць, — Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.
— Яшчэ адну лыжку кладзi, — параiла Маруся. — А брат што робiць?
— Таксама глядзiць! — Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. — Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.
Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.