…Вайдаш адчынiў дзверы ў кватэру, прапусцiў Марусю ў пакой. Яна прайшла ў ванную, прыняла лёгкi душ. За акном займаўся бэзавы вечар. Маруся завязала пояс на аксамiтным халаце, якi ёй падарыў учора Вайдаш пасля паездкi ў Лiепаю. Валасы хвалямi ўпалi на плечы. Вайдаш запалiў камiн, а сам пайшоў рыхтаваць каву. Маруся села ў мяккае крэсла, засяроджана глядзела на агонь. Шыкоўны гасцiнны гарнiтур з распiсным шклом займаў дзве сцяны, у куце, над кнiжнай палiцаю гарнiтура, прымасцiлася шырокая тахта з махнатым пакрывалам "пад мядзведзя". Побач — тумбачка з начнiком ружовага колеру. Маруся глядзела на ўсё гэтае ўбранства i развiтвалася з iм, развiтвалася i з Нiцай у жнiвеньскiх кветках…
— Аб чым ты засмуцiлася? — пацалаваў яе цiха Вайдаш i падаў каву. Сам сеў у другое крэсла, насупраць. Недзе ля акна звонка звiнеў камар. Маруся адчувала затоены стук уласнага сэрца. Вайдаш замiлавана глядзеў на яе, тоячы на вуснах усмешку.
— Я ведаю, — прашаптаў ён, — ты сумуеш, што заўтра трэба ехаць адсюль… Табе спадабалася Нiца…
— Я закахана ў яе, — усмiхнулася Маруся. — А ў Вiшаньцы — проза. Хаця… яна задумлiва дакранулася рукою да сваiх валасоў, адгарнула iх, — хаця ў Вiшаньку мне ўжо i не трэба ехаць, бо работа там скончана. Цяпер фронт работ там — забеспячэнцам i заўгасаўскiм работнiкам. Медыцынскае абсталяванне, мэбля, ложкi, падушкi, капы, фiранкi, цацкi, спартовыя пляцоўкi… — Маруся засмяялася. — Ды там жа работы — непачаты край… Можна мне там назаўсёды застацца! Я ў дзяцiнстве марыла быць экскурсаводам, вось i буду дзяцей на экскурсii вазiць, у Менск, у Мiрскi замак Радзiвiлаў…
— А кiм ты марыла быць у юнацтве? — пацiкавiўся Вайдаш.
— Iнжынерам-архiтэктарам, — адказала Маруся. — Мая мара збылася. Я працавала ў самым лепшым праектным iнстытуце, у самым лепшым калектыве… Шкада, што ўсё так хутка разбурылася…
Яна адпiла крышачку кавы i паставiла кубак на столiк.
— Так, — задумлiва прамовiў Вайдаш. — Добрыя старыя часы… Я памятаю, як ты прыйшла першы дзень да нас на працу. У цябе быў такi дзелавы выгляд, тон размовы i такая строгая, класiчнага крою сукенка — чырвоная, з белым каўнерыкам i чорным бантам…
— Я абавязкова выберуся… Я не буду рабочай… Я знайду сябе, — з пакутай, але цвёрда i строга вымавiла Маруся, — я зноў стану на сваё месца. Гэта проста час падзення, а будзе яшчэ i час узлёту. У бюро я стаю на чарзе, на сваю спецыяльнасць. Але я не з тых, хто чакае — буду шукаць сама.
— Пакуль — адпачывай, — лагодна прамовiў Дуброўскi. — Я дару табе Нiцу, гэту кватэру… Можаш запрасiць сюды Аю з Мартыньшам, патэлефануеш iм. Заўтра мы нiкуды не паедзем. Мне трэба па справах у Лiепаю. Буду там тыдзень. А ты заставайся тут гаспадыняй. Усё — тваё i для цябе…
Ён падняўся з крэсла i абняў яе. Валасы ягоныя пахлi травою i кветкамi Нiцы. "Дзякуй табе, — хацела яна сказаць яму, — што быў ты аднойчы ў маiм жыццi…"
… Ён цалаваў яе валасы, вусны, бровы, шаптаў ласкавыя словы. Смугла-сiнi змрок ахутаў адзiнае акно ў гэтым пакоi, пранiк у яго, апусцiўся на мяккiя крэслы i камiн, стаў напяваць асалоду i сон, пранiкнёнасць i даверлiвасць у душы… Маруся патанула ў мяккiх беласнежных прастынках, як у аблоках. Яе валасы рассыпалiся па падушцы i плячы Вайдаша…
— Раскажы, якi ты быў у дзяцiнстве? — прашаптала яна. — Каго з бацькоў i родзiчаў больш любiў?
— Бабулю, як i ты… — адказаў Вайдаш. — Я быў адзiнокiм. Многiя мяне не разумелi, акрамя бабулi. Яна сама дзетдомаўская. Памятала адзiн эпiзод са свайго маленства: яна стаiць у вялiкiм садзе, апранутая ў прыгожую белую сукенку, а побач — вялiкая чарапаха. I ўсё. Далей — дзiцячы дом. А потым аказалася, што прадзеду майму належаў маёнтак у Вiшаньцы. Прадзед мой жыў у Гданьску. Гэта ён згубiў дачку падчас рэвалюцыi, тую, што стаяла ў садзе, а побач — чарапаха… Зараз ён памёр. Маёнтак i зямлю завяшчаў дачцэ, маёй бабульцы, але i яна ўжо на тым свеце. Значыць — майму бацьку. I бацька памёр ужо… Вось так я стаў князем… Аказваецца, гэта вельмi складаная i цяжкая ноша… Я не хачу быць проста багатым, хачу прыносiць дабро людзям, але не заўсёды атрымлiваецца так, як я хачу, i не заўсёды мяне разумеюць. Як тут не ўспомнiць Якуба Наркевiча-Ёдку… "Няма прарока ў сваёй Айчыне"… Мне шкада, што вымiрае нацыя, я хачу выратаваць гэтых дзяцей, але столькi перашкод… Дай Бог мне сiлы вынесцi ўсё!..
Маруся прытулiлася вуснамi да ягонага пляча.
— Чым я магу дапамагчы табе? — запытала.
— Тым, што ты ёсць са мною, — пяшчотна прытулiў ён яе да сябе.
Мiкола ўжо тыдзень, як жыў на Батанiчнай, у iнтэрнаце трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення. Кантынгент тут быў, канешне, не той, што ў iнстытуце культуры, хлопцы п'юць, дзяўчат водзяць, але мiрыцца можна. Мiкола па-ранейшаму ў вольную хвiлiну складваў вершы. Марыў стаць бардам, знакамiтасцю. Вось i сёння, прыйшоўшы з лекцый па вадзiцельскай справе, засеў за блакнот. Гайва, дзяўчына ягонай мары, з далёкай Нiцы… Дзе ты, Гайва, што робiш зараз? Памятаеш мяне? Хутка я стану бардам i праслаўлю сваё i тваё iмя, як Петрарка Лауру…
Ягоныя думкi разагнаў стук у дзверы. Нехаця пайшоў адкрываць.
— Якiя людзi — i без аховы! — ухмыльнуўся Мiкола, убачыўшы Наташу ў сукенцы для цяжарных.
— Я цябе, гада, сюды ўладкавала, а ты носа не кажаш! Хаваешся ад мяне! наляцела на яго Наташа.
Зайшла ў пакой, уселася на ложку, выцягнула ногi ў прыгожых белых басаножках. На вуснах з'явiлася пагардлiвая ўсмешка.
— Ну што, каханенькi-родненькi? Збiраешся жанiцца на мне сам альбо на алiменты падаваць, як раджу? — запытала. — Сумесную гаспадарку вялi? Вялi: ты мне бялiзну дапамагаў мыць, на вахце бачылi, як нёс выварку на кухню! Вахцёры пацвердзяць! Сяброўкi пацвердзяць дый прадавец крамы, што ты сам мне каляску купляў! Ага, задумаўся?
— Слухай, кацiся ты, га? — насупiўся Мiкола. — Па-добраму прашу!
Наташа весела засмяялася:
— Не, ужо трапiлася мышка кошцы ў лапу, не адпусцiць!
— Пантэра ты, а не кошка! — агрызнуўся Мiкола.
— Паляванне на льва скончана! — Наташа паднялася i дала Мiколу ў лоб пстрычку. — Збiрайся ў загс!
— Дык я ўжо жанаты! — схлусiў той. — Пакуль ты народзiш…
— Паспееш з Аленкай распiсацца? — здагадалася Наташа. — Ага, бяжы хутчэй да гэтай дурнiцы, яна цябе з рукамi-нагамi адарве!
I, зарагатаўшы, пайшла з пакойчыка.
…Аленка мыла бацькаву бялiзну, калi з'явiўся Мiкола, узбуджаны, патлаты, як перапуджаны верабей.
— Аленачка! — упаў перад ёю на каленi. — Прабач, я ўсё зразумеў — ты адзiная, хто па-сапраўднаму мяне кахае! Я праслаўлю цябе ў сваiх вершах! Я стану бардам i буду спяваць пра наша з табою каханне. Няхай усе зайздросцяць нам, якая ў нас дружная сям'я! Аленачка, мы будзем з табою падарожнiчаць, на экскурсii ездзiць, мы будзем жыць дружна i цiкава, я буду багатварыць цябе!
Аленка стаяла здзiўленая, з мокрымi, у мыльнай пене рукамi i не ведала, што адказаць хлопцу. Той, перадыхнуўшы, выпалiў:
— Будзь маёй жонкай, Аленка! Збiрайся ў загс!
…Пакуль Аленка апраналася, Мiкола размаўляў з яе бацькам. Худы, асунуты, небарака сядзеў у iнвалiднай калясцы.
— Татачка, сыграй Мiколу на гармонiку! — папрасiла Аленка i падала яму гармонiк. — Мы ў загс пойдзем! — паведамiла з зiхоткiмi ад радасцi вачыма.
I бацька паслухаўся, зайграў "Амурскiя хвалi". Мiкола ўважлiва слухаў i ўсмiхаўся.
— А мая Аленачка ў Цэнтральнай бiблiятэцы працуе, — усмiхнуўся бацька. Там яе вельмi паважаюць. А гаспадыня якая, усё сама: пячэ, варыць, шые… Не пашкадуеш, братка…
— Дзякую, — пацалаваў Мiкола яго ў шчаку, i яны з Аленкай заспяшалiся ў загс.
…Мiкола радасна падзякаваў работнiцам загса, што прынялi iх заяву, i весела прапанаваў Аленцы:
— А цяпер, каб адзначыць гэты дзень, паедзем на экскурсiю! На якi аўтобус паспеем ад экскурсбюро, на той i сядзем, пабеглi!