— Яны ў мяне тут! — ускочыла з-за стала Аленка, хуценька выцягнула з кiшэнi лiсты. — Пачытаць?
— Давай я! — забраў лiсты Мiкола i пачаў чытаць.
…Жыла Дарына з каханым на беразе Чорнага мора. Але словы яго чароўныя больш не вабiлi яе, i тварам яго прыгожым перастала любавацца яна. Блукалi яны з месца на месца, часта сварылiся, бо муж яе не мог знайсцi сабе справы i нiчога не ўмеў рабiць. Уцякла яна ад яго i трапiла да старой вядзьмаркi. Стала жыць у яе ды вядзьмарству вучыцца. I не было ў яе сiлы i грошай вярнуцца да роднай зямлi. Сумавала Дарына па Бацькаўшчыне, як сон, успамiнала сваё дзяцiнства.
I пачула яна аднойчы, што ў мясцiны гэтыя прыехаў князь Вiтаўт са сваёю дружынай. Пабегла яна, каб паглядзець на яго. Дазналася, што ў князя не зажывае рана ад даўняй бiтвы, i папрасiла, каб дазволiлi ёй вылечыць яго. Згадзiўся князь, дапусцiў да сябе маладую вядзьмарку. Лячыла яна яго. Але падалося яму, быццам бачыў ён недзе дзяўчыну.
— Чаму твар свой хаваеш? — вочы ў Вiтаўта пры святле свечкi цёмна-сiнiя, аксамiтныя i глыбокiя, i здаецца Дарыне, у iх такое цяпло i ўтульнасць… — Як завуць цябе? — пытае ўсё ён.
Павекi ў Дарыны заплюшчаныя, яшчэ болей захiнулася яна ў сваю чорную хустку i схiлiла галаву. Не можа назваць iмя свайго.
— Цяпер лепей сябе адчуваю, — кажа князь. — Што хочаш за лекi свае?
Вочы ў дзяўчыны загараюцца, падае долу чорная хустка.
— Дадому! Да зямлi сваёй любай! — шэпча дзяўчына, да грудзей прыцiснуўшы рукi.
Князь узнiмаецца.
— Ты — Дарына?
I твар свой у слязах хавае яна…
— Ай, не наганяйце самоту! — пацягнулася за сталом Наташа. — Давайце лепш вып'ем! Сёння свята… Дарэчы, Аленачка, я працую на пятым маршруце трамвая, прыходзь, калi я ў першую змену, гэта на тым тыднi. Пакатаю! А потым у госцi пойдзем! Я пачастую цябе фаршыраванымi катлетамi на выбар: з грыбамi, з цыбуляй смажанай цi морквай. А яшчэ я смачна раблю рыбу фаршыраваную…
— Ды што ты, як трашчотка! — перабiў яе Мiкола. — Заўжды ў цябе ўсё фаршыраванае: то бульба мясам, то рыба… Вось толькi галава пустая!
— Нiчога! — усмiхнулася Наташа. — Я тваю пiлюлю праглынула, зараз перавару… Смейся, смейся, пакуль весела! Ты ад мяне хутка такi контрудар атрымаеш — заплачаш!
Наташа хiхiкнула i ўзялася з асалодаю есцi цёплыя катлеты з укропам зверху. Мiкола ўключыў магнiтафон i запрасiў Аленку на танец.
Увесь час шаптаў дзяўчыне салодкiя, сакавiтыя, як вiшня, словы кахання. Наташа танцавала адна. Павольна, прыгожа кружылася па пакойчыку ў шчыльна абцягнутых джынсах, у самавязаным узорыстым швэдры.
— Табе час iсцi! — заўважыў ёй Мiкола. — Зараз прыйдзе вахцёр з тваiмi дакументамi!
— Ой, не плач! — працягнула Наташа i прысела на крэсла, узяла ў руку шклянку з недапiтым вiном i павольна пацягнула праз саломiнку.
— У мяне застанецца Аленка! — настойлiва сказаў Мiкола.
— Я не супраць! — усмiхнулася Наташа, сцягваючы праз галаву швэдар.
Яна засталася ў прыгожым танюткiм лiфчыку. Затым павольна зняла джынсы i бухнулася ў ложак.
— Давайце яшчэ вып'ем! — засмяялася Наташа, гледзячы на збянтэжаных Аленку i Мiколу. — На развiтанне, з Аленкай… Зараз Мiкола правядзе цябе дахаты… А потым вернецца да мяне!
— Запомнi! — крыкнуў ёй Мiкола, падышоўшы да ложка. — Я не люблю агрэсiўных, плаксiвых i назойлiвых жанчын!
— З якой кнiгi гэты выраз? — насмешлiва мовiла Наташа. — Мусiць, Дэйла Карнегi цяпер чытаеш? Фiлосаф! Напэўна, ужо дзесяць сшыткаў спiсаў на афарызмы? Iнтэлектуал! Я не агрэсiўная — проста заўсёды гавару праўду! Не плаксiвая — мне твой замуж патрэбен як сабаку пятая нага! У нас дзяўчаты, мацi-адзiночкi, кватэры льготныя атрымлiваюць! Ды я лепш буду мацi-адзiночкай, чым за такога, як ты, пайду! Навошта мне за табою ў вёску ехаць? Я не назойлiвая, я — ветлiвая, павiншаваць цябе прыйшла! I пажартавала я цяпер, скрывiла вусны Наташа ў пагардлiвай усмешцы, — хацела пабачыць, як ты са сваiмi бабамi разбiраешся, калi ўсе разам прыходзяць!
Наташа ўскочыла з ложка, спрытна апранулася i, паслаўшы Мiколу паветраны пацалунак, выйшла з пакойчыка.
— Нарэшце! — з лёгкасцю ўздыхнуў хлопец i прытулiўся вуснамi да Аленчынага пляча. — Я кахаю цябе, — прашаптаў ён дзяўчыне. — Заставайся сёння ў мяне, да ранку… А заўтра, на золку, разам скiруем да возера, на ранiшнi бег…
Пасля саўны Iрэна прыняла масаж. З даўняга часу знаёмая ёй Светачка пляснула ў далонi, калi Iрэна скiнула прасцiну i лягла на масажную кушэтку.
— Як вы пахудзелi! Парайце дыету!
— Дэпрэсiя… — адказала Iрэна. — Лепей быць мажной, але шчаслiвай…
Цела Iрэны разамлела, сагрэлася, i здалося ёй, што стала яна лёгкай-лёгкай i ўзнялася над зямлёю… Як даўно не была Iрэна ў салоне «Грацыя»! Гэта яе самае любiмае месца, выходзiш адсюль зусiм iншым чалавекам — новым, памаладзелым, шчаслiвым… Як спяшалася яна адсюль раней да Янкi — акрыленая, вясёлая! Ён багатварыў яе цела, цалаваў яго. Iрэна адчувала спiною халадок зялёнай травы i пах кветак, пяшчотныя вусны Янкi… Цёплы рачны пясок сыпаўся ёй на жывот… Пырскi халоднай вады лагодзiлi твар…
— Якiм колерам будзеце фарбаваць пазногцi на нагах?
Абудзiлася ад думак Iрэна ўжо ў педыкюрным пакойчыку.
Чаму думкi пра Янку не пакiдаюць яе? Праз сцяну — касметычны кабiнет. Яна абавязкова зробiць там маску, масаж твару, i ёй накладуць макiяж «Лебедзь» ён так пасуе да яе вачэй.
— Я параю вам макiяж "Раманс"! — усмiхнулася касметычка. — Вы ж сказалi, што iдзяце на вечар…
— У фiлармонiю, — паправiла Iрэна. "Адна iду…" — падумала з сумам.
…З люстэрка пазiрае прыгожая дзяўчына — пшанiчнага колеру валасы ўкладзены ў складаную прычоску. "Застаўся апошнi штрых, — усмiхаецца свайму адлюстраванню Iрэна, — манiкюр!"
— Ну вось, цяпер я пачну новае жыццё! — з палёгкай уздыхнула Iрэна, выйшаўшы з салона.
…Яна адчула, што адзiнота можа быць пяшчотнай i спакойнай. На душы ўтульнасць i асалода. Менавiта ў такiя часы цiхага роздуму i спакою наведвае нас Дух Святы — мы ачышчаемся душою сярод цiшынi, сярод прыгажосцi аксамiтна-зялёных дрэваў, ласкавай травы i шчырых кветак, удумлiва-спакойнага неба i цiхай малiтвы. Iрэна ведала, што дома яна абавязкова адключыць тэлефон, перастане чытаць газеты i часопiсы на нейкi час, не будзе глядзець тэлевiзар. Цiшыня i спакой — цудатворныя лекi!
Iрэна зайшла па дарозе ў Дом фота, заказала ў бары каву, нетаропка пiла, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прыгожыя, танюткiя пальчыкi трымаюць кубак з кавай. Вусны, цалуючы, кранаюць яго край, у роце — гарачыня i гаркаваты, як ад бразiльскiх цыгарэт, прысмак… Насупраць яе сядзiць элегантна апрануты мужчына гадоў за трыццаць. Густыя чарнявыя валасы з нiтачкамi срэбра, зачасаныя ўгору. Класiчнага крою пiнжак, прыгожы iмпартны гальштук i белы шарфiк, цёмнае палiто расшпiлена… Iрэне хочацца, каб ён звярнуў на яе ўвагу, але той заняты размовай са сваiм субяседнiкам — сур'ёзным пажылым чалавекам.
— Рэстаўраваць стары маёнтак, я лiчу, будзе больш выгадна, чым будаваць новы аздараўленчы цэнтр, — гаворыць той, хто спадабаўся Iрэне.
— Месца выбрана добрае, спадар Дуброўскi, — адказвае пажылы, — Вiшанька цудоўная вёска: лес, рэчка побач… А людзi! Добрыя, старыя мясцiны… Цяпер такiх вёсак амаль не засталося, усюды прыезджыя людзi, карэнных жыхароў амаль няма, а гэта, можна сказаць, старажытная вёска, такая, якую я ведаў у дзяцiнстве… Ласкавая палеская вёсачка!.. Параскiдаў Чарнобыль людзей па чужых мясцiнах…
Мужчына ўздыхнуў.
— Нiчога, вернуцца яшчэ, — супакоiў яго Дуброўскi. — Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi…
Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. "Гэты чалавек не для мяне, — падумала Iрэна, — я не дарасла да яго… А як бы хацелася мець такога!.."
Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..