Выбрать главу

Трэба памятаць, што міфалогія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй не мае, як прыклад можа служыць лацінская міфалогія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашае міфалогіі належыць да тэасофіі, а што з'яўляецца толькі сімвалам пройдзенай народам гісторыі.

Ёсць апавяданне аб Сатурне, што за яго панаванне быў на зямлі залаты век. Сатурн — бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўняе і безгранічнае панаванне. І дармо некаторыя хочуць бачыць у гэтым песімізм класічных народаў, якія, кладучы спярша век залаты, пасля сярэбраны, мядзяны, урэшце — зялезны, хацелі быццам зазначыць, што — чым далей, тым горш на свеце. Не, гэту гісторыю трэба паставіць у зусім другую плашчыню.

Сатурн пачаў есці сваіх дзяцей.

Гэту басню выдумала ўжо каста святароў, спіскуючы[4] супраць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі святарамі пазнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сямей, «абдарыў старшых братоў правам боскім і людскім» — jus pater (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызываючы з правоў малодшую, ратарскую браццю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі).

Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых — Венеру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў: «Quos ego!..»[5] Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён… На Вулкана няма спосабаў — quem ego!..[6] За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».

У трудным палажэнні Юпітэру аж галава трашчыць. Як пагадзіць нязгоду ў народзе, пры ўсёўзрастаючых дамаганнях чэрні, пры заўзятай упорчывасці патрыцыянскіх багоў?

— Вулкан і Меркуры не даюць мне спакою ад таго часу, калі Марса з Венерай удалося прылавіць у сетку.

— Чатырох нас, — кажа Меркурый, — стань, Найвышэйшы, па нашай старане, і народная справа будзе выйграна.

— Найвышэйшай рады багоў не перагаласуем, шэсць галасоў супраць пяці, — адказаў Юпітэр. — Што рабіць? Галава трашчыць, што рабіць! Тут мяне рве, ствару Мінерву. Вулкан, валі молатам у галаву во тут, тут!

Вулкан выпаўняе загад. А калі, спужаныя відовішчам бацькаўбійства, багі збягаюцца, бачаць нованароджаную багіню, узброеную ад ног да галавы, выходзячую з патыліцы Юпітэра. Вось і багіня мудрасці — Мінерва.

— Плебейцы дапамінаюцца правоў, — кажа Меркурый.

Сталі галасаваць. Шэсць супраць шасці!

— Мне належыцца падвойны голас! — крыкнуў Юпітэр.

І справа народа была выйграна.

— Дык занясі ім зямельнае права! — крыкнуў Юпітэр. — Сам пагавару я з Юнонай і думаю, што яна дазволіць такжа права вольнай жаніцьбы.

Меркурый, які спаўняў абавязкі паштара, панёс весць на зямлю. І плебейцы атрымалі правы людскія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасцерагання правоў бажкамі, залётнасцю Венеры і праз папусціцельства Юпітэра, — тлумачылі святары.

Меркурый, бог купецтва і прамысловасці, носіць світу нараспашку, служыць усім, хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца злодзеямі і ашуканцамі. Пад яго апекай вырастае новая арыстакратыя — грашовая. У рады яе ўходзяць усе, кім апякуецца Меркурый. І на правы для гэтага стану багі, ад імені сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.

Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром.

Гэты ж час ужо недалёк!

V

У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціш, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. Спярша гэты спеў быў такі ціхі, што зліваўся з тутненнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, натужаючы свой слых, услухаўся, ён усё рос і ўрэшце набіраў штораз больш выразістасці. Калі спеў гэтых многіх галасоў стаў набліжацца, я пытаюча глянуў на Івана Іванавіча.

вернуться

4

Спіскуючы (пол. spiskowac) — складаючы замову.

вернуться

5

Quos ego!.. (лац.) — Я вас!..

вернуться

6

Quem ego!.. (лац.) — Я цябе!..